Пяст
Пяст | |
---|---|
польск.: Piast | |
Нараджэнне | 1 тысячагоддзе |
Смерць | мерк. 861 |
Род | Пясты |
Бацька | Катышка[d] |
Жонка | Жапіха[1] |
Дзеці | Земавіт |
Веравызнанне | язычніцтва |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пяст (польск.: Piast) — легендарны продак дынастыі Пястаў. Паводле Хроніцы Гала Ананіма, Пяст быў сынам беднага аратага Катышкі. У яго была жонка Жапіха (Рэпка) і сын Земавіт.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Хроніка Гала Ананіма з'яўляецца адзінай ранняй гістарычнай крыніцай, у якой утрымліваецца паданне пра паходжанне дынастыі Пястаў. Паводле Хронікі, князь палян Попел II зладзіў баль у гонар пастрыжэння[2] сваіх дваіх сыноў. Нечакана без запрашэння на баль прыйшлі двое чужакоў, якіх не толькі не пусцілі за стол, але і адагналі ад Гнезна — сталіцы палян, у якой і праводзілася свята. Чужакі адправіліся прэч з горада і ў прыгарадзе выпадкова сустрэлі аратага князя, які запрасіў іх у дом. Ацаніўшы гасціннасць гаспадара, госці сказалі яму «Хай наш прыход будзе вам на радасць і вы атрымаеце ад нас лішак дабрабыту, а ў нашчадстве гонар і славу». Пяст, як і Попел, таксама ладзіў баль у гонар пастрыжэння сваіх сыноў. Гасцінны гаспадар запрасіў вандроўцаў за стол і падзяліў з імі трапезу, хоць і быў бедняком. Ежы і пітво не павінна было хапіць з лішкам, але здарыўся цуд: піва ў бочачцы не канчалася, а заколатага парасяці хапіла, каб напоўніць дзесяць місак, што таксама выклікала здзіўленне гаспадара. Усвядоміўшы цуд, Пяст і Жапіха, папярэдне параіўшыся з гасцямі, вырашылі запрасіць на баль князя і ўсіх яго гасцей. Калі баль пачаўся, чужакі здзейснілі абрад пастрыжэння сына Пяста і далі яму імя Земавіт[3]. Памужнеўшы, Земавіт выгнаў Попела і сам стаў князем палян. Хоць існаванне Земавіта і ставіцца пад сумнеў, многія аўтарытэтныя даследчыкі схіляюцца на карысць яго гістарычнасці[4].
Пазнейшыя легенды
[правіць | правіць зыходнік]Запісанае Галам Ананімам паданне пра Пяста было без істотных змен паўторана і ў хроніцы Вінцэнта Кадлубека. Першы значны дадатак да яго адносіцца толькі да пачатку XIV стагоддзя і змешчаны ў Хроніцы Дзежвы, паводле якой таямнічыя госці Пяста былі не кім іншым, як анёламі Янам і Паўлам.
У Велікапольскай хроніцы дзеянне перанесена з Гнезна ў Крушвіцу, прычым абранне князя адбылося падчас другога з'яўлення чужакоў, якія толькі тады стварылі цуд, памножыўшы ежу і пітво. Князем жа быў выбраны не Земавіт, а сам Пяст, які паводле Хронікі зваўся так таму, што «ростам быў малы, але дужы целам і прыгожы на выгляд»[5]. Гэта версія была паўторана Длугашам, які дадаў, што абранне Пяста на княжанне адбывалася ва ўмовах уварвання суседзяў пасля смерці Попела, і памылкова датаваў гэтыя падзеі 954 ці 964 годам. Таксама Длугаш прыводзіць апавяданне пра перанос сталіцы з Крушвіцы ў Гнезна. Паводле храніста, Пяст памёр ва ўзросце 120 гадоў, не здолеўшы, аднак, аднавіць дзяржаву ў межах, якія існавалі да падзелу княства паміж дзецьмі Лешака III.
