Майска-чэрвеньскае наступленне (2000)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Майска-чэрвеньскае наступленне 2000 года
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйская вайна
Дата 12 мая11 чэрвеня 2000
Месца эфіопа-эрытрэйскае памежжа, Эрытрэя
Вынік перамога Эфіопіі
Праціўнікі
Эфіопія
Расія Расійскія ваенспецы
Эрытрэя Эрытрэя
Камандуючыя
Негаса Гідада  (амх.)
Мелес Зенаўі
Цадкан Гебрэтэнсэй
Самора Юніс  (англ.)
Абебе Тэкле Хайманота
Расія Якім Янакаў
Расія Дзмітрый Яфіменка
Расія Іван Фралоў
Расія Яўген Абухоў
Эрытрэя Ісаяс Афеворкі
Эрытрэя Себхат Эфрэм
Эрытрэя Філіпас Вальдэяханэс
Сілы бакоў
  • 170 000 на перадавой (14 дывізій)
    • 70 000 на заходнім фронце
    • 75 000 на цэнтральным фронце
    • 25 000 на ўсходнім фронце
  • 130 000 на перадавой (15 дывізій)
    • 55 000 на заходнім фронце
    • 60 000 на цэнтральным фронце
    • 15 000 на ўсходнім фронце
Страты
Сухапутныя страты
  • 22 000 беззваротных страт (ацэнка М. Жырахава)
Сухапутныя страты
  • 25 000 беззваротных страт, 8 дывізій знішчаны і 7 цяжка пацярпелі (ацэнка М. Жырахава)
  • 12 дывізій знішчаны (ацэнка І. Канавалава)
Авіяцыйныя страты
  • 1 верталёт збіты (заява УС Эфіопіі)
  • 8 самалётаў і 1 верталёт збіты (заява УС Эрытрэі)
Авіяцыйныя страты
  • 1 самалёт збіты і 1 пашкоджаны (звесткі І. Канавалава і М. Жырахава)

Майска-чэрвеньскае наступленне 2000 года — вырашальнае наступленне Узброеных сіл Эфіопіі падчас пагранічнай вайны з Эрытрэяй. У ходзе аперацыі эфіопы выбілі праціўніка з усіх спрэчных памежных раёнаў і працягнулі свой поспех, захапіўшы 1/4 тэрыторыі варожай дзяржавы[1]. Армія Эфіопіі апынулася ў 50 км ад Асмэры, сталіцы Эрытрэі[2].

Дзякуючы выкарыстанню тактычных і аператыўна-стратэгічных хітрыкаў, дапамогі расійскіх спецыялістаў і панаванню ў паветры эфіопская армія паспяхова прарвала абарону праціўніка, у той час як эрытрэйскі бок панёс небывалыя страты. З-за немагчымасці далей працягваць вайну і ціску міжнароднай супольнасці краіны былі вымушаны заключыць мірнае пагадненне.

Сітуацыя напярэдадні[правіць | правіць зыходнік]

Першая палова 1999 года адзначылася чарговым вітком буйных баёў у памежжы, за якім рушылі ўслед новыя спробы бакоў урэгуліраваць канфлікт мірным шляхам. Эрытрэйцы за мінулую кампанію пацярпелі паразу, таму прэзідэнт Ісаяс Афеворкі быў вымушаны прыняць амерыкана-руандыйскі праект пагаднення аб урэгуляванні канфлікту[2]. Ён быў распрацаваны яшчэ ў 1998 годзе, у пачатку вайны, і прадуглежваў адвод воінскіх фарміраванняў на першапачатковыя пазіцыі[3][4]. Тады з праектам была згодна Эфіопія, але афіцыйная Асмэра адмовілася падпісываць дагавор. На гэты раз сітуацыя была адваротнай, паколькі эфіопскі ўрад не хацеў вывадзіць войскі з раёна Бадмэ, узятага з вялізнымі стратамі[2].

Пачаліся перамовы пры пасярэдніцтве алжырскага прэзідэнта Абдэля Азіза Бутэфлікі. Аднак дыпламатычнае манеўраванне не магло падмануць ўдзельнікаў супрацьстаяння, так як Эфіопія і Эрытрэя чакалі вырашальнай сутычкі[5]. На апошнім раўндзе перамоваў у перыяд з 29 красавіка па 4 мая 2000 года эрытрэйцы сталі вылучаць новыя ўмовы і, па сутнасці справы, сарвалі падпісанне пагаднення аб спыненні агню[6].

