ZX Spectrum

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
арыгінальны ZX Spectrum 48K

ZX Spectrum — 8-разрадны хатні камп'ютар, створаны англійскай кампаніяй Sinclair Research на аснове мікрапрацэсара Z80 фірмы «Zilog». У працэсе распрацоўкі камп'ютар называўся «ZX81 Colour» і «ZX82»[1], назва «ZX Spectrum» мусіла падкрэсліць адно з галоўных адрозненняў ад яго папярэдніка ZX81 — каляровую выяву. Прыхільнікі гэтага камп'ютара часта называюць яго «Спэкі» (англ.: Speccy).

На пачатку 1980-х «ZX Spectrum» быў адным з найпапулярнейшых камп'ютараў у Еўропе (яго шматлікія клоны на пачатку 1990-х займелі шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі былога СССР/СНД). Дзякуючы невысокаму кошту за першыя 17 месяцаў было прададзена больш за мільён гэтых машын. Нізкі кошт быў абумоўлены шэрагам фактараў: выкарыстаннем тэхналогіі ULA (Uncommitted Logic Array), з дапамогай якой большая частка схемы змяшчалася ў адным чыпе; нізкімі тэхнічнымі і карыстальніцкімі характарыстыкамі ў параўнанні з больш дарагімі камп'ютарамі; выкарыстаннем бытавога тэлевізара ў якасці манітора і касетнага магнітафона ў якасці знешняга накапляльніка[2].

У 1980-х асноўным канкурэнтам ZX Spectrum на еўрапейскім рынку быў Commodore 64. Іншымі значнымі супернікамі былі 8-бітныя Atari, BBC Micro, Amstrad CPC і ў некаторых краінах MSX.

Тэхнічныя характарыстыкі[правіць | правіць зыходнік]

«Sinclair ZX Spectrum» быў прэзентаваны ў красавіку 1982 у двух варыянтах — з 16 і 48 КБ аператыўнай памяці[3].

Плата ZX Spectrum 48

«ZX Spectrum 48» меў 16 КБ ПЗП, куды быў прашыты дыялект мовы праграмавання BASIC, гэтак званы Sinclair BASIC[4]. Гэтая ж праграма ПЗП забяспечвала базавы ўвод-вывад і карыстальніцкі інтэрфейс. Сістэмнымі працэдурамі (напрыклад, друкам на экран) можна было скарыстацца з машыннага коду, выклікаўшы іх па абсалютных адрэсах[5]. Архітэктары камп'ютара прынялі палітыку не змяняць праграму ПЗП, нягледзячы на наяўнасць у ёй памылак[6][7]. Размяшчэнне такой «аперацыйнай сістэмы» і мовы праграмавання ў пастаяннай памяці забяспечвала перазагрузку камп'ютара за некалькі секунд, уключна з тэставаннем ПАД і, што істотна, змяншала памер праграм (праграміст мог выкарыстоўваць «стандартныя» працэдуры ПЗП, не выдаткоўваючы даступную аператыўную памяць і не губляючы пры гэтым сумяшчальнасць)[8].

Першая мадэль «ZX Spectrum» мела недарагую ў вырабе клавіятуру, якая складалася з 40 гумовых клавіш[3]. Яе характэрнай адметнасцю была шматфункцыянальнасць: алфавітна-лічбавыя клавішы мелі да сямі значэнняў у розных рэжымах. Пры гэтым рэжым уводу адлюстроўваўся з дапамогай курсору. Такімі рэжымамі былі: L — для ўводу малых літар, C — для ўводу вялікіх; K — для ўводу асноўных ключавых словаў BASIC, E — для ўводу дадатковых ключавых слоў і аператараў; G — для ўводу псеўдаграфічных, кіруючых сімвалаў і сімвалаў, вызначаных карыстальнікам. Рэжым пераключаўся як аўтаматычна, так і з дапамогай кіраўнічых клавіш Caps Shift і Symbol Shift. Напрыклад, у пачатку набору BASIC чакае нумар радка або каманду, таму курсар знаходзіцца ў рэжыме K. Аднаразовае націсканне клавішы G у гэтым рэжыме спрычыніць аўтаматычны ўвод аператара GO TO. Пасля гэтага курсар пераходзіць у рэжым L і дазваляе набіраць лік, імя пераменнай альбо матэматычны выраз (у тым ліку з дапамогай рэжыму Е)[9]. Пазнейшыя мадэлі (пачынаючы ад ZX Spectrum 128) дазвалялі ў якасці альтэрнатывы набіраць каманды мовы па літарам[10].