Марцін Бельскі паўтарыў апавяданне Длугаша, дадаў звесткі пра тое, што Пяст быў бортнікам ці стальмахам. Паводле Бельскага, пасля смерці Попела князем было вырашана выбраць таго, хто першым апынецца на іншым беразе возера. Тым часам Пяст вяртаўся з пчальніка, размешчанага на іншым баку возера, дзякуючы чаму і быў абраны на княжанне. Да звестак Длугаша пра смерць Пяста ва ўзросце 120 гадоў, Бельскі дадаў, што яго кіраванне доўжылася 50 гадоў, а абранне адбылося ў 842 годзе.
Пяст як сімвал
[правіць | правіць зыходнік]Падчас росквіту ідэалогіі сарматызму і шляхецкай дэмакратыі ў Польшчы вобраз Пяста стаў успрымацца як сінонім «польскасці» і ідэалаў пастаралізму (сельскага ўкладу жыцця). Асабліва часта шляхта звярталася да гэтай вобразу падчас выбараў манарха, патрабуючы абрання «Пяста», гэта значыць паляка, у адрозненне ад замежных кандыдатаў.
У эпоху Асветніцтва вобраз Пяста стаў сімвалам «сумленнага продка», які дзейнічае на выгоду дзяржавы не сілай зброі, а цяжкай працай. Ідэальным «пястам» паўставаў Казімір Вялікі. У часы росквіту рамантызму Пяст стаў сінонімам «польскасці», ідэалам дабрадзейнасці і сімвалам дэмакратызму. Вобраз Пяста — шчаслівага селяніна стаў папулярны ў перыяд Маладой Польшчы. Выява Пяста таксама актыўна эксплуатаваўся польскімі левымі партыямі, што знайшло адлюстраванне ў назве Польскай Народнай Партыі «Пяст».
Вобраз у гістарыяграфіі
[правіць | правіць зыходнік]З цягам часу вобраз Пяста ў польскай гістарыяграфіі перажываў значныя змены. У XIX стагоддзі была папулярная версія пра тое, што Пяст быў маярдомам князя Попела. Лічылася нават (паводле версіі, прапанаванай Тадэвушам Вайцяхоўскім), што слова «пяст» было не імем, а назвай пасады, якая паходзяць ад слова «песціць». У якасці аналогіі прыводзілася кіраванне Піпіна Кароткага, які быў маярдомам, што, аднак, не перашкодзіла яму адхіліць ад улады апошняга прадстаўніка каралеўскай дынастыі Меравінгаў і самому стаць каралём франкаў.
Пазней некаторыя даследчыкі, такія як, напрыклад, Казімір Сляскі і Генрых Лаўмянскі, бачылі ў паданні пра Пяста адлюстраванне ўсталявання ўлады палян над гаплянамі.
У выдадзеным у 1986 годзе працы «Паданне пра Пяста і Попела» Яцак Банашкевіч прапанаваў тлумачыць сведчанні пра Пяста-аратага ў рамках тэорыі трох функцый Жоржа Дзюмезіля ў якасці героя-сімвала трэцяй (земляробчай) функцыі.
Вобраз у культуры
[правіць | правіць зыходнік]Пяст у кінематографе
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ Пастрыжэнне — славянскі абрад пасвячэння ў малалецтва.
- ↑ Галл Аноним. Хроника или деяния князей или правителей польских. Книга I // Славянские хроники / перевод Л. М. Поповой. — М.: Глагол, 1996. — С. 333—334.
- ↑ Jasiński K. Rodowód pierwszych Piastów. — Warszawa, 1992 (репринт). — S. 46-47.
- ↑ «Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв. — М.: Издательство Московского университета. — С. 64-65. — 264 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Щавелёв А. С. Славянские легенды о первых князьях. Сравнительно-историческое исследование моделей власти у славян. М.: Северный паломник, 2007. Архівавана 16 сакавіка 2014.
- Banaszkiewicz J. Podanie o Piaście i Popielu. — Warszawa, 1986.
- Łowmiański H. Dynastia Piastów we wczesnym średniowieczu // Początki Państwa Polskiego. — T. 1. — Poznań, 1962.
- Łowmiański H. Początki Polski. — T. 5. — Warszawa, 1973.
- Strzelczyk J. Mity, podania i wierzenia dawnych Słowian. — Poznań, 2007.
- Trawkowski S. Jak powstawała Polska. — Wyd. 5. — Warszawa, 1969.