Лоеўскае геалагічнае агаленне
Лоеўскае геалагічнае агаленне — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння на Беларусі з 1963 г. Размешчана ў парку г.п. Лоеў Гомельскай вобласці, на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Вывучаецца беларускімі вучонымі з 1930 г. Уключае адклады муравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу.
Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін — бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш., 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Лоеўскае геалагічнае агаленне з'яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі, на якіх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення, і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лоеўскае геалагічнае агаленне. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).