Перайсці да зместу

Расціслаў Уладзіміравіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расціслаў Уладзіміравіч
Князь тмутараканскі
1064 — 1067
Папярэднік Глеб Святаславіч
Пераемнік Глеб Святаславіч

Нараджэнне 1038
Смерць 3 лютага 1067
Род Рурыкавічы
Бацька Уладзімір Яраславіч
Дзеці Валадар Расціславіч, Рурык Расціславіч[1][2] і Васілька Расціславіч
Веравызнанне праваслаўе

Расціслаў Уладзіміравіч, хроснае імя Гаўрыіл[3] (1038 — 3 лютага 1067) — князь тмутараканскі (1064—1067).

Раннія гады, праблема ўдзела

[правіць | правіць зыходнік]

Адзіны сын наўгародскага князя Уладзіміра Яраславіча. Праз раннюю смерць бацькі, паводле лесвічнага права, Расціслаў не мог разлічваць на старшыя стальцы і мусіў задаволіцца воласцю, якую дадуць старшыя родзічы. Няма пэўнасці які ўдзел атрымаў 15-гадовы Расціслаў па смерці бацькі. Васіль Тацішчаў пад 1052 годам пісаў, што Расціслаў па смерці бацькі застаўся на княжанні ў Ноўгарадзе і Растове. Аднак далей, пад 1064 годам, Тацішчаў паведамляе ўжо, што Расціслаў у 1052 годзе атрымаў Растова-Суздальскую воласць, а ў 1060 годзе па смерці Ігара Яраславіча быў пераведзены дзядзькамі ва Уладзімір-Валынскую воласць.[4]

Выглядае, аднак, што гэта толькі здагадкі Тацішчава, бо яго звесткі пярэчаць некаторым летапісам. У Наўгародскім I летапісе малодшага ізводу пад 989 годам запісана, што ў 1054 годзе Растова-Суздальскую воласць паводле тастаменту кіеўскага князя Яраслава Уладзіміравіча атрымаў яго сын Усевалад разам з Пераяслаўскай, Белазерскай валасцямі і Паволжам. «Аповесць мінулых часоў» кажа пра атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці. Алег Рапаў слушнейшымі лічыць наўгародскія звесткі, бо атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці азначала б, што любімы сын быў абдзелены валасцямі — Пераяслаўская воласць была абмежаваных памераў і цярпела ад сталых наездаў качэўнікаў.[4]

Таксама зусім не зразумела, чаму Расціслаў мусіў бы атрымаць Уладзімір-Валынскі толькі па смерці Ігара, бо Ігар апошнія тры гады жыцця трымаў не Уладзімір-Валынскі, а Смаленск. Таму звесткі Тацішчава адносна ўладанняў Расціслава ў 1050-х — пачатку 1060-х гадоў наўрад ці верныя.[4]

Захоп Тмутаракані і смерць

[правіць | правіць зыходнік]

Далей, у «Аповесці мінулых часоў» пад 1064 годам запісана: «Пабег Расціслаў да Тмутаракані, сын Уладзіміраў, унук Яраславаў і з ім пабеглі Парэй і Вышата, сын Астраміра, ваяводы наўгародскага. І прыйшоў і выгнаў Глеба з Тмутаракані, а сам сеў на яго месца». Шэраг летапісаў паведамляе, што Расціслаў бег у Тмутаракань з Ноўгарада, аднак ні адзін з іх, у т.л. наўгародскія, не кажа, што Расціслаў у 1064 годзе трымаў Наўгародскую воласць. Ноўгарад у 1060-я гады трымаў сам вялікі князь Ізяслаў Яраславіч або адзін з яго сыноў. Алег Рапаў прапануе версію, магчыма, Расціслаў Уладзіміравіч, які атрымаў ад старэйшых родзічаў нейкую воласць, збіраўся захапіць бацькаў сталец з дапамогай наўгародскіх баяр, але пацярпеў няўдачу і вымушаны быў бегчы на поўдзень.[4]

У 1065 годзе Святаслаў Яраславіч прыйшоў да Тмутаракані, Расціслаў не хацеў ваяваць з дзядзькам пакінуў горад, а Глеб Святаславіч зноў заняў тмутараканскі сталец. Аднак, калі Святаслаў з войскам вярнуўся да Чарнігава, Расціслаў зноў заняў Тмутаракань, а Глеба выслаў да бацькі.[5]

Княжыўшы ў Тмутаракані, Расціслаў заваяваў касогаў і наклаў на іх даніну. Паводле адной з версій, актыўная дзейнасць князя занепакоіла грэкаў, яны паслалі да яго херсанескага катапана, які на піры атруціў Расціслава.

Сям’і і нашчадкі

[правіць | правіць зыходнік]

Магчыма, Расціслаў быў у Тмутаракані без сям’і. У свой час Тацішчаў пісаў, што расціславава жонка, як даведалася пра смерць мужа, хацела разам з дзецьмі выехаць у Венгрыю да свайго бацькі, але вялікі князь Ізяслаў Яраславіч дзяцей ёй не аддаў, а самой ехаць дазволіў. Звесткі гэтыя, як усе тацішчаўскія, падлягаюць пільнай рэвізіі. Вядома, пасля смерці Расціслава не магло і весціся пра перадачу Тмутаракані яго дзецям, княства вярнулася ва ўладанне Святаслава Яраславіча.[6]

  • Плахонин А. Г. Потомство Владимира Ярославича и Волынь // Вестник Удмуртского университета. 2003. Серия «История». — С. 98-107.
  • Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
  • Виноградов А. Ю., Чхаидзе В. Н. О христианских именах и политическом статусе Ростислава Тмутараканского // Slověne = Словѣне. — 2023. — № 2. — С. 7-18.