Майска-чэрвеньскае наступленне (2000)
Майска-чэрвеньскае наступленне 2000 года | |||||
---|---|---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйская вайна | |||||
Дата | 12 мая — 11 чэрвеня 2000 | ||||
Месца | эфіопа-эрытрэйскае памежжа, Эрытрэя | ||||
Вынік | перамога Эфіопіі | ||||
Праціўнікі | |||||
|
|||||
Камандуючыя | |||||
|
|||||
Сілы бакоў | |||||
|
|||||
Страты | |||||
|
|||||
Майска-чэрвеньскае наступленне 2000 года — вырашальнае наступленне Узброеных сіл Эфіопіі падчас пагранічнай вайны з Эрытрэяй. У ходзе аперацыі эфіопы выбілі праціўніка з усіх спрэчных памежных раёнаў і працягнулі свой поспех, захапіўшы 1/4 тэрыторыі варожай дзяржавы[1]. Армія Эфіопіі апынулася ў 50 км ад Асмэры, сталіцы Эрытрэі[2].
Дзякуючы выкарыстанню тактычных і аператыўна-стратэгічных хітрыкаў, дапамогі расійскіх спецыялістаў і панаванню ў паветры эфіопская армія паспяхова прарвала абарону праціўніка, у той час як эрытрэйскі бок панёс небывалыя страты. З-за немагчымасці далей працягваць вайну і ціску міжнароднай супольнасці краіны былі вымушаны заключыць мірнае пагадненне.
Сітуацыя напярэдадні
[правіць | правіць зыходнік]Першая палова 1999 года адзначылася чарговым вітком буйных баёў у памежжы, за якім рушылі ўслед новыя спробы бакоў урэгуліраваць канфлікт мірным шляхам. Эрытрэйцы за мінулую кампанію пацярпелі паразу, таму прэзідэнт Ісаяс Афеворкі быў вымушаны прыняць амерыкана-руандыйскі праект пагаднення аб урэгуляванні канфлікту[2]. Ён быў распрацаваны яшчэ ў 1998 годзе, у пачатку вайны, і прадуглежваў адвод воінскіх фарміраванняў на першапачатковыя пазіцыі[3][4]. Тады з праектам была згодна Эфіопія, але афіцыйная Асмэра адмовілася падпісываць дагавор. На гэты раз сітуацыя была адваротнай, паколькі эфіопскі ўрад не хацеў вывадзіць войскі з раёна Бадмэ, узятага з вялізнымі стратамі[2].
Пачаліся перамовы пры пасярэдніцтве алжырскага прэзідэнта Абдэля Азіза Бутэфлікі. Аднак дыпламатычнае манеўраванне не магло падмануць удзельнікаў супрацьстаяння, так як Эфіопія і Эрытрэя чакалі вырашальнай сутычкі[5]. На апошнім раўндзе перамоваў у перыяд з 29 красавіка па 4 мая 2000 года эрытрэйцы сталі вылучаць новыя ўмовы і, па сутнасці справы, сарвалі падпісанне пагаднення аб спыненні агню[6].
Сілы і падрыхтоўка
[правіць | правіць зыходнік]Як пісаў расійскі ваенны карэспандэнт і гісторык Іван Канавалаў[2], на канец вайны эфіопская армія налічвала 350 тыс. байцоў, палова з якіх (14 дывізій) былі на перадавой. У арміі Эрытрэі да гэтага моманту было 200—250 тыс., з іх 130 тыс. (15 дывізій) размяшчаліся ў зоне баявых дзеяннаў. Асобна па франтах суадносіны сіл выглядалі наступным чынам: заходні (сектар Бадмэ) — 70 тыс. эфіопаў супраць 55 тыс. эрытрэйцаў, цэнтральны (сектар Цэрона—Заламбеса—Алітэна) — 75 тыс. супраць 60 тыс., усходні (сектар Бурэ) — 25 тыс. супраць 15 тыс.
Эфіопскае камандаванне правяло сур’ёзную падрыхтоўку, ажыццявіўшы ваенныя хітрыкі на стратэгічным і тактычным узроўнях. У першым выпадку эфіопская армія спланавала свой першы ўдар на заходнім участку фронту. Гэта было нечакана для эрытрэйцаў, якія чакалі галоўнага ўдару праціўніка ў цэнтральным сектары, на найкарацейшай адлегласці да Асмэры, дзе эрытрэйскае кіраўніцтва засяродзіла большую частку сіл. У другім выпадку ў тыл эрытрэйскіх пазіцый ноччу перад аперацыяй пратачыліся часці спецназа з безадкатнымі гарматамі і мінамётамі. Утоенасць манёўру забяспечвала выкарыстанне для перавозкі ўзбраенняў і боепрыпасаў аслоў і іншых клуначных жывёл[2][6].
