Інтха
Інтха (အင်း) | |
Агульная колькасць | 104 000 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | М’янма |
Мова | інтха-дану |
Рэлігія | будызм |
Блізкія этнічныя групы | бірманцы, дану |
Інтха (саманазва: အင်း, літаральна азёрныя людзі) — тыбета-бірманскі народ, які насяляе ўзбярэжжа возера Інле ў М’янме. Агульная колькасць (2022 г.) — 104 000 чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Інтха вераць у тое, што паходзяць з поўдню М’янмы. Меркавана ў XIV ст. яны былі вымушаны пад ціскам монаў мігрыраваць на Шанскае нагор’е. Правадыры шанаў забаранілі ім сяліцца на зямлі, таму яны ўпадабалі для жыцця возера Інле і толькі пазней сталі сяліцца на яго берагах. З іншага боку, інтха размаўляюць на супольнай мове з дану, якую часам пазіцыянуюць як архаічны дыялект бірманскай мовы.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Інтха селяцца як на плыткаводдзі возера Інле, так і на яго берагах. Асноўныя традыцыйныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Воды Інле пакрыты плаваючай расліннасцю, што абцяжарвае выяўленне рыбы. Таму інтха вынайшлі асобы спосаб лову, калі адна нага выкарыстоўваецца для грэблі. На берагах возера вырошчваюць рыс, тэхнічныя культуры і гародніну. Зямлю апрацоўваюць з дапамогай буйвалаў, мяса і малако якіх не ўжываюць. Інтха знакаміты «плывучымі агародамі», што ладзяцца на скрутках трыснягу, засыпаных торфам. «Агароды» знаходзяцца на плыткаводдзі, вырошчваемыя расліны жывяцца вадою з возера метадам натуральнай гідрапонікі. Старыя агароды часцяком урастаюць у дно, што складае пэўную праблему. З 1960-х гг., калі плошча «плывучых агародаў» рэзка павялічылася, паверхня возера скарацілася амаль на трэць. Акрамя таго, выкарыстанне ўгнаенняў прывяло да забруджвання вады фасфатамі і арганічнымі рэчывамі.
Традыцыйная ежа — вараны рыс, рысавыя аладкі, розныя супы, кары з рыбы і гародніны. Папулярны напой — зялёная гарбата з соллю.
У нашы дні важнымі заняткамі сталі абслугоўванне турыстаў, праца ў прамысловасці ў буйных гарадах, дробныя рамёствы, у тым ліку ткацтва, рамонт лодак, што застаюцца галоўным транспартным сродкам, ювелірная справа.
Аснову народнай вопраткі складаюць саронг і камізэлька. У мінулым яны вырабляліся з тканіны з валокнаў лотасу. У наш час такую тканіну робяць у якасці сувеніру, мужчыны аддаюць перавагу штанам, шортам і кашулям, а жанчыны — спадніцам з бавоўны.
Для паселішчаў інтха характэрна раскіданая планіроўка. Жытлы звычайна знаходзяцца ў атачэнні агародаў. Вельмі важны доступ да вады, паколькі транспартыроўка адбываецца на лодках. Хаціны каркаснага тыпу месцяцца на па́лях. У мінулым яны былі аднакамернымі, зараз жа будуюцца жытлы з некалькімі пакоямі або нават з некалькімі паверхамі. Пад хацінамі трымаюць лодкі, запасы дроваў і г. д.
Асновай грамадства з’яўляецца малая нуклеарная сям'я. Маладыя самі абіраюць сабе пару. Шлюбы з блізкімі і стрыечнымі сваякамі забаронены. Бацькі жаніха бяруць на сябе выдаткі на вяселле, падарункі і часам — будаўніцтва хаціны для новай сям'і. Немаўляты не маюць імён, завуцца традыцыйнымі мянушкамі. Ініцыяцыяй для хлопчыкаў можа лічыцца часовае прыняцце манаства. Яно суправаджаецца асобым святам і ўрачыстым пострыгам валасоў. Юнакі праводзяць у будысцкіх кляштарах некалькі гадоў, дзе атрымоўваюць адукацыю.
У сувязі з развіццём турызму інтха старанна захоўваюць музычную культуру, вельмі падобную на музычную культуру шанаў. Асабліва вылучаюцца групавыя мужчынскія танцы, якія суправаджаюць пахаванні і сустрэчы сваякоў.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў спавядаюць будызм напрамку Тхеравада.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- The Intha People of Myanmar Who Balance on One Leg To Row
- Indigenous Peoples of the World — The Intha
- Khin Htay Yu The Traditional Customs of Innthars
- Floating Gardens of Inle Lake - Atlas Obscura
- Moe Thae Oo, Zin Wai Aung, Clelia Puzzo The floating garden agricultural system of the Inle lake (Myanmar) as an example of equilibrium between food production and biodiversity maintenance