Здымак экрану, які паказвае ўсе 15 магчымых колераў: 8 розных колераў з двума ўзроўнямі яркасці, чорны колер аднолькавы пры абодвух узроўнях.

Не менш характэрным быў адзіны графічны рэжым камп'ютара пры адсутнасці тэкставага. Колеры (8 колераў і два ўзроўні яркасці плюс атрыбут мігцення) і ўласна графіка захоўваліся ў розных месцах памяці[11]. Пры гэтым, хоць графічнае разрозненне складала 256×192 пунктаў, колерныя атрыбуты задаваліся па знакамесцах. Кожнае знакамесца памерам 8×8 піксельяў магло мець толькі два прыпісаныя яму колеры (гэтак званыя колеры «чарнілаў» (ink) і «паперы» (paper) у Sinclair BASIC) і па адным атрыбуце яркасці і мігцення[12]. Такім чынам, вобласць 8×8 пікселяў кадавалася 9 байтамі ПАД (8 байтаў — пабітавы малюнак, 1 байт — атрыбуты колеру: 3 біты — колер знаку, 3 біты — колер фону, 1 біт яркасці і 1 біт мігцення знакамесца). Такая арганізацыя выклікала пэўныя праблемы пры стварэнні камп'ютарнае графікі[13]. З іншага боку, малы аб'ём экраннай памяці (каля 7 КБ) дазваляў хутчэй перамалёўваць экран і павялічыць доля ПАД для выкарыстання «ўласна праграмай»[13], што было істотным для камп'ютарных гульняў. Акрамя таго, асаблівая арганізацыя графічнага рэжыму дазваляла значна аптымізаваць вывад тэксту пры адсутнасці тэкставага рэжыму[14].

Першыя мадэлі ZX Spectrum мелі аднабітны выхад гуку праз убудаваны дынамік[15]. Прайграванне музыкі, асабліва шматгалоснай, патрабавала выкарыстання амаль усяго рэсурсу працэсара, бо гук цалкам генераваўся праграмна[16]. У мадэлі ZX Spectrum 128 была дададзен мікрасхема гукагенератару AY-3-8912, што дазваляла прайграваць трохканальны гук без вялікіх выдаткаў працэсарнага часу[17][18]. Падключэнне гэтай мікрасхемы было магчымым і для мадэляў з аб'ёмам памяці 48 КБ[19][20][21].

Мадэлі[правіць | правіць зыходнік]

ZX Spectrum+ (1984)
ZX Spectrum 128K (1986)

Sinclair Research[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінальныя мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя «Sinclair Research»:

  • ZX Spectrum 16K/48K (1982)
  • ZX Spectrum+ (1984)
  • ZX Spectrum 128 (1986)

Апаратную частку ZX Spectrum 16K/48K распрацаваў Рычард Альтвасер з «Sinclair Research», корпус машыны быў створаны прамысловым дызайнерам Рыкам Дыкінсанам[6]. Праграмнае забеспячэнне для новага камп'ютара распрацаваў Стыў Вікерс па кантракце з кампаніяй «Nine Tiles Ltd», у якой быў створаны «Sinclair BASIC»[4]. Мадэль мела гумовыя клавішы, мініяцюрны корпус і характэрны лагатып у выглядзе каляровага спектру[3]. Камп'ютар быў выпушчаны на рынак у 1982 годзе коштам 125 фунтаў за мадэль з 16 КБ ПАД і 175 фунтаў — за мадэль з 48 КБ; гэтыя кошты пазней былі зніжаны да £99,95 і £129,95 адпаведна[6]. Уласнікі мадэлі з 16 КБ памяці маглі набыць абнаўленне на 32 КБ; для абнаўлення карыстальнікі маглі выслаць свой «Spectrum» у «Sinclair Research» поштай[3][22]. Староннія фірмы таксама прапаноўвалі ПАД-модуль на 32 КБ, які падключаўся ў порт пашырэння[23][24].

