Батальён КАП «Будслаў»
Батальён Корпуса аховы памежжа «Будслаў» | |
---|---|
Batalion KOP «Budsław» | |
Гады існавання | верасень 1924 — верасень 1939 |
Краіна | Польшча |
Падпарадкаванне | Корпус аховы памежжа |
Уваходзіць у |
Брыгада КАП «Вілейка» (1924—1929) → Полк КАП «Вілейка» (1929—1939) |
Тып | воінскае фарміраванне |
Функцыя | Ахова савецка-польскай мяжы |
Колькасць | 828 жаўнераў |
Дыслакацыя | Будслаў |
Рыштунак | Кулямёты, мушкетоны, вінтоўкі, карабіны, пісталеты |
Войны | Польская абарончая вайна (1939) |
Удзел у | |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры |
маёр Баляслаў Міргалоўскі маёр Мечыслаў Бачкоўскі |
Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Бу́дслаў» (польск.: Batalion KOP «Budsław») — першы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Будславе ў 1924—1939 гадах. Падчас польскай абарончай вайны сфармаваў батальён у складзе 207-га пяхотнага палка, у складзе якога прымаў удзел у бітве за Львоў, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь — у абароне дзяржаўных межаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На першым этапе яго арганізацыі ў 1924 г. паводле загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 г. была сфармавана трэцяя брыгада, а ў яе складзе — першы памежны батальён[2].
Першапачаткова ў яго склад увайшлі дружына камандавання батальёна, узвод сувязі і чатыры пяхотныя роты. Штат служачых складаўся з 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. З ліку транспартных сродкаў існавалі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў[3].
Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы ў пачатку яго існавання складала 101 км (у 1934 г. — 113.243 км), з іх ліку на адну памежную роту даводзілася 25 км, а на стражніцу — 5 км. Аддаленасць камандавання батальёна ад камандавання брыгады ў Вілейцы складала 55 км[4].
3 кастрычніка 1924 г. маёр Баляслаў Міргалоўскі быў пераведзены з пятнаццатага пяхотнага палка «Вілкаў» у Корпус аховы памежжа на пасаду камандзіра першага батальёна, які да канца месяца прыступіў да працы на абшарах Віленскага ваяводства. У 1926 годзе на ўзроўні брыгады была арганізавана школа для падрыхтоўкі ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была адчынена ў Вілейцы, аднак праз два гады ліквідавана. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў заснаваны школьны батальён Корпуса аховы памежжа[5]. Акрамя таго, дзеля павышэння колькасці кваліфікаваных кадраў 1 красавіка 1928 года пры батальёне ўтварыўся цэнтр падрыхтоўкі сапёраў[6]. Улетку 1929 года пасля скасавання трэцяй памежнай брыгады батальён быў уключаны ў склад створанага палка «Вілейка». На той час ва ўзбраенні падраздзялення былі 953 вінтоўкі Бярц’е ўзора 1916 года, 64 ручныя кулямётамы «Шаша» узора 1915 года і 2 станкавыя кулямёты «Гочкіс» узору 1914 года[7].
У ліпені 1929 г. было прынята правіла, згодна з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву згодна з мясцовасцю іх размяшчэння, у выніку чаго першы памежны батальён быў пераназваны ў батальён «Будслаў». Разам з тым, абавязковая нумарацыя адзінак КАП захоўвалася да 1931 г., пакуль не была цалкам скасавана. Пасля праведзенай рэарганізацыі «R.2» камандаванню батальёна сталі падпарадкоўвацца ўзвод сувязі, кулямётная, школьная, рэзервоая і чатыры памежныя роты. У штаце служачых налічвалася 22 афіцэры, 83 унтэр-афіцэраў, 29 звыштэрміновых і 736 шараговых жаўнераў[8].
Загадам ад 23 лютага 1937 года распачалася першая фаза рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», адным з вынікаў якой стала рэфармаванне батальёна «Будслаў» шляхам надання яму статуса адміністрацыйнай адзінкі з адначасовай рэарганізацыяй камандавання. У той жа час адміністрацыйнай адзінкай для батальёна стаў полк «Вілейка». У выніку рэалізацыі праграмы «R.3» будынак стражніцы «Скарада» роты «Альковічы» было загадана перанесці ў вёску Сачыўкі з прызначэннем кватэры для яго камандавання[9].
Згодна з распараджэннем камандзіра Корпуса аховы памежжа Яна Крушэўскага, 1 красавіка 1939 г. было ліквідавана падкватэрмайстарства батальёна з утварэннем кватэрмайстарства. Ад 15 мая таго ж года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра. Улетку 1939 года «Будслаў» стаў мабілізацыйнай адзінкай для выведвальнай роты і першага батальёна 207-га пяхотнага палка. Гэтыя падраздзяленні былі сфармаваны падчас усеагульнай мабілізацыі напачатку верасня 1939 г. і ўвайшлі ў склад 35-й рэзервовай пяхотнай дывізіі. У складзе гэтага палка батальён прымаў удзел у бітве за Львоў[10].
Па заканчэнні мабілізацыі сваіх падраздзяленняў у 207-ы пяхотны полк батальён «Будслаў» адрадзіў сваю дзейнасць з прыцягваннем рэкрутаў і рэзервістаў. Непрацяглы час ахоўваў мяжу з БССР даўжынёй 112.143 км. Ад 17 верасня прымаў удзел у абароне дзяржаўнай мяжы падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь[11].
