Перайсці да зместу

Камянец-Падольскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замак
Камянец-Падольскі замак
укр.: Кам'янець-Подільська фортеця
Від на замак Камянца-Падольскага
Від на замак Камянца-Падольскага
48°40′24″ пн. ш. 26°33′45″ у. д.HGЯO
Краіна  Украіна
Горад Камянец-Падольскі
Заснавальнік князі Карыятавічы
Дата заснавання XI—XIII стст.
Стан добры
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Камяне́ц-Падо́льскі за́мак (укр.: Кам'яне́ць-Поді́льська форте́ця) — абарончы комплекс 11—19 стст. у горадзе Камянцы-Падольскім (цяпер раённы цэнтр Хмяльніцкай вобласці Украіны).

Размешчаны на скалістым мысе ракі Смотрыч, з паўночна-ўсходняга боку злучаны вузкім перашыйкам са Старым местам Камянца-Падольскага[ru]. Паводле свайго сітуацыйнага размяшчэння замак ахоўваў подступы да плато, на якім ляжаў горад.

Замак з'яўляецца часткаю Нацыянальнага гісторыка-архітэктурнага запаведніка «Камянец»[ru], які належыць да «сямі цудаў Украіны».

Карта 1691 года
Від на Камянец-Падольскую Крэпасць 1793—1798 гг. Крыніца: Дзяржаўны Архіў у Познані.

Мяркуецца, што мураваныя ўмацаванні пабудаваны ў 11 ст. на аснове больш ранніх дрэва-земляных. Паводле меркавання іншых спецыялістаў (Т. Поляк), заходні каменны мур і далучаныя да яго 4 квадратныя ў плане вежы былі збудаваны ў 13 ст. Рэшткі ўмацаванняў перыяду Кіеўскай Русі выяўлены ў розных частках замка: у Дзённай вежы фрагмент муру з байніцамі; пасярэдзіне замкавага двара — рэшткі невялікай авальнай у плане вежы. У канцы 12 — пачатку 13 ст. тэрыторыя замка займала плошчу каля 550 м², шырыня была 22 м, даўжыня 25 м. З напольнага боку меўся каменны мур з зубцамі і шчылінападобнымі байніцамі.

У час паходу[ru] Бату-хана 1240—1241 гадоў замак быў узяты мангольскім войскам; па загаду баскакаў абарончыя збудаванні былі разабраны. Ад мангольскага панавання Падолле і Камянец-Падольскі замак былі вызвалены пасля пераможнай бітвы каля Сініх Вод у 1362 годзе.

На Падоллі замацаваліся князі Юрый?!, Аляксандр[ru] і Канстанцін[ru] Карыятавічы. Яны адбудавалі знішчаны замак: аднавілі муры, лінія якіх была замкнута ва ўсходняй частцы замка, дабудавалі вонкавыя акруглыя ў плане вежы. Дзядзінец меў трохвугольны план.

У 1393 годзе Камянец-Падольскі замак узяў вялікі князь Вітаўт, пасля таго як Фёдар Карыятавіч[ru] адмовіў яму ў паслушэнстве. У 1395 Ягайла перадаў Падолле кракаўскаму ваяводу Спытку з Мельштына[ru] (загінуў у 1399 у бітве на Ворскле), які пачаў значную разбудову Камянец-Падольскага замка. У 1411 Падолле і Камянец-Падольскі замак у пажыццёвае ўладанне ад Ягайлы атрымаў Вітаўт.

У 1432 вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч канчаткова перадаў Польшчы Заходняе Падолле і Камянец-Падольскі замак. З 1463 Камянец-Падольскі быў цэнтрам Падольскага ваяводства, рэзідэнцыя ваяводы знаходзілася ў замку.

У сярэдзіне 15 ст. замак перапланаваны — старыя вежы мадэрнізаваны, закладзена 10 новых (захавалася 8). У 3-й чвэрці 15 ст. рэалізавана канцэпцыя абаронча-гідратэхнічнага комплексу, якая мела на мэце штучнае аднаўленне затопленага вадою прыроднага каньёна. Наступная рэканструкцыя адбылася ў 1540-х гадах пад кіраўніцтвам вайсковага інжынера і прыдворнага архітэктара Жыгімонта Старога Іоба Брэтфуса (Прэтфуса)[pl], які пабудаваў Новую Заходнюю вежу з барбаканам і Новую Усходнюю вежу (над даўнім калодзежам, які захаваўся да нашага часу, як і сама вежа), а таксама Польную браму з мостам (рэшткі выяўлены ў час даследаванняў), былі ўзведзены зубцы на паўднёвым муры. Стала 12 веж, прыстасаваных да агнястрэльнай зброі. Рэканструкцыя, у тым ліку пабудова Папскай вежы ў 1503—1513, праводзілася на датацыі рымскіх папаў Юлія ІІ і Льва Х, якія імкнуліся ўмацаваць цвярдыню на мяжы хрысціянскага свету з Турцыяй.

У 1621 у сувязі са з'яўленнем дальнабойнай артылерыі вайсковы спецыяліст Тэафіл Шомберг пабудаваў перад заходнім фасадам замка каменна-земляныя бастыённыя ўмацаванні новаітальянскай сістэмы, якія атрымалі назву Новая фартэцыя (замак).

