Перайсці да зместу

Антон Антонавіч Шукелойць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антон Антонавіч Шукелойць
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 19 ліпеня 1915(1915-07-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 студзеня 2017(2017-01-07) (101 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Партыя
Член у

Антон Антонавіч Шукелойць, або Шукелойц (19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобл. — 7 студзеня 2017[1], Нью-Ёрк) — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Антона і Бенедыкты з Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку і гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі.

У юнацтве далучыўся да грамадскага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандр Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалагічна набліжаны да эсэраў. Ва ўніверсітэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацый: Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынёй). Спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 годзе стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савета, загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСа, часткова знішчаныя ў выніку ваенных дзеянняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея (потым — Краязнаўчы музей). Далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнічаў у заснаванні Мінскага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі.[2] Пасля арганізацыі ў Мінску Беларускага культурнага згуртавання А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспектарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 года ў Германіі.

Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцей. У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасці моды, у краме вопраткі «Орбакг». Актыўны ўдзельнік жыцця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус». Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музейных фондаў вывезеных у час Другой сусветнай вайны з Беларусі ў Германію і Аўстрыю.

100-гадовы юбілей Антона Шукелойця ўрачыста адзначаўся 19 ліпеня 2015 года беларускай грамадой у Нью-Ёрку (урачыстасць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА).

Памёр 7 студзеня 2017 года. Пахаваны 14 студзеня 2017 года на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.[3]

Зноскі