Перайсці да зместу

Аляксандр (Іназемцаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр
руск.: Александр (Иноземцев)
Адукацыя
Дзейнасць прэсвітар, архіепіскап, мітрапаліт
Нараджэнне 12 (24) жніўня 1887
Смерць 9 лютага 1948(1948-02-09) (60 гадоў)
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мітрапаліт Аляксандр (Мікалай Іванавіч Іназемцаў; 12 (24) жніўня 1889, Табольск, цяпер Цюменская вобласць, Расія — 9 лютага 1948, Мюнхен) — праваслаўны царкоўны дзеяч.

Скончыў Табольскае духоўнае вучылішча і Табольскую духоўную семінарыю[1].

У 1909 годзе паступіў у Санкт-Пецярбурскую духоўную акадэмію, дзе 11 лютага 1912 года епіскапам Георгіем (Ярашэўскім) пастрыжаны ў манахі, 26 лютага пасвячоны ў іерадыякана і 22 сакавіка ў іераманаха. У 1913 годзе скончыў Акадэмію з ступенню кандыдата багаслоўя і пакінуты памочнікам інспектара[2].

У верасні 1918 года загадам Партыярха Ціхана ўзведзены ў сан архімандрыта і накіраваны епархіяльным місіянерам у Менск[3]. На той час горад заняты войскамі Германіі, паралельна была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

У снежні 1918 года, з адступленнем нямецкіх войскаў з Беларусі, выехаў ва Украіну. Суправаджаў архіепіскапа Георгія (Ярашэўскага), які, пакінуўшы Харкаў з Белай арміяй, у канцы 1919 года апынуўся ў Екацярынадары. Затым разам з шэрагам іншых архірэяў на цягніку дабраўся да Новарасійска, а адтуль на параходзе «Іртыш» 16 студзеня 1920 года адплыў у Канстанцінопаль. Потым пераехаў у Салонікі (Грэцыя), у Бялград (Югаславія), куды прыбыў 5 лютага 1920 года, і ў Бары ў Італіі. У жніўні 1921 года пераехаў у Польшчу.

Сакратар сабора праваслаўнай мітраполіі ў Польшчы, які адбыўся 24 студзеня 1922 года ў Варшаве. Быў актыўным прыхільнікам аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. З 1922 года — епіскап Люблінскі, з канца 1922 года — Пінскі і Палескі (з 1927 года — архіепіскап). Па далучэнні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР у 1939 годзе перайшоў у юрысдыкцыю Рускай праваслаўнай царквы[4].

Увосень 1939 года ў Заходняй Беларусі пачаўся царкоўны раскол. За мяжу да прыходу савецкіх войскаў выехалі гродзенскі епіскап Сава (Саветаў) і дапаможны епіскап віленскай епархіі Мацей (Сямашка)[5].

Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі), даведаўшыся пра ад’езд біскупа Савы, паведаміў духавенству Гродзенскай епархіі, што ён прымае на сябе кіраванне гэтай епархіяй[6]. У пачатку кастрычніка 1939 года Панцеляймон (Ражноўскі) напісаў у Маскоўскую патрыярхію просьбу аб далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы і аб прызначэнні яго епіскапам Пінска-Навагрудскім[6]. Пры гэтым у Заходняй Беларусі засталіся два архіепіскапы Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — Віленскі Феадосій (Феадосьеў) і Пінскі Аляксандр (Іназемцаў). Гэта значыць Панцеляймон прасіў кафедру, якую займаў Аляксандр (Іназемцаў).

Мітрапаліт Сергій (Страгародскі) прызначыў Панцеляймона (Ражноўскага) епіскапам Пінскім і Навагрудскім з правам нашэння брыльянтавага крыжа на клабуку. Панцеляймон (Ражноўскі) атрымаў тытул экзарха Патрыярхіі і даручэнне «прыняць у зносіны ўсіх тых абласцей зноў далучаных тэрыторый, хто пажадае ад аўтакефаліі ўвайсці ў зносіны з Патрыярхіяй»[6]. Такім чынам, Панцеляймон (Ражноўскі) стаў кіраўніком праваслаўных прыходаў на ўсіх тэрыторыі аходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

Аляксандр (Іназемцаў) сумесна з епіскапам Валынскім і Крамянецкім Аляксіем (Грамадскім) 1 лістапада 1939 года стварылі Свяшчэнны Сінод Праваслаўнай Царквы ў межах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, уключыўшы ў гэты орган трэцяга іерарха — епісвапа Астрожскага Сымона (Іваноўскага)[7]. Узнік царкоўны раскол, бо Свяшчэнны Сінод Праваслаўнай Царквы ў межах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі адмовіліся прызнаць як архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі), так і мітрапаліт Сергій (Страгародскі)[7].

