Імператарскія тэрмы (Трыр)
Славутасць | |
Імператарскія тэрмы | |
---|---|
| |
49°44′59″ пн. ш. 6°38′32″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Германія |
Горад | Трыр |
Тып будынка | тэрмы |
Архітэктурны стыль | старажытнарымская архітэктура |
Будаўніцтва | канец III — IV |
Сайт | trier-info.de/english/im… |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Імператарскія тэрмы (ням.: Kaiserthermen) — руіны антычных купалень, размешчаныя ў цэнтры Трыра, непадалёк ад базілікі Канстанціна, за 1 км на поўдзень ад Галоўнай рыначнай плошчы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Імператарскія тэрмы былі ўзведзены ў канцы III—IV стагоддзі нашай эры пры імператары Канстанціне Вялікім, які выбраў Трыр на кароткі час сталіцай Заходняй Рымскай імперыі. Аднак, пасля таго як Канстанцін пакінуў Трыр, будаўніцтва тэрмаў засталося незавершаным.
Імператарскія тэрмы Трыра — манументальнае збудаванне: іх памер складае 250 метраў у даўжыню і 145 метраў у шырыню. Аднак яны некалькі саступаюць па памеры іншай антычнай пабудове Трыра — тэрмам Святой Варвары, самым значным па памеры старажытнарымскім тэрмам на поўнач ад Альпаў.
Уваход у тэрмы на захадзе вёў скрозь апраўленую калонамі спартыўную пляцоўку для гульняў у мяч і гімнастычных практыкаванняў, якая называлася палестра, да павільёна з мінеральнай крыніцай — німфеума.
За німфеумам размяшчаліся ванныя пакоі — фрыгідарый — халодная ванная, тэпідарый — цёплая ванная і кальдарый — гарачая ванная. Усе залы былі перакрыты скляпеннямі, сцены былі аздоблены мармурам і каляровай тынкоўкай.
Кальдарый, адна з найбольш добра захаваных пабудоў архітэктурнага комплексу тэрмаў, лічыцца адным з сімвалаў Трыра. Звычайна кальдарый антычных тэрмаў быў арыентаваны на поўдзень ці паўднёвы захад. Пры будаўніцтве Імператарскіх тэрмаў было зроблена адступленне ад гэтага правіла — яго кальдарый арыентаваны на паўднёвы ўсход.
Увесь комплекс тэрмаў быў абсталяваны складанай ацяпляльнай сістэмай — гіпакаўстам, якая размяшчалася ў разгалінаваных падземных памяшканнях.
Паводле сведчанняў археолагаў, Імператарскія тэрмы ніколі не выкарыстоўваліся па прамым прызначэнні. Пры імператарах Грацыяне (375—383) і Валенціяне II (375—392) незавершаныя тэрмы былі перабудаваны ў казармы для імператарскай кавалерыі. Былы кальдарый з яго трыма апсідамі, верагодна, служыў манежам і месцам захоўвання сцягоў, тэпідарый стаў вестыбюлем будынка.
У Сярэднявеччы тэрмы выкарыстоўваліся пераважна як каменяломня. Пазней кальдарый быў перабудаваны ў жылы замак Альдэрбург.
У XII стагоддзі руіны тэрмаў былі інтэграваны ў гарадскія абарончыя збудаванні. Замак Альдэрбург служыў паўднёва-ўсходнім вуглавым бастыёнам сярэдневяковай гарадской сцяны. Адно з ніжніх вокнаў кальдарыя выкарыстоўвалася як гарадская брама — так званая Старая брама (Altport).
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку XVIII стагоддзя на руінах тэрмаў была пабудавана барочная новабудоўля, якая затым была пераабсталявана ў прускую казарму, а пазней у жылы будынак. Аднак яна была разбурана у час Другой сусветнай вайны. У нашы дні на тэрыторыі Імператарскіх тэрмаў штогод праходзіць фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Хлеба і гледзішчаў!».
У 1986 годзе Імператарскія тэрмы, разам з іншымі збудаваннямі рымскага перыяду, Кафедральным саборам Трыра і царквой Маці Божай, былі ўключаны ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 367 рус. • англ. • фр. |
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Імператарскія тэрмы (Трыр)
- Императорские термы (Kaiserthermen)