Перайсці да зместу

Мастацтва перыяду перасялення

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Германскія фібулы, пачатак 5-га стагоддзя
Наплечнік
Брошка з Тары
Старонка Кнігі з Дарау

Мастацтва перыяду перасялення (альтэрнатыўныя назвы — мастацтва германцаў або мастацтва варвараў) — гэта мастацтва германцаў падчас Вялікага перасялення народаў (каля 300—600 гг.да н. э.). Яно ахоплівае шмат розных стыляў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца паліхромны стыль і звярыны стыль. Пасля хрысціянізацыі, мастацтва перыяду перасялення паступова развілося ў розныя школы мастацтва Ранняга Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе, якія часта класіфікуюцца па рэгіёнам, напрыклад астраўное мастацтва (далей развілося ў Англасаксонскае мастацтва) і мастацтва Каралінгаў, і пасля якіх распаўсюдзіліся агульнакантынентальныя стылі Раманскага мастацтва і ў рэшце рэшт готыка.

У 3-м стагоддзі Рымская імперыя практычна распалася, а яе армія па складзе станавілася ўсё больш германскай. Таму калі ў 4-м стагоддзі гуны ціснулі на германцаў з усходу, яны перайшлі мяжу імперыі на захад і пасяліліся ў ёй. Вестготы пасяліліся ў Італіі, а затым і ў Іспаніі, на поўначы франкі засялілі Галію і заходнюю Германію, а ў 5-м стагоддзі скандынавы англы, саксы і юты ўварваліся ў Брытанію. На канец 6-га стагоддзя Заходняя Рымская імперыя была амаль цалкам замешчана меншымі па памеры і менш палітычна арганізаванымі, але дастаткова магутнымі германскімі каралеўствамі.

І хоць гэтыя каралеўства ніколі не былі гамагеннымі, яны мелі агульныя культурныя рысы. Яны пасяліліся на новых землях і сталі фермерамі і рыбакамі. Археалагічныя даследаванні і сведчанні паказваюць, што традыцыя манументальных твораў мастацтва (архітэктура, вялікая скульптура з цягавітых матэрыялаў) не існавала, затое давалася перавага «рухомаму» мастацтву для асабістага спажывання, часта з практычнай функцыяй — зброя, вупраж для коней, прылады працы, ювелірныя ўпрыгажэнні — зашпількі для адзення. Германскае мастацтва, якое захавалася да нашага часу, — амаль усе насільнае, рухомае і да пераходу ў хрысціянства хавалася разам з уладальнікам. Большая частка мастацтва з арганічных матэрыялаў, відавочна, не захавалася.

Асноўнымі стылямі ў нямецкім мастацтве з’яўляецца паліхромны стыль, які зарадзіўся ў готаў, якія пасяліліся вакол Чорнага мора, і звярыны стыль, які быў распаўсюджаны ў Скандынавіі, паўночнай Германіі і Англіі.

Паліхромны стыль

[правіць | правіць зыходнік]

На працягу 2-га стагоддзя готы на тэрыторыі паміж Чорным морам і Каспіем адчулі смак да залатых фігурак і прадметаў, інкруставаных каштоўнымі камянямі. Гэты стыль быў запазычаны ў скіфаў і сарматаў, атрымаў пэўныя грэка-рымскія ўплывы, а таксама быў папулярны ў гунаў. Магчыма, найбольш вядомыя прыклады ў П’етраасельскім скарбе 4-га стагоддзя (Румынія). Скарб належаў да Чарняхоўскай культуры і змяшчаў прадметы ў паліхромным стылі (захавалася 12 з 22) з рознымі ўздзеяннямі — кітайскай дынастыі Хань, дзяржавы Сасанідаў, эліністычнымі і германскімі. Сярод іх і вялікая брошка ў форме залатога арла. Матыў арла запазычаны з Усходняй Азіі і з’яўляецца вынікам удзелу продкаў готаў у імперыі гунаў, як і паліхромная гатычная спражка рамяня ў форме галавы арла з паўднёвай Расіі.

Готы прынеслі гэты стыль у Італію, паўднёвую Францыю і Іспанію. Адным з вядомых прыкладаў з’яўляецца остгоцкая фібула ў форме арла з Чазены, Італія, што цяпер захоўваецца ў музеі ў Нюрнбергу. Іншы прыклад — вестгоцкая паліхромная вотыўная карона Рэкесвінта, караля Таледа, з Гваразарскага скарба (каля 670 г. н. э.), знойдзенага каля Таледа. Папулярнасць і распаўсюджванне гэтага стылю таксама пацвярджаецца знаходкай паліхромнага мяча ў пахаванні франкскага караля Хільдэрыка I (памёр каля 481 г.), даволі далёка на поўнач ад Альпаў.