З чэрвеня 1984 года распрацоўшчыкі рыхтавалі ZX Spectrum+, які выйшаў у кастрычніку таго ж года[6]. Гэта быў «Spectrum» з 48 КБ ПАД, абноўленым корпусам і клавіятурай; на корпусе з'явілася кнопка скіду[25]. Даволі хутка новая мадэль стала прадавацца ўдвая лепей за папярэднюю[26]; тым не менш, некаторыя прадаўцы паведамлялі пра высокі працэнт паломак[27].

«Sinclair Research» распрацоўвала ZX Spectrum 128 супольна са сваім іспанскім дыстрыб'ютарам «Investrónica»[28]. «Investrónica» дапамогла адаптаваць «ZX Spectrum+» да іспанскага рынку пасля таго, як іспанскі ўрад абклаў асобным падаткам усе камп'ютары з памяццю 64 КБ і меней, якія не падтрымліваюць іспанскую мову[29]. Новая мадель змяшчала 128 КБ ПАД, трохканальны гук праз AY-3-8912, сумяшчальнасць з MIDI, порт RS-232, RGB-вывад на манітор, а таксама 32 КБ ПЧД з палепшаным Бейсік-рэдактарам[17]. Машына была ўпершыню прэзентавана і выпушчана ў продаж у верасні 1985 года ў Іспаніі[28]. У Вялікабрытаніі пачатак продажу быў адкладзены да лютага 1986 з-за вялікай колькасці нераспроданых «Spectrum+»; пачатковы кошт «ZX Spectrum 128» быў вызначаны ў £179,95[6].

Працэсар Z80 мае 16-разрадную шыну адрасу, таму можа адрасаваць наўпрост толькі 64 КБ памяці. Дзеля доступу да дадатковых 80 КБ ПАД выкарыстоўвалася тэхніка пераключэння банкаў памяці, такім чынам аператыўная памяць была дасяжная ў выглядзе васьмі старонак, падключаных у верхнюю частку адраснай прасторы. Падобным чынам выконвалася пераключэнне між новымі 16 КБ ПЗП і арыгінальнымі 16 КБ ПЗП у ніжняй частцы адраснай прасторы[18].

Дзеля выкарыстання новых гукавых магчымасцей у «Sinclair BASIC» з'явілася інструкцыя PLAY, дзеля пераключэння ў рэжым «Spectrum 48K» — SPECTRUM[17]. Новыя інструкцыі занялі месца двух існуючых «сімвалаў, вызначаных карыстальнікам»[30], што выклікала праблемы сумяшчальнасці з некаторымі старымі BASIC-праграмамі.

Amstrad[правіць | правіць зыходнік]

ZX Spectrum +2 (1986)
ZX Spectrum +3 (1987)
ZX Spectrum +2A

Мадэлі «ZX Spectrum», выпушчаныя кампаніяй «Amstrad» пасля перадачы правоў на ўсю лінейку машын:

  • ZX Spectrum +2 (1986)
  • ZX Spectrum +3 (1987)
  • ZX Spectrum +2A / +2B (1987)

У 1986 годзе, неўзабаве пасля набыцця брэнду «Sinclair» і правоў на ўсю лінейку «Spectrum»[31], кампанія «Amstrad» выпусціла ZX Spectrum +2. Машына мела шэры корпус з пружыннай клавіятурай, двума партамі джойстыкаў, а таксама ўбудаваным касетным магнітафонам, названым «Datacorder» (як у «Amstrad CPC 464»), аднак у астатнім машына была цалкам ідэнтычнай «ZX Spectrum 128». Цана вытворчасці была зніжана, у выніку чаго раздробныя цэны знізіліся да £139-£149.

