Батальён КАП «Сноў»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батальён Корпуса аховы памежжа «Сноў»
Batalion KOP Snów»
Штаб батальёна — колішні палац Рдултоўскіх
Гады існавання восень 1927 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Навагрудак» (1927—1937) →
Полк КАП «Сноў» (1937—1939)
Тып воінскае фарміраванне
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 688 жаўнераў
Дыслакацыя Сіняўка (1927)
Сноў (1927—1939)
Рыштунак Кулямёты, вінтоўкі
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры падпалкоўнік Казімір Нядзведскі
падпалкоўнік Ян Казаноўскі

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Сноў» (польск.: Batalion KOP «Snów») — дваццаць сёмы рэзервовы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Снове ў 1927—1939 гадах. У складзе арміі «Кракаў» удзельнічаў у абароне Польшчы напачатку Другой сусветнай вайны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. Увосень 1927 г., падчас чацвёртага этапа арганізацыі гэтага вайсковага злучэння быў заснаваны дваццаць сёмы рэзервовы батальён, адзінкай для фармавання якога стаў 78-ы пяхотны полк[2]. Створанае падраздзяленне, размешчанае спачатку ў мястэчку Сіняўка, заступіла на службу 1 лістапада 1927 г. на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства[3].

Батальён складаўся з трох пяхотных ротаў, сувязнога і кулямётнага ўзводаў. Штат служачых налічваў 22 афіцэраў, 164 унтэр-афіцэраў і 501 шараговых жаўнераў[4]. Неўзабаве штаб падраздзялення быў перамешчаны з Сіняўцы ў мястэчка Сноў, дзе размясціўся ў будынку колішняга палаца Рдултоўскіх і працягнуў падпарадкоўвацца камандаванню другой памежнай брыгады[5].

У ліпені 1929 года другая памежная брыгада была пераназвана ў брыгаду «Навагрудак» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі. Тое ж самае адбылося і з дваццаць сёмым рэзервовым батальёнам, які быў перайменаваны ў батальён «Сноў». Некаторы час нумарацыя адзінак захоўвалася, але ў 1931 годзе была цалкам скасавана[6].

На той час рыштунак падраздзялення складаўся з 717 вінтовак Бярц’е ўзора 1916 г., 44 ручных кулямётаў «Бергман» узора 1915 г. і 8 станкавых кулямётаў «Гочкіс» узора 1914 года. Пасля правядзення рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.2» батальён стаў складацца з камандавання, узвода сувязі, кулямётнай і трох стралковых ротаў[7].

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу. Ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для паліцэйскага ўчастка пры палку «Сноў»[8]. Адміністратыўная прыналежнасць гарнізона таксама змянілася: замест расфармаванай брыгады «Навагрудак» ён стаў падпарадкоўвацца палку «Сноў». У выніку рэалізацыі другога этапа рэфармавання КАП улетку 1937 года была ліквідавана трэцяя стралковая і ўтворана другая кулямёная рота, а ў 1938 ці ў 1939 годзе планавалася ўтварыць школьную стралковую роту, што так і не было здзейснена[9].

15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра па гаспадарчых справах[9].

Мабілізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Батальён «Сноў» быў мабілізаваны ў рамках частковай мілітарызацыі польскіх войскаў 23 сакавіка 1939 года і перамешчаны ў раён Жыўца, Хабаўкі  (англ.) і Новага Сонча[10]. Там ён быў падзелены на два батальёны («Сноў» і «Сноў I») і ў сакавіку накіраваны на поўдзень Польшчы. Гэтыя батальёны ўтварылі першы пяхотны полк Корпуса аховы памежжа (таксама вядомы як полк «Сноў») і былі ўключаны ў склад стралковай брыгады як першы і другі батальёны гэтага палка. Падчас вераснёўскай кампаніі колішнія батальёны са Снова ўвайшлі ў склад арміі «Кракаў»  (англ.), дзе і спынілі сваё існаванне напачатку верасня 1939 года[11].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • 1 школьная стралковая рота
    • Гаспадарчая дружына
    • Тры стралковыя ўзводы па тры дружыны
  • 2 школьная стралковая рота
    • Гаспадарчая дружына
    • Два стралковыя ўзводы па тры дружыны
  • Кулямётная школьная рота
    • Гаспадарчая дружына
    • Два школьныя кулямётныя ўзводы па тры дружыны
    • 3 школьны зброевы ўзвод[12]

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры батальёна[правіць | правіць зыходнік]

  • жнівень 1928 — 12 сакавіка 1929 — падпалкоўнік пяхоты Казімір Нядзведскі[13]
  • ліпень 1929 — 23 жніўня 1929 — маёр пяхоты Павел Гайдук[13]
  • 23 жніўня 1929 — 13 лютага 1931 — падпалкоўнік пяхоты Уладзіслаў Вецярынскі
  • 27 лютага 1931 — май 1933 — маёр Ян Рагоўскі
  • май 1933 — жнівень 1933 — маёр пяхоты Ян Ляховіч
  • жнівень 1933 — красавік 1934 — маёр пяхоты Адам Абтуловіч[13]
  • красавік 1934 — 19 лістапада 1936 — маёр пяхоты Антоні Цяшкоўскі[13]
  • 19 лістапада 1936 — верасень 1939 — падпалкоўнік Ян Казаноўскі[14]

Штат батальёна ў кастрычніку 1928 года[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандзір — падпалкоўнік пяхоты Казімір Нядзведскі
  • Ад’ютанткапітан Яўген Рагоўскі
  • Афіцэр выведкіпаручнік Вітольд Мілеўскі
  • Лекар — паручнік Мікалай Кішкель
  • Камандзір узвода сувязі — паручнік Уладзіслаў Кудліньскі
  • Кватэрмайстар — маёр Павел Гайдук
  • Афіцэр па матэрыялах — капітан Браніслаў Іваньчук
  • Афіцэр па харчаванню — паручнік Антоні Навасадаўскі
  • Афіцэр па плацяжах — паручнік Антоні Сватко
  • Камандзір першай стралковай роты — капітан Станіслаў Баран
  • Камандзір другой стралковай роты — паручнік Люцыян Скіргайла
  • Камандзір трэцяй стралковай роты — капітан Станіслаў Пачкоўскі
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Станіслаў Урбаноўскі[15]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rozkaz wykonawczy Ldz. KOP 5200/tjn.Og.org./27 dowódcy Korpusu Ochrony Pogranicza w sprawie formowania 5-ciu batalionów KOP i 3-ch kompanii piechoty z 8 września 1926 roku. — 1926.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Nowogródek»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.