Брыгада КАП «Вільна»
Брыгада Корпуса аховы памежжа «Вільна» | |
---|---|
Гады існавання | 1926 — 1937 |
Краіна | Польшча |
Уваходзіць у | Корпус аховы памежжа |
Тып | брыгада |
Функцыя | Ахова дзяржаўнай мяжы |
Дыслакацыя | Гарнізон Вільна |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры |
палкоўнік Стэфан Паслаўскі палкоўнік Мар’ян Ацэткевіч |
Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Ві́льна» (польск.: Brygada KOP «Wilno») — шостая брыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1926—1937 гадах у гарнізоне каля Вільні.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На трэцім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе распараджэння міністра ўнутраных спраў №1099 ад студзеня 1926 года была заснавана шостая памежная брыгада.
Да моманту стварэння брыгады дзяржаўную мяжу з Латвіяй у раёне Слабодкі ахоўваў 19-ы памежны рэзервовы батальён разам з 18-ым і 19-ым кавалерыйскімі эскадронамі. Станам на пачатак сакавіка 1926 г., у склад брыгады ўваходзілі 20-ы памежны батальён у Новых Свянцянах, 21-ы памежны батальён у Немянчыне, 22-ы памежны батальён у Новых Троках, 23-ы памежны батальён у Аранах, 24-ы памежны батальён у Сейнах, а таксама 18-ы, 19-ы і 20-ы кавалерыйскія эскадроны. Даўжыня ўчастка памежнай паласы, вызначанай для аховы брыгадай складала 583 км, глыбіня дасягала 30 км. Камандаванне знаходзілася ў Вільне (па звестках 1931 года, на вуліцы Вастрабрамскай, 7)[2].
У 1926 г. на ўзроўні брыгады была ўтворана школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была размешчана пры 21-ым памежным батальёне, пазней ліквідаваная ўлетку 1928 года. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў адчынены школьны батальён Корпуса аховы памежжа[3].
У 1927 годзе ў складзе брыгады адбыліся рэарганізацыйныя змены: утвораны камандаванне 6-й паўбрыгады аховы памежжа, 29-ы рэзервовы батальён і тры памежныя роты для 19-га, 22-га і 23-га памежных батальёнаў. Камандаванню шостай паўбрыгады былі падпарадкаваны тры батальёны (23-ы, 24-ы і 29-ы) і 19-ы кавалерыйскі эскадрон. Астатнія падраздзяленні засталіся ў непасрэдным падпарадкаванні камандаванню брыгады[4].
Аб’яднаныя ў ліпені 1929 г. 3-я і 6-я памежныя брыгады займелі назву «Вільна» згодна з правілам, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву ў адпаведнасці з мясцовасцямі іх размяшчэння. Пры гэтым, абавязковая нумарацыя частак захоўвалася, але праз два гады цалкам была скасавана. Таксама, у выніку злучэння брыгадаў, было ліквідавана камандаванне 6-й паўбрыгады і заснаваны два палкі: «Вілейка» і «Глыбокае».
З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, 1 красавіка 1928 года быў адчынены навучальны цэнтр для іх падтрыхтоўкі пры 21-ым памежным батальёне ў Вільні, а ў 1931 г. сапёрныя роты з’явіліся пры ўсіх памежных брыгадах[5]. Яны дзяліліся на 4 часткі і называліся паводле адзінак іх размяшчэння[6]. У брыгадзе «Вільна» была ўтворана рота другога тыпу, якая складалася з камандавання, гаспадарчай дружыны і трох сапёрных узводаў па тры дружыны ў кожным. Штат роты складаўся з чатырох афіцэраў, адзінаццаці ўнтэр-афіцэраў і 91 шараговага жаўнера[7].
Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго дадзеная брыгада была расфармавана. Палкі, якія ўваходзілі ў яе склад, сталі самастойнымі падраздзяленнямі, падпарадкаванымі непасрэдна камандаванню Корпуса аховы памежжа[8].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]
Арганізацыя ў снежні 1927 года[правіць | правіць зыходнік]
|
Арганізацыя ў 1934 годзе[правіць | правіць зыходнік]
|
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- сакавік 1926 — чэрвень 1927 — палкоўнік пяхоты Стэфан Віктар Паслаўскі[11]
- 16 чэрвеня 1927 — 23 лютага 1929 — падпалкоўнік сапёраў Артур Уладзімір Горскі
- 23 лютага 1929 — 1930 — палкоўнік пяхоты Францішак Карэва
- сакавік 1935 — сакавік 1937 — палкоўнік пяхоты Мар'ян Юзаф Ацэткевіч[11]
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Дамінічак 1992, с. 111.
- ↑ Прохвіч 1994, с. 152.
- ↑ Бяроза, Шчэпаньскі 2014, с. 54.
- ↑ Прохвіч 1994, с. 153.
- ↑ Прохвіч 2003, с. 153.
- ↑ Прохвіч 2003, с. 43.
- ↑ Кутар 2005, с. 50.
- ↑ Прохвіч 1994, с. 157.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 31.
- ↑ Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 46.
- ↑ а б Вішнеўская, Проміньская 2013, с. 10.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
- Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
- Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
- Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
- Здзіслаў Юзаф Кутар. Saperzy II Rzeczypospolitej. — Варшава: Pat, 2005. — ISBN 83-921881-3-6.
- Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
- Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.