Акрамя ўсяго іншага, 90 танкаў Т-55 былі зняты з фронту і адпраўлены ў тыл для прафілактычнага рамонту[2].
Па даных італьянскага часопіса Analisi Difesa, у планаванні майскага наступлення 2000 года ўдзельнічалі замежнікі. Аперацыю рыхтавалі васемнаццаць расійскіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў вышэйшага каманднага звяна, у тым ліку тры ад ВПС і адзін ад СПА[7].
Баявыя дзеянні
[правіць | правіць зыходнік]Майскія падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Раніцай 12 мая, у другую гадавіну пачатку вайны, эфіопская армія перайшла ў наступленне на захадзе.
Удары па пазіцыях эрытрэйцаў адначасова нанеслі з фронту, тылу і флангаў. Перадавая лінія абароны была рассечана, а за два дні баёў ачагі супраціву былі цалкам знішчаны. Эрытрэйская армія вымушана была пачаць агульнае адступленне на поўнач, знаходзічыся пад атакамі варожай бранятэхнікі і авіяцыі. Войскі сталі бязладна адступаць у трох кірунках: на захад, у бок Шылала, Дукамбія; на паўночны захад, у бок Барэнту; на паўночны ўсход, у бок Май-Дыма, Арэса. Эфіопы не давалі праціўніку адарвацца і перагрупаваць свае сілы і перашкаджалі замацавацца на прамежкавых рубяжах[2][6].
Рухаючыся па разбежных напрамках, эфіопы на працягу некалькіх дзён узялі Дукамбію і выйшлі ў горны праход Дас, дзе сутыкнуліся са свежымі сіламі эрытрэйцаў. 17[6]—18[2] мая наступаючыя войскі ўварваліся ў Барэнту — буйны палітыка-адміністрацыйны цэнтр Заходняй Эрытрэі. Яго яны паспяхова ўзялі. У сувязі з падзеннем горада эрытрэйская групоўка ў раёне Дас апынулася пад пагрозай акружэння і адступіла. Падцягнуўшы рэзервы, эфіопы працягнулі рух у напрамках на захад і на усход. 26 мая на захадзе імі быў захоплены буйны горад Тэсэнэй. Ва ўсходнім кірунку яны рухаліся па лініі Арэса—Мэндэфэра ў Цэнтральную Эрытрэю. Іх часці занялі Май-Дыма.
23 мая эфіопскае камандаванне перанесла асноўныя намаганні на цэнтральны ўчастак, дзе пачаўся другі ўдар[6]. Пад Заламбесай у ноч перад наступленнем тры батальёна перайшлі праз горы і перарэзалі камунікацыі ў тыле эрытрэйскай арміі. Рэзерваў у гэтым сектары ў эрытрэйцаў не было, бо іх перакінулі на заходні кірунак. Ударам па фронце і з флангаў лінія абароны праціўніка зноў была разгромлена. У ноч на 25 мая эрытрэйскія часці сышлі з Заламбесы. Эфіопская армія паглыбілася на эрытрэйскую тэрыторыю, заняла Сенафе і была спынена толькі ў раёне вышынь на подступах да Ады-Кэіх. Перадавыя часці эфіопаў апынуліся ў 50 км ад Асмэры[2].
Амаль адначасна пачаліся баі на ўсходзе. 22 мая была праведзена разведка боем сіламі адной брыгады ў сектары Бурэ. Эрытрэйцы не сталі чакаць паўтарэння падзей 12 і 23 мая і 28 мая прыступілі да вываду воінскіх часцей з пазіцый на 20 км углыб сваёй тэрыторыі. Зноў заняты рубеж абароны быў добра падрыхтаваны ў інжынерным дачыненні і уключаў тры паласы, адлеглыя адзін ад аднаго на 5 км[6].
