Перайсці да зместу

Брыгада КАП «Гродна»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брыгада Корпуса аховы памежжа «Гродна»
Brygada KOP «Grodno»
Цёмна-сінім колерам вылучана Беластоцкае ваяводства, мяжу якога ахоўвала брыгада
Гады існавання 1927 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Уваходзіць у Корпус аховы памежжа
Тып брыгада
Функцыя Ахова дзяржаўнай мяжы
Дыслакацыя Друскенікі
Гродна
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Камандзіры
Вядомыя камандзіры палкоўнік Мікалай Болтуць
палкоўнік Стэфан Леон Бестэк

Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Гро́дна» (польск.: Brygada KOP «Grodno») — шостая паўбрыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1927—1939 гадах у Гродна і Друскеніках.

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На трэцім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе распараджэння міністра спраў вайсковых №1099 была заснавана шостая памежная брыгада[1].

Увосень 1927 года ў яе складзе была ўтворана шостая паўбрыгада аховы памежжа, камандаванню якой сталі падпарадкоўвацца два памежныя і адзін рэзервовы батальёны, а таксама адзін кавалерыйскі эскадрон. Спачатку камандаванне паўбрыгады размяшчалася ў Друскеніках, але неўзабаве было перанесена ў Гродна[2]. Па звестках 1928 года, падраздзяленне ахоўвала адрэзак дзяржаўнай мяжы працягласцю ў 343.795 км[3].

У ліпені 1929 года 6-я паўбрыгада была перайменавана ў брыгаду «Гродна» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі. Тое ж самае адбылося і з усімі адзінкамі, якія ўваходзілі ў яе склад. Праз два гады нумарацыя адзінак, якая ў 1929—1931 г. з’яўлялася дадатковай, увогуле была скасавана. Акрамя гэтага, падраздзяленне стала падпарадкоўвацца непасрэдна камандаванню Корпуса аховы памежжа, хаця яе склад застаўся нязменным. Станам на 1931 г., штаб брыгады размяшчаўся ў Гродна на вуліцы Брыгіцкай, 1[4].

У плане навучання брыгадзе была падпарадкавана Цэнтральная ўнтэр-афіцэрская школа Корпуса аховы памежжа ў крэпасці Асавец на Падляшшы. З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, у 1931 г. сапёрныя роты з’явіліся пры ўсіх памежных брыгадах[5]. Яны дзяліліся на 4 тыпы і называліся ў адпаведнасці з адзінкамі іх размяшчэння. У брыгадзе «Гродна» была ўтворана рота трэцяга тыпу, якая ўтрымлівала два ўзводы па тры дружыны і гаспадарчую дружыну. Штат роты складаўся з трох афіцэраў, дзевяці ўнтэр-афіцэраў і 80 шараговых жаўнераў[6].

Напачатку 1939 года быў расфармаваны батальён «Сувалкі», які ўваходзіў у склад брыгады, а ахоўваны ім адрэзак польска-нямецкай мяжы перададзены Памежнай стражы. 15 мая 1939 г., пасля скасавання палка «Вільна» і ліквідацыі яго камандавання, батальёны «Трокі», «Няменчын» і «Новыя Свянцяны» разам з эскадронам кавалерыі «Новыя Свянцяны» былі далучаны да брыгады «Гродна»[7].

24-27 жніўня 1939 года падчас мабілізацыі з адзінак брыгады «Гродна» былі сфармаваны падраздяленні 33-й рэзервовай пяхотнай брыгады. Пасля заканчэння яе мабілізацыі, брыгада была канчаткова скасавана[7].

Арганізацыя ў 1927 годзе

[правіць | правіць зыходнік]
  • 23-ы памежны батальён
  • 24-ы памежны батальён
  • 29-ы рэзервовы батальён
  • 19-ы кавалерыйскі эскадрон[2]

Арганізацыя ў 1929 годзе

[правіць | правіць зыходнік]
  • Камандаванне брыгады
  • 23-ы памежны батальён
  • 24-ы памежны батальён
  • 29-ы рэзервовы батальён
  • 19-ы кавалерыйскі эскадрон
  • Цэнтр падрыхтоўкі сапёраў
  • 1-я выведвальная пляцоўка «Сувалкі»[8]

Арганізацыя на пачатку 1930-х гадоў

[правіць | правіць зыходнік]
  • Камандаванне брыгады
  • 23-ы памежны батальён «Араны»
  • 24-ы памежны батальён «Сейны»
  • 29-ы рэзервовы батальён «Сувалкі»
  • 19-ы кавалерыйскі эскадрон «Алькенікі»
  • Цэнтр падрыхтоўкі сапёраў
  • 1-я выведвальная пляцоўка «Сувалкі»[9]

Камандзіры брыгады

[правіць | правіць зыходнік]
  • чэрвень 1927 — чэрвень 1930 — дыпламаваны палкоўнік пяхоты Мікалай Болтуць
  • чэрвень 1930 — 1935 — палкоўнік пяхоты Станіслаў Калабінскі
  • 1935 — жнівень 1939 — палкоўнік пяхоты Стэфан Леан Бестэк[10]

Штат брыгады ў чэрвені 1939 года

[правіць | правіць зыходнік]
  • Камандзір — палкоўнік Стэфан Леан Бестэк
  • Камандзір штаба — падпалкоўнік Уладзіслаў Невяроўскі
  • Першы намеснік камандзіра штаба — капітан пяхоты Эдмунд Аляксандр Якуб Ржэвускі
  • Другі намеснік камандзіра штаба — ротмістр Эдмунд Крыжаноўскі
  • Камандзір узвода — маёр Анджэй Яраш[11]