Звярыны стыль

[правіць | правіць зыходнік]

Вывучэнне паўночнаеўрапейскага ці «германскага» зоаморфнага арнаментавання было пачата шведам Бернхардам Салінам, а вынікі выкладзены ў яго працы 1904 года, Ён вызначыў перыяд звярынага мастацтва ад каля 400 да 900 года і падзяліў яго на тры фазы: Стылі I, II і III. Спрэчка адносна паходжання гэтых розных фаз яшчэ працягваецца: з аднаго боку, лічыцца, што яны паўсталі як трэнды народнага мастацтва ў познерымскіх правінцыях, з другога — што яны з’яўляюцца працягам больш старажытных традыцый качавых народаў азіяцкіх стэпаў. Першыя два стылі былі шырока распаўсюджаныя па Еўропе ў мастацтве перыяду перасялення «варварскіх» народаў.

Стыль I упершыню з’явіўся ў у паўночна-заходняй Еўропе і вылучыўся ў новы стыль пры ўкараненні тэхнікі разьбы або чаканкі па бронзе і срэбры ў 5-м стагоддзі. Ён характарызуецца выявамі жывёл, чые целы падзеленыя на секцыі, і тыпова з’яўляюцца на кайме дызайнаў (малюнкаў), чый асноўны ўпор — на абстрактных узорах.

Вечка кашалька з Сатан-Ху, каля 625, — прыклад звярынага стылю II (супрацьстаянне жывёл)

Стыль II паўстаў пасля заняпаду стылю І дзесьці ў 560—570 гг. Ён характарызуецца выявамі цэлых жывёл, але іх целы падоўжаныя ў «стужкі», што пераплецены ў сіметрычныя формы без уліку натуралізму. Фігуры таксама рэдка маюць ногі, таму іх часта апісваюць як змей, нягледзячы на тое, што голавы ў іх ад іншых жывёл. Жывёла нібы паглынаецца арнаментальнымі ўзорамі, часта за кошт выкарыстання тэхнікі спляцення і матыву супрацьстаяння жывёл.

Пасля 700 пачалі развівацца мясцовыя стылі і пра агульнагерманскі стыль ужо гаворка не ідзе: стыль III у класіфікацыі Саліна існаваў пераважна ў Скандынавіі, а яго развіццё часта называюць мастацтвам вікінгаў або паўночным мастацтвам.

Уплыў хрысціянства на заняпад стылю

[правіць | правіць зыходнік]

Хрысціянская царква ў ранні перыяд перасялення выступала адзіным наднацыянальным утварэннем у Еўропе пасля распаду Рымскай імперыі: яна была нейкім аб’яднаўчым элементам і адзінай інстытуцыяй, якая магла захаваць рэшткі антычнай цывілізацыі. Па меры прасоўвання хрысціянізацыі германскіх плямёнаў у заходняй Еўропе, царква станавілася асноўным заступнікам мастацтва, заказваючы ілюмінаваныя манускрыпты і іншыя літургічныя прадметы. Улічваючы гэта, адбывалася пастаяннае памяншэнне ўплыву германскага мастацтва і павелічэнне міжземнаморскага ўплыву (антычных элементаў). Гэты працэс працякаў з поўдня на поўнач — раней у готаў у Італіі і Іспаніі,  пазней на поўначы Еўропы. Напрыклад, у меравінгскім Геласіянскім сакраментарыі 8-га стагоддзя ўжо не маецца ніякіх элементаў стылю II, замест гэтага выкарыстоўваюцца міжземнаморскія стылізаваныя рыбы для стварэння буквіц раздзелаў.

  • Martin Werner, «Migration and Hiberno-Saxon Art», Dictionary of the Middle Ages, vol-8, ISBN 0-684-18274-2
  • Boltin, Lee, ed.: Treasures of Early Irish Art, 1500 B. C. to 1500 A. D.: From the Collections of the National Museum of Ireland, Royal Irish Academy, Trinity College, Dublin, Музей мастацтва Метрапалітэн, 1977, ISBN 0-87099-164-7.
  • Bunker, Emma C. (2002). Nomadic art of the eastern Eurasian steppes: the Eugene V. Thaw and other New York collections. New York: The Metropolitan Museum of Art. ISBN 9780300096880. {{cite book}}: Вонкавая спасылка ў |title= (даведка); Пададзена больш чым адно значэнне |ISBN= і |isbn= specified (даведка); Пададзена больш чым адно значэнне |author= і |last= specified (даведка)
  • Malcolm, Todd, The Early Germans