Напад на батальён
[правіць | правіць зыходнік]Памежнікі з батальёна «Будслаў» пад кіраўніцтвам маёра Мечыслава Бачкоўскага 17 верасня 1939 г. распачалі баі з другой стралковай дывізіяй, 14-й і часткова 13-ым і 15-ым аддзеламі памежных войскаў НКУС, якія атакавалі мяжу з усходу. Стражніцы з чацвёртай памежнай роты «Докшыцы» збольшага не змаглі аказаць належнага супраціву. Выняткам стала стражніца «Парэчча», у ходзе бою з якой загінулі два савецкія салдаты з трынаццатага аддзела памежных войскаў, а адзін салдат з другой стралковай дывізіі быў паранены. Усё ж стражніца была захоплена а шостай гадзіне раніцы. Стражніца «Камайск» была атакавана 157-ым кавалерыйскім палком, у выніку чаго апынулася захопленай. Як паведамілі савецкія крыніцы наконт нападу на стражніцу «Камайск»: «Польскія жаўнеры ў ніжняй бялізне з вінтоўкамі схаваліся ў лесе. Палеглых няма»[12].
Стражніцы другой роты «Гняздзілава» былі атакаваны падраздзяленнямі 13-га аддзела памежных войскаў НКУС, якія знішчылі рэзервовую роту. На стражніцы роты «Даўгінава» пачаў наступ 14-ы аддзел памежных войскаў. Стражніца «Мільча» змагалася на працягу гадзіны і была захоплена: у палон трапіў яе камандзір, але некалькі памежнікаў здолелі ўцячы ў кірунку Даўгінава. Стражніца «Пагост» таксама ўступіла ў бой, падчас якога памерлі камандзір заставы і некалькі жаўнераў; з савецкага боку загінуў камандзір атакуючага аддзелу лейтэнант Пятроў, а яго намеснік, палітрук Канькоў, быў паранены. Стражніца «Караліна» таксама прыняла ўдзел у сутыкненнях, у выніку чаго тры служачыя былі забіты, а пяцёра апынуліся ў савецкім палоне[12].
Падраздзяленні, размешчаныя ў Даўгінаве, без бою адышлі ў кірунку Будслава, дзе далучыліся да адступаючых частак. Стражніцы першай роты «Альковічы» падвергліся нападу 14-га памежнага аддзелу НКУС і падраздзяленняў другой стралковай дывізіі. Стражніца «Пасекі» пасля непрацяглага бою была ўзята: 13 жаўнераў былі забіты і 6 узяты ў палон, паранены 5 чырвонаармейцаў. Астатнія памежныя заставы з гэтай роты не прымалі ўдзелу ў бітвах, таму што здолелі адступіць да Альковічаў. Іншыя вайсковыя часткі, размешчаныя ў гэтым мястэчку таксама рэціраваліся ў кірунку Будслава і на наступны дзень далучыліся да адыходзячых батальёнаў, сярод якіх было і кіраўніцтва рэзервоай роты[13].
-
Карта батальёна КАП «Будслаў»
Здарэнні
[правіць | правіць зыходнік]Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён з 20 па 27 студзеня 1925 г.:
- 20 студзеня 1925 г. у хаце нейкага Стасяка ў Будславе выбухнула граната, параніўшы яго дваіх сыноў і дачку. Хата была асабістым жыллём Стасяка, у ёй не кватаравалі польскія жаўнеры[14].
- 24 студзеня 1925 г. савецкія памежныя войскі на адлегласці 150 м. ад мяжы з Польшчай пры дарозе з Вардамічаў на ўсход пабудавалі назіральную вышку вышынёй каля 2 м.[15]
- 25 студзеня 1925 г. а другой гадзіне ночы жаўнеры батальёна «Будслаў» выратавалі нейкага Генрыка Янковіча, які тануў у Сэрвачы каля Будслава. Тапелец апынуўся злодзеем, якога адшуквала паліцыя, куды ён і быў перададзены[15].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]У склад батальёна «Будслаў» уваходзілі камандаванне батальёнам, узвод сувязі, рэзервовая, кулямётная і чатыры памежных роты:[16]
|
|
|
|
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]
Камандзіры батальёна[правіць | правіць зыходнік]
|
Штат батальёна ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]
|
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Дамінічак 1992, с. 111.
- ↑ Прохвіч 1994, с. 150.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 21.
- ↑ Komunikaty dyslokacyjne 1938, с. 3.
- ↑ Прохвіч 1994, с. 153.
- ↑ Бяроза, Шчэпаньскі 2014, с. 51.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 101.
- ↑ Вішнеўская, Проміньская 2013, с. 2.
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 624.
- ↑ Рыбка, Стэпан 2010, с. 913.
- ↑ Прохвіч 2003, с. 165.
- ↑ а б Прохвіч 2003, с. 190.
- ↑ Прохвіч 2003, с. 191.
- ↑ Meldunki sytuacyjne №12 1925.
- ↑ а б Meldunki sytuacyjne №15 1925.
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 295.
- ↑ Прохвіч 2003, с. 191,306.
- ↑ Прохвіч 2003, с. 166.
- ↑ Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 659.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Komunikaty dyslokacyjne KOP. — 1938.
- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №12/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №15/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
- Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
- Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — Варшава—Пултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
- Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
- Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
- Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
- Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
- Рышард Рыбка, Каміль Стэпан. Najlepsza broń. Plan mobilizacyjny „W” i jego ewolucja. — Варшава: Adiutor, 2010. — ISBN 978-83-86100-83-5.
- Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.