Чэрвеньскія падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Эрытрэйцы 5 чэрвеня адбілі Тэсэнэй і за некалькі дзён баёў зноў занялі шэраг раёнаў на захадзе. На працягу дзесяці дзён, атрымаўшы падмацаванне, эфіопы вярнулі ўсе гэтыя тэрыторыі. На цэнтральным фронце працягваліся баі ў раёне Ады-Кэіх і Сенафе. На ўсходзе, дзе эрытрэйская армія пакінула Бурэ, эфіопскія часці імкнуліся прарвацца да порта Асэб[2].
Тут у 3:30 ночы 3 чэрвеня эфіопы перайшлі ў наступленне сіламі двух дывізій. Атака працягвалася да 10 гадзін раніцы, але поспеху не мела. Пасля перагрупоўкі ў другой палове дня эфіопскія войскі зноў распачалі спробу наступлення, але без асаблівага поспеху. Пасля паўторнай перагрупоўкі яны 5—6 чэрвеня правялі пашыраную разведку боем і ў 22:30 8 чэрвеня абрынуліся на эрытрэйцаў сіламі трох дывізій з падраздзяленнямі ўзмацнення. Наступленне працягвалася двое сутак і было спынена да паўночы 10—11 чэрвеня. Эфіопам удалося прарваць першую абарончую лінію[6].
Дзейнасць ВПС
[правіць | правіць зыходнік]Штурмавая і верталётная авіяцыя Эфіопіі ажыццяўлялі падтрымку сваіх войск на лініі фронту, наносячы ракетна-бомбавыя ўдары па пазіцыях праціўніка. Эрытрэйскія штурмавікі і баявыя верталёты, якія раней актыўна падтрымлівалі свае сілы ў ходзе кампаній 1998 і 1999 гадоў, амаль не праяўлялі актыўнасці. Сухапутныя часці дзейнічалі фактычна без паветранага прыкрыцця. Выключэннем стаў момант, калі пры адступленні з Бадмэ эрытрэйскае камандаванне кінула ў бой усе наяўныя штурмавікі Су-25, затрымаўшы прасоўванне праціўніка[2].
16 мая пара эрытрэйскіх МіГ-29, жадаючы ўдарамі з паветра запаволіць тэмпы прасоўвання эфіопскіх войск, з’явілася ў паветранай прасторы над Барэнту, але была перахоплена Су-27 эфіопаў, якія дзяжурылі тут. У выніку хуткаплыннага бою адзін МіГ быў збіты; другі ў ходзе пераследу атрымаў пашкоджанні ад траплення ракеты Р-27, але здолеў вырабіць аварыйную пасадку ў аэрапорце Асмэры і, па некаторых даных, быў пасля спісаны[6].
19 мая эфіопскія МіГ-23 бамбілі навучальны цэнтр Сауа, а на наступны дзень самалёты ВПС Эфіопіі атакавалі варожыя пазіцыі блізу горада Мэндэфэра[6].
Да канца месяца, пасля прарыву абароны эрытрэйцаў на ўсю глыбіню яе пабудовы, ВПС Эфіопіі пераключыліся на выкананне задачы ізаляцыі раёна баявых дзеянняў і разбурэнне аб’ектаў інфраструктуры праціўніка. 28 мая пара эфіопскіх МіГ-23 нанесла ўдар па зноў пабудаванай электрастанцыі ў Хіргіга, блізу Масауа (станцыя была ўзведзена на сродкі, выдзеленыя ўрадам Італіі і шэрагу дзяржаў Блізкага Усходу — Кувейта, ААЭ і інш.) і за 20 сек вывелі яе са строю. 29 мая нанеслі ўдары па гарадах Асмэра, Масауа і Мэндэфэра. Удар па галоўнай авіябазе эрытрэйцаў атрымаў умоўнае найменне Аперацыя «Айдэр» — па назве школы ў горадзе Мэкэле, якую ў пачатку вайны разбамбілі ВПС Эрытрэі[6].
1 і 2 чэрвеня эфіопскія самалёты бамбілі эрытрэйскі порт Асэб. Іх мэтай былі нафтасховішча, аэрадром і іншыя аб’екты інфраструктуры. Абарончыя пазіцыі эрытрэйцаў атакавалі верталёты Мі-24/35[6].
Рэакцыя
[правіць | правіць зыходнік]З пачаткам аперацыі заходнія краіны, ААН і Арганізацыя афрыканскага адзінства ўзмацнілі палітычны націск на супрацьстаялыя бакі з мэтай прымусіць іх вярнуцца за стол перамоваў[6].