Новая клавіятура не мела надпісаў з ключавымі словамі BASIC, за выняткам LOAD, CODE і RUN, якія былі патрэбныя для запуску праграм. Аднак гэта не з'яўлялася вялікай праблемай, паколькі ў «+2» прысутнічала сістэма меню, падобнага да «ZX Spectrum 128», дзе можна было пераключацца між старым BASIC 48K і BASIC 128K з наборам ключавых слоў палітарна[32].

Не выйшлі на рынак[правіць | правіць зыходнік]

У 1983 годзе Марцін Брэнен распрацоўваў у Sinclair Research гульнявую прыстаўку LC3 (Low Cost Colour Computer), рэалізаваную ўсяго на дзвюх мікрасхемах, з гульнямі на катрыджах. Стыў Бэры распрацоўваў для LC3 шматзадачную аперацыйную сістэму з ваконным графічным інтэрфейсам. Пасля перанакіравання высілкаў на Sinclair QL праект быў спынены ў лістападзе 1983[33].

У сярэдзіне 1980-х Sinclair Research распрацоўвала праект Loki[34] ў якасці нашмат таннейшага (каля £200) канкурэнта камп'ютара Amiga. Планавалася, што Loki будзе працаваць на Z80H з частатой 7 МГц і мець не менш за 128 КБ ПАД. Для гуку і відэа выкарыстоўваліся дзве спецыялізаваныя мікрасхемы. Праект быў зачынены ў 1986 годзе пасля ўгоды з Amstrad.

Вытворныя і клоны[правіць | правіць зыходнік]

Timex Sinclair 2068
SAM Coupé

«Sinclair» ліцэнзавала «Spectrum» амерыканскай кампаніі «Timex». Яе мадэлі, вытворныя ад «Spectrum»:

  • Timex Sinclair 2068 (TS2068) — значна больш складаная машына: даданы порт картрыджа, гукавы чып AY-3-8912, а таксама палепшаная ULA з некалькімі графічнымі рэжымамі. Мадэль прадавалася збольшага ў ЗША, хоць амаль ідэнтычныя версіі распаўсюджваліся ў Партугаліі і Польшчы пад назвамі «Timex Computer 2068» (TC2068) і «Unipolbrit Komputer 2086» (UK2086).
  • Timex Computer 2048 — з палепшанай ULA, якая дазваляла пераключацца ў іншыя графічныя рэжымы; прадавалася толькі ў Партугаліі.
  • Timex Sinclair 2048 — версія TS2068 з 16 КБ ПАД; не выйшла на рынак.

Напрыканцы 1989 у Вялікабрытаніі кампанія «Miles Gordon Technology» (вытворца перыферыі) выпусціла камп'ютар «SAM Coupé» ў якасці патэнцыйнага спадчынніка «Spectrum», сумяшчальнага з ім. Аднак на той час ужо выйшлі на рынак «Commodore Amiga» і «Atari ST».

Дзякуючы таннасці і прастэчы канструкцыі шырокае распаўсюджанне займелі «неафіцыйныя» клоны «Spectrum» на тэрыторыі былога СССР адразу пасля падзення «жалезнай заслоны». Дзясяткі варыянтаў камп'ютара выпускаліся на прадпрыемствах і збіраліся радыёаматарамі. Неліцэнзійныя клоны выпускаліся таксама ў Польшчы, Усходняй Германіі, Румыніі, Чэхаславакіі, Аргенціне, Бразіліі і шэрагу іншых краін.

