Перайсці да зместу

ФК Спадарожнік Рэчыца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Спадарожнік Рэчыца
ФК Спадарожнік Рэчыца (2021).jpg
Заснаваны 2017
Горад Рэчыца, Беларусь
Стадыён «Цэнтральны»
Умяшчальнасць: 3000
Дырэктар Алег Манастырскі
Чэмпіянат Вышэйшая ліга
2021 16 месца, спыненне існавання
Форма
Асноўная
форма
Форма
Гасцявая
форма

«Спадарожнік» — беларускі футбольны клуб з горада Рэчыца, заснаваны ў 2017 годзе. У 2021 годзе выступаў у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.

Да 2016 года горад на рэспубліканскай арэне быў прадстаўлены клубам «Рэчыца-2014», які ў 1980—1991 гадах меў назву «Спадарожнік». Па выніках сезона 2015 «Рэчыца-2014» страціла месца ў Першай лізе і спыніла існаванне. У другой палове 2016 года каманда Рэчыцкага раёна (фактычна пераемнік «Рэчыцы-2014») прымала ўдзел у чэмпіянаце Гомельскай вобласці.

У красавіку 2017 года ў Рэчыцы была заснаваная новая каманда — «Спадарожнік» — якая заявілася ў Другую лігу чэмпіянату Беларусі[1]. Аснову каманды склалі ігракі гомельскага клуба ДЮСШ-ДБК, які ў 2016 годзе выступаў у Другой лізе, а галоўным трэнерам «Спадарожніка» стаў настаўнік ДЮСШ-ДБК Канстанцін Чахаў. Пачатак сезона для клуба атрымаўся няўдалым, але пазней каманду папоўнілі больш вопытныя ігракі, і вынікі «Спадарожніка» сталі паляпшацца. Сезон 2017 каманда скончыла на 5 месцы ў Другой лізе.

У сезоне 2018 «Спадарожнік» з пачатку разглядаўся як адзін з фаварытаў лігі, аднак першую палову чэмпіянату правёў няўпэўнена і значна адстаў ад лідараў. У ліпені замест Канстанціна Чахава новым трэнерам быў прызначаны Вячаслаў Ляўчук. Значна змяніўся склад каманды, яе шарэгі папоўніла шмат ігракоў «Асіповічаў». Добра правёўшы другую палову сезона, «Спадарожнік» заняў выніковае тряцяе месца.

У сезоне 2019 «Спадарожнік» павінен быў выступаць у Другой лізе, аднак у сувязі з аб’яднаннем магілёўскага «Дняпра» і мінскага «Промня» з’явілася вакантнае месца ў Першай лізе, якое і заняў рэчыцкі клуб. Добра ўзмацніўшыся для Першай лігі, каманда трапіла ў шэраг фаварытаў, пазней доўгі час знаходзілася ў верхняй палове табліцы і прэтэндавала на высокія месцы, аднак скончыла сезон на шостым месцы.

У сезоне 2020 у каманду былі запрошаны ігракі з вопытам гульні ў Вышэйшай лізе. «Спадарожнік» хутка апынуўся ўверсе табліцы, надзейна ўтрымліваў першы радок і за некалькі тураў да фінішу забяспечыў выхад у Вышэйшую лігу.

У сезоне 2021, нягледзячы на пэўныя праблемы (прадпрыемства «Рэчыцадрэў», якое раней фінансавала каманду, скараціла падтрымку), «Спадарожнік» заявіўся ў Вышэйшую лігу. Значна змяніўся склад каманды, былі запрошаны маладыя ігракі з іншых клубаў, а таксама шэраг легіянераў. У лютым 2021 года была прынята новая эмблема клуба з выявай герба Рэчыцы з Пагоняй, аднак перад стартам чэмпіянату ў сакавіку герб быў прыбраны з эмблемы[2]. Хатнія матчы ў сувязі з неадпаведнасцю рэчыцкага стадыёна патрабаванням Вышэйшай лігі каманда спачатку праводзіла ў іншых гарадах, звычайна на гомельскім стадыёне СДЮШАР № 8, а матч 9-га тура супраць мазырскай «Славіі» (14 мая) прайшоў у Магілёве.

