Мелхіседэк (Паеўскі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мітрапаліт Мельхіседэк
Мітрапаліт Мельхіседэк
Архіепіскап Енісейскі і Красняярскі
10 верасня 1928 — 17 мая 1931
Царква: Руская праваслаўная царква
Папярэднік: Нікан (Дзегцярэнка)
Пераемнік: Павел (Паўлоўскі)
Епіскап Мінскі і Тураўскі
1926 — 1927
Папярэднік: Георгій (Ярашэўскі)
Пераемнік: Павел (Вількоўскі)
Епіскап Слуцкі,
вікарый Мінскай епархіі
26 чэрвеня 1919 — 1921
Папярэднік: Феофилакт (Клеменцьеў)
Пераемнік: Уладзімір (Кірылаў)

Адукацыя: Казанская духоўная акадэмія(англ.) бел. (1904)
Прафесія: святар
Нараджэнне: 15 лістапада 1879(1879-11-15)
Смерць: 17 мая 1931(1931-05-17) (51 год)
Пахаванне:
Бацька: Леў Паеўскі
Прыняцце свяшчэннага сану: 1904
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Мелхіседэк, свецкае імя: Міхаіл Львовіч Паеўскі (верасень 1878, с. Вітулін Канстанцінаўскага пав. Седлецкай губ. (цяпер Падляскае ваяводства, Польшча) — 17 мая 1931, Масква) — праваслаўны святар, царкоўны дзеяч, мітрапаліт.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Сын Льва Сямёнавіча Паеўскага, археолага, краязнаўцы, святара. Быў другім з дзевяці дзяцей у сям’і. З дзяцінства дапамагаў бацьку ў царкоўным служэнні.

Пасля заканчэння духоўнай вучэльні паступіў у Санкт-Пецярбургскую семінарыю, але з-за праблемаў з лёгкімі, вымушаны быў перабрацца на поўдзень, у Сімферопаль, дзе скончыў Сімферопальскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі, паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, дзе на першым курсе прыняў пастрыжэнне ў мантыю з імем Мелхіседэк. На другім курсе акадэміі падаў прашэнне аб накіраванні ў Пекінскую місію, аднак паехаць туды не атрымалася. Пасля заканчэння акадэміі ў 1904 годзе са ступенню кандыдата багаслоўя Мелхіседэк быў прызначаны выкладчыкам.

Выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі, чытаў курсы асноўнага, дагматычнага і маральнага багаслоўя. Выконваў абавязкі настаяцеля Магілёва-брацкага Богаяўленскага манастыра, быў сябрам Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага брацтва. 18 снежня 1906 прызначаны настаяцелем Брацкага манастыра ў сане ігумена. Узнагароджаны паліцай. 24 студзеня 1907 пераведзены ў Бялыніцкі манастыр Магілёўскага пав. ў сане архіепіскапа. З верасні 1907 настаяцель Херсонскага Уладзіміраўскага манастыра Таўрычаскай губ. У 1909 пераведзены ў Спаса-Праабражэнскі манастыр у г. Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай губ. З 1910 назіральнік Уладзікаўказскага духоўнага вучылішча. З 1914 рэктар Тыфліскай духоўнай семінарыі. 8 верасня 1916 хіратанісаны ў епіскапа Кранштацкага, вікарыя Петраградскай епархіі. З 17 чэрвеня 1917 епіскап Ладажскі. З 1919 вікарны епіскап Слуцкі, з 1921 епіскап Мінскі і Тураўскі.

Выступаў супраць абнаўленцаў, якія арганізавалі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. Быў прыхільнікам стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У маі — чэрвені 1922 выклікаўся ў АДПУ з мэтай схіліць да супрацоўніцтва з абнаўленцамі. Адзін з ініцыятараў склікання 10 чэрвеня 1922 сходу беларускага праваслаўнага духавенства. З ліпеня 1922 мітрапаліт Мінскі і Беларускі.

Аўтаномія Беларускай Праваслаўнай Царквы пры мітрапаліце Мелхіседэку дазволіла захаваць царкву ад інспіранавага бальшавікамі руху абнаўленцаў. Аднак пры ўзбуйненні БССР, калі Віцебшчына і Гомельшчына былі далучаныя да Міншчыны, Беларуская Царква таксама ўзрасла за кошт дзвюх епархій, практычна цалкам абнаўленскіх, быў створаны абнаўленскі Сінод. Тым не менш, кіраўнічая стуктура, якую ўзначальваў Мітрапаліт Мелхіседэк, — на той час яна называлася Беларускім епархіяльным упраўленнем — імкнулася пашырыць свой уплыў на тэрыторыю ўсё Беларусі. У сувязі з гэтым, НКУС аказваў на ўпраўленне ціск, і ў выніку супраць членаў-ціханаўцаў была распачатая крымінальная справа[1].

З 1 чэрвеня 1924 знаходзіўся пад следствам. Абвінавачаны ва ўтойванні царкоўных каштоўнасцей і антысавецкай дзейнасці. Арыштаваны ў 1925 і на адкрытым судовым працэсе ў Мінску (17.8.1925) прыгавораны да 3 гадоў зняволення ўмоўна. Аднак 22 снежня 1925 года мітрапаліт быў увязнены і змешчаны ў Бутырскую турму ў Маскве, адкуль вызвалены 4 траўня 1926 года.

Пасля вызвалення мітрапаліт Мелхіседэк падтрымаў рух, які ўзначальваў архіеп. Свярдлоўскі і Ірбіцкі Грыгорый (Яцкоўскі). Гэты рух, названы пазней грыгарыянскім расколам, выступаў за аднаўленне саборнасці ў кіраванні Рускай Праваслаўнай Царквой, для аднаўлення якой быў створаны Часовы вышэйшы царкоўны савет. Аднак, доўга ў гэтым расколе не пабыў, а ў канцы чэрвеня 1926 пакаяўся перад мітрапалітам Сергіем (Страгародскім) і падаў прашэнне аб складанні сана архіепіскапа.

Быў высланы ў Сібір, дзе да вясны 1927 года знаходзіўся на Марыінскіх пасяленнях (Краснаярскі край), пасля вяртання з ссылкі быў затрыманы 23 траўня 1927 года органамі бяспекі і арыштаваны «за выкарыстанне рэлігійнага настрою масаў у антысавецкіх мэтах». Вызвалены 17 верасня 1927 з падпіскай аб нявыездзе.

На Вялікдзень 1928 у сане архіепіскапа прызначаны на Енісейскую і Краснаярскую кафедру, і зноў адправіўся ў Сібір, дзе практычна штодзённа служыў у кафедральным саборы. Меў намер вярнуцца ў Беларусь.

У маі 1931 выкліканы ў Маскву на Сінод РПЦ. Раптоўна памёр пры невысветленых акалічнасцях у час службы ў маскоўскім Дарагамілаўскім саборы (паводле іншых дадзеных у царкве Пакравоў Божай Маці на Краснасельскай).

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова быў пахаваны ў Кузьмінках у Маскве (паводле іншых дадзеных — на Сямёнаўскіх могілках). Пазней прах беларускага мітрапаліта перазахаваны на Праабражэнскіх могілках.

17 мая 2011 на будынку Інстытута тэалогіі БДУ ў Мінску па пр-це Незалежнасці, 24 (былы «архіерэйскі дом», дзе жыў Мельхіседэк) была адкрыта памятная дошка з барэльефам мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мельхіседэка[2].

Зноскі

  1. churchby.info
  2. Вольга Мядзведзева. Вяртанне архіерэя // «Звязда». — 18 мая 2011. — № 90, 26954. — С. 2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]