Нягледзячы на мадэрнізацыю, у 1672 замак узяты турэцкім войскам на чале з султанам Магаметам IV[ru]. Пад турэцкім панаваннем знаходзіўся да 1699. Турэцкія ўлады правялі сваю мадэрнізацыю фартэцыі, яе гарнізон дасягнуў 6 тысяч чал. Камянец-Падольскі замак стаў адной з наймагутнейшых асманскіх фартэцый. Касцёл св. Станіслава ў паўднёвай частцы замка быў перабудаваны ў мячэць.

У 2-й палавіне 18 ст. значную мадэрнізацыю Камянец-Падольскага замка правялі інжынеры Рэчы Паспалітай. У 1762 генерал-маёр кароннага войска шведскі інжынер Крысціян Дальке, які з 1759 быў камендантам фартэцыі, дабудаваў Паўднёвы дзядзінец (бастыён). У 1783 камендант Ян дэ Вітэ[ru] рэканструяваў Польную (Польскую) браму. У 1790—1791 Станіслаў Завадзкі пабудаваў Паўночны дзядзінец (бастыён). Усе гэтыя змены сведчылі аб павышэнні ролі артылерыі ў абароне. Ва ўнутраным двары былі пабудаваны карпусы казарм.

Камянец-Падольскі замак. Літаграфія Напалеона Орды.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) замак у складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады праводзілі свае рэканструкцыі. Як вайсковая фартэцыя замак значыўся да 1812. У далейшым — гарнізонны аб'ект з турмою і шпіталем.

Камянец-Падольская крэпасць у 2015 годзе

На сёння захаваліся 11 веж. Нягледзячы на шматлікія рэканструкцыі, замак — цэласны архітэктурны ансамбль. Унікальнай інжынернай пабудовай з'яўляецца замкавы мост[uk], які некаторыя даследчыкі звязваюць з рымскім часам, што выклікае абгрунтаваныя пярэчанні іншых спецыялістаў.

У 1928 годзе ўрадам УССР замак разам са Старым местам Камянца-Падольскага абвешчаны рэспубліканскім гісторыка-культурным запаведнікам; з 1937 у замку знаходзіцца музей. Актыўныя археалагічныя, архітэктурныя і гістарычныя даследаванні замка пачаліся ў 1960-я гады і цяпер працягваюцца ўкраінскімі (Е. Пламяніцкая, А. Пламяніцкі, Г. Хацюн, І. Вінакур, М. Пятроў) і польскімі спецыялістамі (Т.Новак, П. Окань, Я. Рымша, Я. Янчыкоўскі). У 1990-я гады пачата рэстаўрацыя комплексу Старога і Новага замкаў, а таксама моста (знаходзіцца ў аварыйным стане); за ніжнюю дату рэстаўрацыі былі абраны 1540-я гады.

Востраў, на якім знаходзіцца крэпасць, акружаны каньёнам. Па каньёне працякае рака Смотрыч[ru], якая сваім цячэннем утварае пятлю — абцякае вакол высокай гары і, не даходзячы да свайго рэчышча некалькі метраў, паварочвае і цячэ далей. У тым месцы, дзе Смотрыч, абцякаючы востраў, робіць сваім рэчышчам пятлю, стаіць на рагу, утвораным двума ярамі, Камянецкі замак. З горадам ён злучаецца вузкаю паласою скалы, на якой пабудаваны Замкавы мост[uk].

Замак зімою. Снежань 2010 года

Крэпасць уяўляе сабою многавугольнік выцягнутай формы. Яна абнесена высокімі сценамі з вежамі на кожным куце. Пачынаючы злева ад усходняй брамы замак уключае наступныя вежы:

  • Папская вежа,
  • Каўпак,
  • Тэнчынская вежа,
  • вежа № 8 Ляцкая[1],
  • Дзённая вежа,
  • Новая заходняя вежа,
  • Малая заходняя вежа,
  • Ражанка,
  • Каменданцкая вежа,
  • вежа Лянцкаронская,
  • Чорная вежа (падмурак),
  • Новая ўсходняя,
  • Водная вежа (знаходзіцца каля рэчкі).

Факты пра замак

[правіць | правіць зыходнік]
  • Дзярновіч А. Камянец-Падольскі замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 29—30. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • Будянськa Т. Замок у Кам'янці-Подільському. Київ, 1961.
  • Nоwak T. Twierdza Kamieniec Podolski w 18 w. na tle polskiej fortyfikacji na ziemiach zagrożonych najazdami turków i tatarów // Fortyfikacja. Warszawa, 1995. T. 1.
  • Пламеницька О. А. Оборонно-гідротехнічний комплекс y Кам'янці-Подільському // Пам'ятки України. 1998. № 3—4.
  • Kamieniec Podolski: Studia z dziejów miasta i regionu. Kraków, 2000. Т. 1.
  • Мальченко О. Укреплені поселення Брацлавського, Київського i Подільського воєводств (XV — середина XVII ст.). Київ, 2001.