Кальман Калачай
Кальман Калачай | |
---|---|
Kalocsay Kálmán | |
Род дзейнасці | |
Дата нараджэння | 6 кастрычніка 1891 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 лютага 1976 (84 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | Венгрыя |
Месца працы | |
Альма-матар |
|
Член у |
|
Аўтограф | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кальман Калачай (венг.: Kálmán Kalocsay, эспер.: Kalomano Kaloĉajo; 6 кастрычніка 1891 — 27 лютага 1976; Псеўданімы: Kopar, Alex Kay, Malice Pik, C.E.R. Bumy, Peter Peneter, -y, K. Stelov) — венгерскі паэт і перакладчык на эсперанта, тэарэтык граматыкі і словаўтварэння эсперанта. Венгр паводле нацыянальнасці. Эсперанцкай літаратуразнаўчай традыцыяй прызнаны найбольш значным паэтам на эсперанта.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]К. Калачай нарадзіўся 6 кастрычніка 1891 года ў мястэчку Абаўйсанта. Яго бацька быў юрыстам, маці памерла маладой у 1893 годзе.
У 1914 годзе, калі ён быў яшчэ студэнтам медыцынскага ўніверсітэта, К. Калачай пайшоў на фронт, дзе знаходзіўся каля трох гадоў. Паралельна з армейскай службай ён працягваў вучобу, атрымаўшы дыплом урача ў маі 1916 года. З 1920 года і да пенсіі (у 1966 годзе) працаваў урачом-інфекцыяністам (у некаторых крыніцах ягоная спецыяльнасць памылкова пазначана як хірургія) у будапешцкай бальніцы Святога Ласла. Нягледзячы на значныя поспехі ва ўрачэбнай і навуковай дзейнасці (абараніў доктарскую дысертацыю; пад канец кар'еры займаў высокія пасады, меў некалькі дзяржаўных узнагарод), большую частку сваёй энергіі ён накіроўваў на эсперанта-дзейнасць.
К. Калачай памер 27 лютага 1976 года ў Будапешце. Быў пахаваны ў сямейным склепе ў мястэчку Марыабешнё (w:hu:Máriabesnyő).
Эсперанта-дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]З эсперанта ён пазнаёміўся ў 1911 годзе. Згодна з яго ўласным прызнаннем, спачатку ён сур'ёзна цікавіўся таксама мовай іда, але аддаў перавагу эсперанта, бо прызнаў гэту мову больш выразнай і гнуткай. Эсперанта-грамадствам Калачай прызнаны адным з найбольш выдатных паэтаў і эсперантолагаў; ягоныяпадыходы да граматыкі эсперанта значна развілі (а ў шэрагу выпадкаў — нават рэфарміравалі) вы́разныя формы эсперанта і шмат у чым спрыялі яго стабілізацыі як моўнай сістэмы. На працягу жыцця К. Калачай займаў шматлікія пасады ў розных эсперанта-арганізацыях.
Арыгінальная паэзія
[правіць | правіць зыходнік]Як паэт ён стаў вядомы пасля выдання некалькіх паэтычных зборнікаў на эсперанта: «Mondo kaj koro» («Свет і сэрца», 1921), «Rimportretoj» («Рыфмаваныя партрэты», 1931) і асабліва «Streĉita kordo» («Напятая струна», 1931), які быў прызнаны адным з лепшых паэтычных зборнікаў на эсперанта. Яму таксама належыць знакаміты зборнік эратычных санетаў «Sekretaj sonetoj» («Сакрэтныя санеты», 1932, падпісаны псеўданімам Peter Peneter). Акрамя гэтых найбольш знакамітых твораў, яго пяру належаць зборнікі «Izolo» («Ізаляцыя», быў апублікаваны ў 1939, але яго распаўсюджванню перашкодзіла Другая сусветная вайна: амаль увесь тыраж згарэў, па захавалым экзэмпляры зборнік быў перавыдадзены ў 1977), «Ezopa saĝo» («Эзопава мудрасць», 1956; паэтычныя пераказы баек Эзопа); ужо пасля смерці паэта была выдадзена кніга «La dek du noktoj de satano» («Дванаццаць начэй д'ябла», 1990; гэты твор нярэдка разглядаецца як найбольш выдатны эратычны твор на эсперанта), зборнік вершаў «Versoj oni ne aĉetas» («Вершамі не гандлююць», 1922) і некалькі невялікіх анталогій яго паэзіі.
У паэзіі Калачай быў прыхільнікам класічных мадэляў і цвёрдых форм, некаторыя з каторых былі ўведзены ў эсперанта-паэзію менавіта ім. Нягледзячы на тое, што згодна з яго прызнаннем, ён быў далёкі ад паэзіі «звернутай да інтэлекту менш, чым да іншых сфер», ягоная паэзія вельмі насычана эмацыянальна.
