Паданне
Пада́нне — жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з'явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра народных герояў. Паданні, як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю.
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Беларускія паданні, напрыклад, пра Рагнеду і Усяслава Чарадзея, вядомы з XII ст.. Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены народныя паданні пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»). Паэтычныя паданні пра гістарычнае мінулае ёсць у беларускіх хроніках XVI ст., напрыклад, у Хроніцы Быхаўца — пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.
Беларускія паданні тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гістарычных асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»).
Паданні і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гістарычнай памяццю народа. Сюжэт пра народнага героя разбойніка Машэку выкарыстаў Янка Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п'есы Е. Міровіча «Машэка» Р. Пукст напісаў оперу «Машэка».
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Паданне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Предание // Большая советская энциклопедия. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)