Цікавосткі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы і заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. specLOGO02 і specModel01 у фотаархіве Рыка Дыкінсана
  2. Vickers, Steven and Bradbeer, Robin. 6. Using the cassette recorder // Sinclair ZX Spectrum: Introduction — Sinclair Research Ltd, 1982. — 21 с.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Owen, Chris ZX Spectrum 16K/48K (англ.) . Planet Sinclair (2009-03-23). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  4. 4,0 4,1 Andrew Owen. Sinclair BASIC History (англ.) . Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  5. Machine Code // Sinclair User. — 1986. — № 47.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Ian Adamson, Richard Kennedy. The Spectrum of Success // Sinclair and the "Sunrise" Technology: The Deconstruction of a Myth — Penguin Books Ltd, 1986. — ISBN 0140087745.
  7. Шэраг памылак прыведзены ў тэксце The Complete Spectrum ROM Disassembly; у апісанні Spectrum +4 ROM паведамляецца пра выпраўленне 14-ці памылак.
  8. Ian Logan, Frank O’Hara. The executive routines // The Complete Spectrum ROM Disassembly — С. 59.
  9. Steven Vickers. A description of the ZX Spectrum for reference // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming — Sinclair Research Ltd, 1982.
  10. Launch of the Spectrum 128 in Spain // Sinclair User. — 1985. — № 44.
  11. Steven Vickers. The memory // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming — Sinclair Research Ltd, 1982.
  12. Steven Vickers. Colours // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming — Sinclair Research Ltd, 1982.
  13. 13,0 13,1 Mike James. An Expert Guide to the Spectrum — Granada Publishing, 1984. — С. 74—76. — ISBN 0-246-12278-1.
  14. Иван Рощин. Секреты текстового вывода (руск.) . zxdn.narod.ru (2009-11-01). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  15. Steven Vickers. BEEP // Sinclair ZX Spectrum BASIC Programming — Sinclair Research Ltd, 1982.
  16. Евдокимов А., Капульцевич А., Капульцевич И. Глава 10 // Как написать игру на ассемблере для ZX Spectrum — 1995.
  17. 17,0 17,1 17,2 Hands on the 128 // Sinclair User. — 1986. — № 47.
  18. 18,0 18,1 Inside the 128 // Sinclair User. — 1986. — № 49.
  19. Ю. Дудник. ZX Spectrum 128K — что это такое? // Радиолюбитель. — Мінск: Белорусский Дом печати, 1991. — № 11. — С. 8—9.
  20. Ю. Дудник. ZX Spectrum 128K — что это такое? Ответы на вопросы // Радиолюбитель. — Мінск: Белорусский Дом печати, 1992. — № 5. — С. 8.
  21. Г. Шепелев. Особенности подключения AY-3-8910 к «Спектруму» // Радиолюбитель. — Минск: Белорусский Дом печати, 1994. — № 3. — С. 13.
  22. News // Sinclair User. — 1983. — № 14.
  23. Hewson's Helpline // Sinclair User. — 1986. — № 50.
  24. Hardware World // Sinclair User. — 1983. — № 16.
  25. Spectrum+ // Sinclair User. — 1984. — № 33.
  26. Sue Denham. The Secret That Was Spectrum+ // Your Spectrum. — 1984. — № 10.
  27. Owen, Chris ZX Spectrum+ (англ.) . Planet Sinclair (2009-05-09). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  28. 28,0 28,1 Your New Spectrum // Your Spectrum. — 1985. — № 21.
  29. David Crookes. Why QWERTY? // Micro Mart.
  30. Spectrum character set // ZX Spectrum+3 Manual — Amstrad Plc., 1987.
  31. Sir Clive Sinclair & Sinclair Research Ltd (англ.) . Sinclair Research Limited (2009-05-20).
  32. Max Phillips. ZX Spectrum +2 // Your Sinclair. — 1986. — № 11.
  33. The Quantum Leap — to where?
  34. SuperSpectrum! Amstrad has Sinclair’s secret weapon — the £200 SuperSpectrum. It’s everything the Amiga should have been
  35. Planet Sinclair
  36. ZX Spectrum +4 Unofficial ROM

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]