Пры тым, што адносна форм Калачай быў кансерватарам, адносна паэтычнай мовы ён дзейнічаў як смелы наватар: яго схільнасць да ўзбагачэння эсперанта шляхам увядзення невытворных сінонімаў (напрыклад, такія эсперанцкія словы, створаныя з дапамогай прыстаўкі адмаўлення mal- як mallonga [кароткі], malami [ненавідзець], maljuna [стары] замяняліся безпрыстаўкавымі словамі kurta, hati olda) ухвалялі далёка не ўсе. Па гэтым пытанні з Калачай палемізавалі прыхільнікі «простага» эсперанта (у тым ліку ягоны зямляк Дзьюла Багі). Зараз, тым не менш, гэтая палеміка ў эсперанта-грамадстве разглядаецца толькі з гістарычнага боку, а амаль усе новатворы Калачаі сталі арганічнай часткай сучаснага эсперанта.
К. Калачай значна ўплыў на развіццё эсперанта-паэзіі яшчэ і тым, што быў рэдактарам часопіса «Літаратурны свет» («Literatura mondo»; выдаваўся з перапынкамі ў 1922—1949), які задаваў тон развіццю ўсёй літаратуры на эсперанта ў міжваенны перыяд. Вакол яго сфарміравалася асобная, так званая «Будапешцкая» паэтычная школа (эспер.: Budapesta skolo).
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]К. Калачай пераклаў на эсперанта мноства паэтычных твораў з розных моў свету. Да найбольш выдатных яго дасягненняў крытыкі адносяць пераклад паэмы «Трагедыя чалавека» венгерскага пісьменніка Імрэ Мадача («La tragedio de l' homo», пераклад выдадзены ў 1924 годзе; у 1965 годзе выйшла дапрацаванае выданне) і пераклад першай часткі Боскай камедыі Дантэ Аліг’еры («Infero», выд. 1933). Заслугоўвае згадкі таксама анталогія «Tutmonda sonoro» («Сусветны звон»), у якую ўвайшлі паэтычныя пераклады з 30 моў.
У сваіх перакладах Калачаі прытрымліваўся тых жа прынцыпаў, што і ў арыгінальнай паэзіі, актыўна распрацоўваў вы́разныя здольнасці эсперанта. Акрамя паэзіі ён перакладаў і прозу, але яго празаічныя пераклады не мелі такой адметнасці, як паэтычныя.
Унёсак у эсперанталогію
[правіць | правіць зыходнік]К. Калачай актыўна займаўся вывучэннем эсперанта як моўнай сістэмы. Ён з'яўляецца аўтарам (ці сааўтарам) шматлікіх артыкулаў ці кніг па граматыцы і стылістыцы эсперанта; значна распрацаваў тэорыю эсперанцкага словаўтварэння (базу для якой заклаў Рэнэ дэ Сасюр). Яго аўтарытэт як граматыка і эсперантолага быў агульнапрызнаным: вельмі доўгі час ён быў членам арганізацый-рэгулятараў эсперанта: моўнага Камітэта (1922—1948) і Акадэміі эсперанта (1949—1976).
Сярод самых значных эсперанталагічных твораў Калачай трэба згадаць:
- «Lingvo, stilo, formo» («Мова, стыль, форма», 1931) — твор аб стылістыцы эсперанта, закранаў таксама пытанні словаўтварэння.
- «Parnasa gvidlibro» («Даведнік па Парнасу»; сумесна з Г. Варэнгьенам і Р. Бернардам; першае выданне выйшла ў 1932 годзе) — твор апісвае прынцыпы і нормы эсперанцкага вершаскладання.
- «Plena analiza gramatiko de Esperanto» («Поўная аналітычная граматыка эсперанта»; сумесна з Г. Варэнгьенам; першае выданне выйшла ў 1938 годзе, апошняе, пятае выданне — у 1985) — найбольш фундаментальнае апісанне граматыкі эсперанта. Нягледзячы на тое, што асобныя падыходы, прапанаваныя ў кнізе, неаднаразова падвяргаліся крытыцы, гэта выданне стала дэ-факта стандартам і адной з найбольш аўтарытэтных эсперанталагічных прац.
К. Калачай быў таксама галоўным рэдактарам і складальнікам двухтомнай «Энцыклапедыі эсперанта» (1934).
Асноўныя творы
[правіць | правіць зыходнік]У ніжэйпрыведзеным спісе прадстаўлены найбольш вядомыя і/або знакавыя творы К. Калачая. Указаны толькі год першага выдання, але многія з яго твораў шматразова перавыдаваліся.