Сілы і падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Як пісаў расійскі ваенны карэспандэнт і гісторык Іван Канавалаў  (руск.)[2], на канец вайны эфіопская армія налічвала 350 тыс. байцоў, палова з якіх (14 дывізій) былі на перадавой. У арміі Эрытрэі да гэтага моманту было 200—250 тыс., з іх 130 тыс. (15 дывізій) размяшчаліся ў зоне баявых дзеяннаў. Асобна па франтах суадносіны сіл выглядалі наступным чынам: заходні (сектар Бадмэ) — 70 тыс. эфіопаў супраць 55 тыс. эрытрэйцаў, цэнтральны (сектар Цэрона—Заламбеса—Алітэна) — 75 тыс. супраць 60 тыс., усходні (сектар Бурэ) — 25 тыс. супраць 15 тыс.

Эфіопскае камандаванне правяло сур’ёзную падрыхтоўку, ажыццявіўшы ваенныя хітрыкі на стратэгічным і тактычным узроўнях. У першым выпадку эфіопская армія спланавала свой першы ўдар на заходнім участку фронту. Гэта было нечакана для эрытрэйцаў, якія чакалі галоўнага ўдару праціўніка ў цэнтральным сектары, на найкарацейшай адлегласці да Асмэры, дзе эрытрэйскае кіраўніцтва засяродзіла большую частку сіл. У другім выпадку ў тыл эрытрэйскіх пазіцый ноччу перад аперацыяй пратачыліся часці спецназа з безадкатнымі гарматамі і мінамётамі. Утоенасць манёўру забяспечвала выкарыстанне для перавозкі ўзбраенняў і боепрыпасаў аслоў і іншых клуначных жывёл[2][6].

Акрамя ўсяго іншага, 90 танкаў Т-55 былі зняты з фронту і адпраўлены ў тыл для прафілактычнага рамонту[2].

Па даных італьянскага часопіса Analisi Difesa, у планаванні майскага наступлення 2000 года ўдзельнічалі замежнікі. Аперацыю рыхтавалі васемнаццаць расійскіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў вышэйшага каманднага звяна, у тым ліку тры ад ВПС і адзін ад СПА[7].

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Майскія падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 12 мая, у другую гадавіну пачатку вайны, эфіопская армія перайшла ў наступленне на захадзе.

Удары па пазіцыях эрытрэйцаў адначасова нанеслі з фронту, тылу і флангаў. Перадавая лінія абароны была рассечана, а за два дні баёў ачагі супраціву былі цалкам знішчаны. Эрытрэйская армія вымушана была пачаць агульнае адступленне на поўнач, знаходзічыся пад атакамі варожай бранятэхнікі і авіяцыі. Войскі сталі бязладна адступаць у трох кірунках: на захад, у бок Шылала, Дукамбія; на паўночны захад, у бок Барэнту; на паўночны ўсход, у бок Май-Дыма, Арэса. Эфіопы не давалі праціўніку адарвацца і перагрупаваць свае сілы і перашкаджалі замацавацца на прамежкавых рубяжах[6][2].

Рухаючыся па разбежных напрамках, эфіопы на працягу некалькіх дзён узялі Дукамбію і выйшлі ў горны праход Дас, дзе сутыкнуліся са свежымі сіламі эрытрэйцаў. 17[6]—18[2] мая наступаючыя войскі ўварваліся ў Барэнту — буйны палітыка-адміністрацыйны цэнтр Заходняй Эрытрэі. Яго яны паспяхова ўзялі. У сувязі з падзеннем горада эрытрэйская групоўка ў раёне Дас апынулася пад пагрозай акружэння і адступіла. Падцягнуўшы рэзервы, эфіопы працягнулі рух у напрамках на захад і на усход. 26 мая на захадзе імі быў захоплены буйны горад Тэсэнэй. Ва ўсходнім кірунку яны рухаліся па лініі Арэса—Мэндэфэра ў Цэнтральную Эрытрэю. Іх часці занялі Май-Дыма.

23 мая эфіопскае камандаванне перанесла асноўныя намаганні на цэнтральны ўчастак, дзе пачаўся другі ўдар[6]. Пад Заламбесай у ноч перад наступленнем тры батальёна перайшлі праз горы і перарэзалі камунікацыі ў тыле эрытрэйскай арміі. Рэзерваў у гэтым сектары ў эрытрэйцаў не было, бо іх перакінулі на заходні кірунак. Ударам па фронце і з флангаў лінія абароны праціўніка зноў была разгромлена. У ноч на 25 мая эрытрэйскія часці сышлі з Заламбесы. Эфіопская армія паглыбілася на эрытрэйскую тэрыторыю, заняла Сенафе і была спынена толькі ў раёне вышынь на подступах да Ады-Кэіх. Перадавыя часці эфіопаў апынуліся ў 50 км ад Асмэры[2].