Каманда з самага пачатку апынулася сярод аўтсайдараў і замацавалася ў зоне вылету. У маі 2021 года Ляўчук быў адхілены ад кіраўніцтва камандай, выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера афіцыйна стаў яго памочнік Юрый Лукашоў, аднак фактычнае кіраўніцтва ажыццяўляў запрошаны ў каманду расійскі трэнер Віктар Кумыкоў, які ўпершыню быў заяўлены на матч 8-га тура супраць брэсцкага «Руха» 8 мая[3]. 4 чэрвеня было афіцыйна абвешчана аб звальненні Ляўчука і прызначэнні Кумыкова галоўным трэнерам[4], аднак амаль адразу Кумыкоў пакінуў клуб, да астатніх матчаў каманду рыхтаваў трэнер дубля Аляксей Краўчанка.

12 чэрвеня «Спадарожнік» упершыню ў сезоне згуляў хатні матч у Рэчыцы, дзе саступіў мінскаму «Дынама» 0:5. У наступным хатнім матчы 28 чэрвеня супраць «Віцебска» рэчыцкі клуб, саступаючы па ходзе сустрэчы 0:3, здолеў забіць чатыры галы і перамагчы 4:3. Гэта перамога стала першай у гісторыі беларускай Вышэйшай лігі перамогай каманды, якая саступала па ходзе сустрэчы тры мячы.

У чэрвені 2021 года з-за фінансавых праблем клуб пачалі пакідаць ігракі, 9 ліпеня стала вядома, што адразу 8 ігракоў атрымалі статус свабоднага агента[5]. 14 ліпеня «Спадарожнік» афіцыйна паведаміў АБФФ аб зняцці з чэмпіянату[6], 28 ліпеня на паседжанні выканкама АБФФ клуб быў выключаны са складу ўдзельнікаў Вышэйшай лігі[7]. Паколькі рэчыцкая каманда правяла 50 % сустрэч, то засталася ў выніковай табліцы, у астатніх матчах ёй былі прысуджаны тэхнічныя паражэнні з лікам 0:3.

Статыстыка выступленняў

[правіць | правіць зыходнік]

Чэмпіянат і Кубак Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
Сезон Ліга М Г В Н П Галы Ачкі Кубак Заўвагі
2017 Другая (Д3) 5 26 14 4 8 59–24 46 1/32 фіналу
2018 Другая (Д3) 3 28 18 4 6 79–21 58 1/32 фіналу Атрыманне месца ў Першай лізе
2019 Першая (Д2) 6 28 13 6 9 46–36 45 1/16 фіналу
2020 Першая (Д2) 1 26 19 4 3 50–18 61 1/8 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2021 Вышэйшая (Д1) 16 30 2 1 27 12–82 7 1/8 фіналу Зняцце з турніру, спыненне існавання1
  • 1 «Спадарожнік» зняўся з чэмпіянату пасля 15 праведзеных матчаў, у застаўшыхся гульнях былі залічаны тэхнічныя паражэнні з лікам 0:3.

Галоўныя трэнеры

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Речицкий «Спутник» заменит «Монтажник» во второй лиге
  2. Футбол. Директор "Спутника": напишите, что это мое решение. БФФ вообще была не в курсе пропажи "Погони" с эмблемы нашего клуба(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2021. Праверана 5 чэрвеня 2021.
  3. Футбол. "Рух" — "Спутник". Левчук отсутствует на тренерском мостике гостей, вместо него — россиянин Кумыков (руск.)(недаступная спасылка). pressball.by (8 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2021. Праверана 5 чэрвеня 2021.
  4. Кумыков официально назначен на пост главного тренера "Спутника" (руск.). Football.by (4 чэрвеня 2021). Праверана 5 чэрвеня 2021.
  5. Восемь игроков "Спутника" получили статус свободных агентов (руск.). Football.by (9 ліпеня 2021). Праверана 18 верасня 2021.
  6. Футбол. "Спутник" направил БФФ уведомление о снятии с чемпионата Беларуси (руск.)(недаступная спасылка). Прессбол (14 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2021. Праверана 18 верасня 2021.
  7. Футбол. "Спутник" официально исключен из состава участников высшей лиги-2021 (руск.)(недаступная спасылка). Прессбол (28 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2021. Праверана 18 верасня 2021.
  8. З мая 2021 года не выконваў абавязкі, фармальна выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера быў Юрый Лукашоў, аднак фактычна камандай кіраваў Віктар Кумыкоў