У дзень пачатку наступлення Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 1297. У дакуменце выказана заклапочанасць з нагоды аднаўлення баявых дзеянняў. Адзначалася, што новая ўспышка гвалту цягне за сабой сур’ёзныя гуманітарныя наступствы для грамадзянскага насельніцтва абедзвюх краін. Генеральны сакратар Кофі Анан звярнуўся да Эфіопіі і Эрытрэі з настойлівым заклікам неадкладна спыніць ваенныя дзеянні і вярнуцца да працэсу перамоваў[8].
17 мая Савет Бяспекі прыняў рэзалюцыю 1298, у якой ён прадугледзеў ажыццяўленне мер, накіраваных на недапушчэнне пастаўкі зброі і прадастаўлення звязанай з узбраеннямі тэхнічнай дапамогі абодвум краінам. Савет запатрабаваў як мага хутчэй і без папярэдніх умоў пачаць мірныя перамовы. У адпаведнасці з гэтай рэзалюцыяй усе дзяржавы павінны перашкаджаць продажы або пастаўцы Эрытрэі і Эфіопіі зброі, боепрыпасаў, ваенна-транспартных сродкаў, тэхнікі і запасных частак, а таксама любому прадастаўленню абодвум краінам тэхнічнай дапамогі або паслуг у галіне падрыхтоўкі кадраў, звязаных з вытворчасцю або эксплуатацыяй зброі[8].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]29 мая варагуючыя бакі аднавілі мірны працэс. 18 чэрвеня краіны спынілі баявыя дзеянні і дамовіліся аб усёабдымным мірным пагадненні[6].
Прэм’ер-міністр Эфіопіі Мелес Зенаўі падвергнуўся крытыцы суайчыннікаў за тое, што загадаў войскам спыніцца. Аднак, на думку Канавалава, яго рашэнне было цалкам апраўданым, паколькі насоўваўся сезон дажджоў, камунікацыі арміі былі расцягнуты і падвяргаліся ўдарам эрытрэйскіх рэйдавых атрадаў. Для далейшага наступлення на Асмэру патрабаваліся падрыхтаваныя рэзервы, якіх не было, пры гэтым было неабходна ўтрымаць і ачысціць ад варожых падраздзяленняў ўжо занятыя тэрыторыі ў найцяжэйшых умовах горнага рэльефу мясцовасці. Да таго ж маральны дух эрытрэйцаў не быў зламаны[2].
У ходзе аперацыі Эрытрэя панесла істотныя страты і апынулася на мяжы катастрофы. Паводле звестак Івана Канавалава, толькі за першыя шэсць дзён баёў былі разгромлены 12 эрытрэйскіх дывізій[2]. Украінскі гісторык Міхаіл Жырахаў за той жа перыяд заяўляў пра восем знішчаных і сямі цяжка пацярпелых. Страчана больш за палову асабістага складу і ўзбраення. Беззваротныя страты бакоў, па яго інфармацыі, па выніках кампаніі 2000 года склалі 22 тыс. чалавек з боку эфіопаў і 25 тыс. з боку эрытрэйцаў[6].
24 мая 2000 года эрытрэйцы абвясцілі аб тым, што ў раёне горада Ады-Кэіх імі збіты два эфіопскіх знішчальніка, а ўсяго з пачатку майскай аперацыі збіты чатыры МіГ-23, два Су-25 і адзін Мі-24. Эфіопы прызналі страту толькі аднаго верталёта[6].
Зноскі
- ↑ CNN staff (23 December 2000). "Eritrean, Ethiopian exchange of POWs begins". CNN. Архівавана з арыгінала 16 April 2009.
{{cite news}}
:|author=
мае агульную назву (даведка) - ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
- ↑ IRIN. Ethiopia-Eritrea: New peace efforts amid claims of civilian abuses . ReliefWeb. Праверана 29 March 2017.
- ↑ HRW World Report 1999: Ethiopia: The Role of the International Community . Архівавана з першакрыніцы 14 November 2008.
- ↑ Полковник О. Елгазин. Основные итоги миссии ООН в Эфиопии и Эритрее (2010) // Зарубежное военное обозрение : журнал. — 2010. — №10. — С.22-30
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
- ↑ Analisi Difesa, 2000, Nr 6
- ↑ а б Эфиопия и Эритрея — МООНЭЭ. Справочная информация