Амаль адначасна пачаліся баі на ўсходзе. 22 мая была праведзена разведка боем сіламі адной брыгады ў сектары Бурэ. Эрытрэйцы не сталі чакаць паўтарэння падзей 12 і 23 мая і 28 мая прыступілі да вываду воінскіх часцей з пазіцый на 20 км углыб сваёй тэрыторыі. Зноў заняты рубеж абароны быў добра падрыхтаваны ў інжынерным дачыненні і уключаў тры паласы, адлеглыя адзін ад аднаго на 5 км[6].

Чэрвеньскія падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Эрытрэйцы 5 чэрвеня адбілі Тэсэнэй і за некалькі дзён баёў зноў занялі шэраг раёнаў на захадзе. На працягу дзесяці дзён, атрымаўшы падмацаванне, эфіопы вярнулі ўсе гэтыя тэрыторыі. На цэнтральным фронце працягваліся баі ў раёне Ады-Кэіх і Сенафе. На ўсходзе, дзе эрытрэйская армія пакінула Бурэ, эфіопскія часці імкнуліся прарвацца да порта Асэб[2].

Тут у 3:30 ночы 3 чэрвеня эфіопы перайшлі ў наступленне сіламі двух дывізій. Атака працягвалася да 10 гадзін раніцы, але поспеху не мела. Пасля перагрупоўкі ў другой палове дня эфіопскія войскі зноў распачалі спробу наступлення, але без асаблівага поспеху. Пасля паўторнай перагрупоўкі яны 5—6 чэрвеня правялі пашыраную разведку боем і ў 22:30 8 чэрвеня абрынуліся на эрытрэйцаў сіламі трох дывізій з падраздзяленнямі ўзмацнення. Наступленне працягвалася двое сутак і было спынена да паўночы 10—11 чэрвеня. Эфіопам удалося прарваць першую абарончую лінію[6].

Дзейнасць ВПС[правіць | правіць зыходнік]

Штурмавая і верталётная авіяцыя Эфіопіі ажыццяўлялі падтрымку сваіх войск на лініі фронту, наносячы ракетна-бомбавыя ўдары па пазіцыях праціўніка. Эрытрэйскія штурмавікі і баявыя верталёты, якія раней актыўна падтрымлівалі свае сілы ў ходзе кампаній 1998 і 1999 гадоў, амаль не праяўлялі актыўнасці. Сухапутныя часці дзейнічалі фактычна без паветранага прыкрыцця. Выключэннем стаў момант, калі пры адступленні з Бадмэ эрытрэйскае камандаванне кінула ў бой усе наяўныя штурмавікі Су-25, затрымаўшы прасоўванне праціўніка[2].

16 мая пара эрытрэйскіх МіГ-29, жадаючы ўдарамі з паветра запаволіць тэмпы прасоўвання эфіопскіх войск, з’явілася ў паветранай прасторы над Барэнту, але была перахоплена Су-27 эфіопаў, якія дзяжурылі тут. У выніку хуткаплыннага бою адзін МіГ быў збіты; другі ў ходзе пераследу атрымаў пашкоджанні ад траплення ракеты Р-27, але здолеў вырабіць аварыйную пасадку ў аэрапорце Асмэры і, па некаторых даных, быў пасля спісаны[6].

19 мая эфіопскія МіГ-23 бамбілі навучальны цэнтр Сауа, а на наступны дзень самалёты ВПС Эфіопіі  (руск.) атакавалі варожыя пазіцыі блізу горада Мэндэфэра[6].

Да канца месяца, пасля прарыву абароны эрытрэйцаў на ўсю глыбіню яе пабудовы, ВПС Эфіопіі пераключыліся на выкананне задачы ізаляцыі раёна баявых дзеянняў і разбурэнне аб’ектаў інфраструктуры праціўніка. 28 мая пара эфіопскіх МіГ-23 нанесла ўдар па зноў пабудаванай электрастанцыі ў Хіргіга, блізу Масауа (станцыя была ўзведзена на сродкі, выдзеленыя ўрадам Італіі і шэрагу дзяржаў Блізкага УсходуКувейта, ААЭ і інш.) і за 20 сек вывелі яе са строю. 29 мая нанеслі ўдары па гарадах Асмэра, Масауа і Мэндэфэра. Удар па галоўнай авіябазе эрытрэйцаў атрымаў умоўнае найменне Аперацыя «Айдэр» — па назве школы ў горадзе Мэкэле, якую ў пачатку вайны разбамбілі ВПС Эрытрэі  (руск.)[6].