Шараговае духавенства таксама раскалолася. Частка духавенства Брэсцкай вобласці, якая не жадала падпарадкавацца архіепіскапу Аляксандру (Іназемцаву) звярнулася з хадайніцтвам у Маскоўскую патрыярхію[7]. Хадайніцтва было задаволена — указам Маскоўскай патрыярхіі № 161 ад 28 сакавіка 1941 года Брэсцкая вобласць была перададзена ў Гродзенскую епархію і засноўвалася кафедра епіскапа Брэсцкага, вікарыя Гродзенскай епархіі. У брэсцкія вікарыі быў хіратанісан архімандрыт Венедыкт (Бабкоўскі), настаяцель Жыровіцкага манастыра[7].

Улетку 1940 года епіскапаў Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі выклікалі ў Маскоўскую патрыярхію для афармлення вяртання ў Рускую праваслаўную царкву. Акт уз’яднання ўключаў пакаянне архірэяў, іх споведзь і сумесную службу з мітрапалітам Сергіем (Страгародскім). Летам 1940 года ў Маскву для ўз’яднання прыбылі Панцеляймон (Ражноўскі) і вікарый палескай епархіі біскуп Камень-Кашырскі Антоній (Марцэнка)[7].

Аляксандр (Іназемцаў) у Маскву не паехаў, спаслаўшыся на хваробу, і быў звольнены на спачынак[7].

Пасля нападу 22 чэрвеня 1941 года Германіі на СССР і акупацыі Украіны і Беларусі ўвайшоў у юрысдыкцыю Дыянісія (Валядзінскага). 8—10 лютага 1942 года ў Пінску праходзіць Сабор аўтакефальных украінскіх епіскапаў у складзе Палікарпа (Сікорскага) і Аляксандра (Іназемцава), якія пасвячаюць трох архірэяў і ствараюць Украінскую аўтакефальную праваслаўную царкву. Сабор, спаслаўшыся на 52 апостальскае правіла, абвясціў аб прыняцці «ў існым сане» ва ўлонне новай аўтакефаліі клірыкаў самасвяцкай УАПЦ (епіскапаў да таго часу на тэрыторыі Украіны не заставалася), якая ўзнікла ў 1921 годзе[8].

У жніўні 1942 года старшынстваваў на Саборы ў Луцку, які абвясціў аўтакефалію Украінскай Царквы, што было асуджана Рускай праваслаўнай царквой. Сабор аб’явіў Аляксандра мітрапалітам. У 1942—1944 гадах — мітрапаліт Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. З красавіка 1944 года — мітрапаліт (Палескі) Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Улетку 1944 года эвакуяваўся з Пінска ў Мюнхен. Не падтрымаў рашэння беларускіх епіскапаў аб пераходзе пад амафор Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы (1946). Беларускімі палітыкамі, найперш групоўкай Міколы Абрамчыка (Рада БНР), разглядаўся ў якасці кандыдатуры на кіраўніка БАПЦ. Загінуў у Мюнхене пры невысветленых абставінах.

  1. АЛЕКСАНДР // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2000. — Т. I. — С. 494. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-006-4.
  2. АЛЕКСАНДР // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2000. — Т. I. — С. 494. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-006-4.
  3. АЛЕКСАНДР // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2000. — Т. I. — С. 494. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-006-4.
  4. Петрушко В. И. Краткий обзор начального этапа в истории автокефалисткого раскола на Украине и предпосылки его возрождения на рубеже 1980—1990-х годов Архівавана 25 чэрвеня 2021. // Автокефалистские расколы на Украине в постсоветский период, 1989—1997. — М. : Православный Свято-Тихоновский богословский институт, 1998. — 254 с. — ISBN 5-7429-0065-1
  5. Цымбал 2011, с. 339.
  6. а б в Цымбал 2011, с. 340.
  7. а б в г д е Цымбал 2011, с. 341.
  8. Петрушко В. И. Краткий обзор начального этапа в истории автокефалисткого раскола на Украине и предпосылки его возрождения на рубеже 1980—1990-х годов Архівавана 25 чэрвеня 2021. // Автокефалистские расколы на Украине в постсоветский период, 1989—1997. — М. : Православный Свято-Тихоновский богословский институт, 1998. — 254 с. — ISBN 5-7429-0065-1