Арыгінальная проза
[правіць | правіць зыходнік]- «Mondo kaj koro» («Свет і сэрца», 1921)
- «Rimportretoj» («Рыфмаваныя партрэты», 1931)
- «Streĉita koro» («Нацягнутая струна», 1931)
- «Sekretaj sonetoj» («Сакрэтныя санеты», 1932)
- «Izolo» («Ізаляцыя», 1939)
- «Ezopa saĝo» («Мудрасць Эзопа», 1956)
- «La dekdu noktoj de satano» («Дванаццаць начэй д'ябла», выдадзена пасля смерці аўтара ў 1990 годзе)
- «Versoj oni ne aĉetas» («Вершамі не гандлююць», выдадзена пасля смерці аўтара ў 1992)
Паэтычныя пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- «Kantata kamparo» («Пявучая вёска», збор народных песень, 1921)
- «La tragedio de l' homo» («Трагедыя чалавека», паэма венгерскага пісьменніка Імрэ Мадача, выд. 1924, перапрацаваны пераклад выдадзены ў 1965)
- «Ni kantu!» («Давайце спяваць!», збор народных песень, 1928)
- «Eterna bukedo» («Вечны букет», пераклады паэзіі з 22 моў, 1931)
- «Johano la Brava» («Віцязь Янаш», эпічная паэма Ш. Пецёфі, 1932, перапрацаваны пераклад выйшаў у 1948 годзе)
- «Romaj elegioj» kaj «La taglibro» («Рымскія элегіі» і «Дзённік» — пераклады твораў Гётэ, 1932)
- «Hungara antologio» («Венгерская анталогія», зборнік перакладаў венгерскай паэзіі, 1933; Калачай рэдагаваў зборнік і сам пераклаў значную частку вершаў)
- «Infero» («Пекла», першая частка «Боскай камедыі» Дантэ, 1939)
- «La floroj de l' malbono» («Кветкі зла», зборнік вершаў Шарля Бадлера, 1957; пераклад быў здзейснены сумесна з Г. Варэнг'ен і некаторымі іншымі перакладчыкамі)
- «Reĝo Lear» («Кароль Лір», пераклад п’есы Шэкспіра, 1966)
- «Somermeznokta sonĝo» («Сон у летнюю ноч», пераклад п’есы Шэкспіра, 1967)
- «Kantoj kaj romancoj» («Песні і рамансы», пераклад вершаў Гейнэ, 1969, сумесна з Г. Варэнг'енам)
- «La tempesto» («Бура», пераклад п’есы Шэкспіра)
- «Libero kaj amo» («Свабода і каханне», пераклады выбраных вершаў Ш. Пецёфі)
- «Tutmonda sonoro» («Сусветны звон», паэтычная анталогія, якая складаецца з вершаваных перакладаў з 30 моў, якія прадстаўляюць усе эпохі ад старажытнага свету да 20-га стагоддзя, выдадзена ў 1981 годзе)
Празаічныя творы
[правіць | правіць зыходнік]- «Du kokcineroj», «La montro» («Дзве божыя кароўкі», «Паказ», навелы Г. Гардані, 1923)
- «Morgaŭ matene» («Заўтра на світанку», драма Ф. Карынці, 1923)
Лінгвістычныя творы
[правіць | правіць зыходнік]- «Lingvo, stilo, formo» («Мова, стыль, форма», 1931)
- «Parnasa gvidlibro» («Даведнік па Парнасу», сумесна з Г. Варэнг'енам і Р. Бернарам, 1932)
- «Plena gramatiko de Esperanto» («Поўная граматыка эсперанта», сумесна з Г. Варэнг'енам; першае выданне выйшла ў 1938 годзе, потым кніга шматразова перавыдавалася, апошнія выданні выходзілі пад назвай «Поўная аналітычная граматыка», эспер.: Plena analiza gramatiko, PAG)
- «Vojaĝo inter tempoj» («Падарожжа між часамі», 1966)
- «6000 frazeologiaj esprimoj hungara-Esperantaj» («6000 фразеалагічных выразаў венгерска-эсперанцкіх», сумесна з А. Чысар, 1975)
Ушанаванне памяці К. Калачая
[правіць | правіць зыходнік]Імем К. Калачая названы вуліцы ў гарадах Абаўйсанта і Мішкальц; у горадзе Марыабешнё ў яго гонар усталяваны дзве мемарыяльныя дошкі. У яго родным горадзе яму ўсталяваны бронзавы бюст, створаны і дзейнічае Памятны Пакой.
У 1991 годзе было створана міжнароднае Таварыства сяброў доктара К. Калачай (эспер.: Amika Societo de d-ro K. Kalocsay), якое займаецца перавыданнем яго твораў, дапаўненнем бібліяграфіі і інфармацыйнай дзейнасцю.
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #130357685 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Асобы
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты Венгрыі
- Паэты XX стагоддзя
- Паэты на эсперанта
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Венгрыі
- Перакладчыкі XX стагоддзя
- Перакладчыкі прозы і драматургіі на эсперанта
- Перакладчыкі паэзіі на эсперанта
- Перакладчыкі з рускай мовы
- Перакладчыкі з венгерскай мовы
- Перакладчыкі з англійскай мовы
- Нарадзіліся 6 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1891 годзе
- Нарадзіліся ў Венгрыі
- Памерлі 27 лютага
- Памерлі ў 1976 годзе
- Памерлі ў Будапешце
- Выпускнікі Будапешцкага ўніверсітэта
- Перакладчыкі на эсперанта
- Пісьменнікі на эсперанта
- Эсперантысты
- Эсперантолагі