1 і 2 чэрвеня эфіопскія самалёты бамбілі эрытрэйскі порт Асэб. Іх мэтай былі нафтасховішча, аэрадром і іншыя аб’екты інфраструктуры. Абарончыя пазіцыі эрытрэйцаў атакавалі верталёты Мі-24/35[6].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам аперацыі заходнія краіны, ААН і Арганізацыя афрыканскага адзінства ўзмацнілі палітычны націск на супрацьстаялыя бакі з мэтай прымусіць іх вярнуцца за стол перамоваў[6].

У дзень пачатку наступлення Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 1297. У дакуменце выказана заклапочанасць з нагоды аднаўлення баявых дзеянняў. Адзначалася, што новая ўспышка гвалту цягне за сабой сур’ёзныя гуманітарныя наступствы для грамадзянскага насельніцтва абедзвюх краін. Генеральны сакратар Кофі Анан звярнуўся да Эфіопіі і Эрытрэі з настойлівым заклікам неадкладна спыніць ваенныя дзеянні і вярнуцца да працэсу перамоваў[8].

17 мая Савет Бяспекі прыняў рэзалюцыю 1298, у якой ён прадугледзеў ажыццяўленне мер, накіраваных на недапушчэнне пастаўкі зброі і прадастаўлення звязанай з узбраеннямі тэхнічнай дапамогі абодвум краінам. Савет запатрабаваў як мага хутчэй і без папярэдніх умоў пачаць мірныя перамовы. У адпаведнасці з гэтай рэзалюцыяй усе дзяржавы павінны перашкаджаць продажы або пастаўцы Эрытрэі і Эфіопіі зброі, боепрыпасаў, ваенна-транспартных сродкаў, тэхнікі і запасных частак, а таксама любому прадастаўленню абодвум краінам тэхнічнай дапамогі або паслуг у галіне падрыхтоўкі кадраў, звязаных з вытворчасцю або эксплуатацыяй зброі[8].

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

29 мая варагуючыя бакі аднавілі мірны працэс. 18 чэрвеня краіны спынілі баявыя дзеянні і дамовіліся аб усёабдымным мірным пагадненні[6].

Прэм’ер-міністр Эфіопіі Мелес Зенаўі падвергнуўся крытыцы суайчыннікаў за тое, што загадаў войскам спыніцца. Аднак, на думку Канавалава, яго рашэнне было цалкам апраўданым, паколькі насоўваўся сезон дажджоў, камунікацыі арміі былі расцягнуты і падвяргаліся ўдарам эрытрэйскіх рэйдавых атрадаў. Для далейшага наступлення на Асмэру патрабаваліся падрыхтаваныя рэзервы, якіх не было, пры гэтым было неабходна ўтрымаць і ачысціць ад варожых падраздзяленняў ўжо занятыя тэрыторыі ў найцяжэйшых умовах горнага рэльефу мясцовасці. Да таго ж маральны дух эрытрэйцаў не быў зламаны[2].

У ходзе аперацыі Эрытрэя панесла істотныя страты і апынулася на мяжы катастрофы. Паводле звестак Івана Канавалава, толькі за першыя шэсць дзён баёў былі разгромлены 12 эрытрэйскіх дывізій[2]. Украінскі гісторык Міхаіл Жырахаў  (укр.) за той жа перыяд заяўляў пра восем знішчаных і сямі цяжка пацярпелых. Страчана больш за палову асабістага складу і ўзбраення. Беззваротныя страты бакоў, па яго інфармацыі, па выніках кампаніі 2000 года склалі 22 тыс. чалавек з боку эфіопаў і 25 тыс. з боку эрытрэйцаў[6].

24 мая 2000 года эрытрэйцы абвясцілі аб тым, што ў раёне горада Ады-Кэіх імі збіты два эфіопскіх знішчальніка, а ўсяго з пачатку майскай аперацыі збіты чатыры МіГ-23, два Су-25 і адзін Мі-24. Эфіопы прызналі страту толькі аднаго верталёта[6].

Зноскі

  1. CNN staff (23 December 2000). "Eritrean, Ethiopian exchange of POWs begins". CNN. Архівавана з арыгінала 16 April 2009.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
  3. IRIN. Ethiopia-Eritrea: New peace efforts amid claims of civilian abuses. ReliefWeb. Праверана 29 March 2017.
  4. HRW World Report 1999: Ethiopia: The Role of the International Community. Архівавана з першакрыніцы 14 November 2008.
  5. Полковник О. Елгазин. Основные итоги миссии ООН в Эфиопии и Эритрее (2010) // Зарубежное военное обозрение : журнал. — 2010. — №10. — С.22-30
  6. а б в г д е ё ж з і к л м н о Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
  7. Analisi Difesa, 2000, Nr 6
  8. а б Эфиопия и Эритрея — МООНЭЭ. Справочная информация