Перайсці да зместу

Чыкаса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чыкаса
(Chikashsha)
Агульная колькасць 27973 (2019 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова чыкаса
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, татэмізм
Блізкія этнічныя групы чакта, семінолы, маскогі, хоўма

Чыкаса (саманазва: Chikashsha) — індзейскі народ у ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Паўднёвая Караліна. Агульная колькасць (2010 г.) — 27 973 чалавек[1].

У XVIII — першай траціне XIX стст. чыкаса насялялі землі на захадзе сучасных штатаў Кентукі і Тэнесі, а таксама на поўначы штатаў Місісіпі і Алабама. Яны размаўляюць на адной з моў сям’і маскогі, блізкай да мовы чакта. Згодна паданням чыкаса, іх продкі і продкі чакта мелі адзінае паходжанне, прыйшлі з зямель на захад ад ракі Місісіпі і разлучыліся ўжо на ўсходзе ад яе[2]. Ад імя правадыра Чыкса паходзіць назва народа.

Мяркуецца, што прарадзімай магла быць даліна ракі Тамбігбі[3]. Перасяленне адбылося да кантактаў з еўрапейцамі, бо ў 1540 г. экспедыцыя Эрнанда дэ Сота сутыкнулася з чыкаса ў раёне сучаснага горада Тупела[4]. З 1670-х гг. назва чыкаса фіксуецца на поўнач ад месцаў рассялення чакта.

Чыкаса ўпершыню ўзгадваюцца ў апісанні экспедыцыі іспанскіх канкістадораў на чале Эрнанда дэ Сота ў 1540 г. Пасля заснавання англійскай калоніі ў Караліне ў 1670 г. чыкаса ўсталявалі з ёю кантакты, частка насельніцтва перасялілася бліжэй да англійскіх паселішчаў. У 1702 г. французскія гандляры ацэньвалі агульную колькасць гэтага народа ў 10 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2 тысяч дарослых мужчын-воінаў. Аднак да 1761 г. колькасць воінаў знізілася да 400[5]. Гэта тлумачыцца ваеннымі дзеяннямі, якія чыкаса вялі супраць чакта і іншых французскіх саюзнікаў.

У 1786 г. чыкаса заключылі саюзны дагавор з ЗША[6] і ў далейшым падтрымлівалі амерыканцаў у войнах супраць іншых індзейскіх плямён на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе[7][8]. У першай трэці XIX ст. значная ўлада апынулася ў руках братоў Кольберт, нашчадкаў шатландскага гандляра і жанчын-чыкаса. Яны служылі ў амерыканскай арміі і пасля атрымання пасад правадыроў актыўна супрацоўнічалі з уладамі ЗША. У 1816 г. і 1818 г. яны выступілі за перадачу часткі тэрыторый белым пасяленцам. Дагаворы прадугледжвалі кампенсацыю правадырам у памеры 100—150 долараў, але братам Кольбертам перадалі па 1000 долараў, іншыя грашовыя выплаты і зямельныя гарантыі. Пад уплывам амерыканцаў чыкаса былі ўцягнуты ў рынкавую эканоміку, стваралі камерцыйныя плантацыі, дзе выкарыстоўвалі працу неграў-рабоў. Так, у 1837 г. у іх было 1 156 рабоў[9].

Хаця ў ЗША чыкаса разглядаліся як адно з пяці «цывілізаваных плямён», якія згодна праграме Б. Хокінса маглі быць «акультураваны», у 1820-х гг. амерыканская палітыка ў дачыненні гэтага народа змянілася. Правадырам прапаноўвалася перадаць за кампенсацыю ўсе карэнныя трыторыі і перасяліцца ў Аклахому. Падчас перагавораў 1826 г. і 1827 г. чыкаса адказалі адмовай. У 1828 г. Леві Кольберт, што займаў пасаду вярхоўнага правадыра, даследваў прапанаваныя для перасялення землі і знайшоў іх непрыдатнымі. Але ў 1830 г. пасля новай экспедыцыі ён змяніў сваё меркаванне і выступіў за падпісанне адпаведнага дагавора[10]. 20 — 27 жніўня 1830 г. правадыры чыкаса сустрэліся з прэзідэнтам Э. Джэксанам і пасля складаных перамоў пагадзіліся падпісаць пагадненне аб перасяленні на захад[11]. Гэты дагавор так і не быў ратыфікаваны кангрэсам, таму перамовы працягваліся ў 1832 г., 1834 г. і ў 1835 г. Між тым, землі, знойдзеныя Леві Кольбертам, былі заняты чакта, якія адмаўлялі прадаваць іх і прапаноўвалі чыкаса стаць суб’ектам іх палітычнай канфедэрацыі. У 1837 г. пад пагрозай ужывання арміі амерыканцы прымусілі чыкаса пачаць перасяленне. Яно адбывалася за сродкі, атрыманыя з кампенсацыі. 530 тысяч долараў чыкаса перадалі чакта[12]. У выніку на новым месцы яны апынуліся ў гаротным стане і былі вымушаны звяртацца за дапамогай да ўрада ЗША. Група чыкаса чалаклава не ўдзельнічала ў перамовах, а таму засталася на сваіх землях у Паўднёвай Караліне. Іх нашчадкі з’яўляюцца грамадзянамі ЗША і прызнаны як племянная супольнасць з боку штата Паўднёвая Караліна.

Чыкаса, пераселеныя ў Аклахому, спярша ўваходзілі ў канфедэрацыю чакта. 22 чэрвеня 1855 г. два народы падпісалі дагавор, згодна якому племянныя тэрыторыі чыкаса вылучаліся ў асобнае дзяржаўнае фарміраванне. 30 жніўня 1856 г. была прынята Канстытуцыя нацыі чыкаса[13], што рэгламентавала падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, дзяржаўную школьную адукацыю і захаванне рабства. Замест спрэчнай постаці вярхоўнага правадыра ўводзілася пасада губернатара. Ён узначальваў выканаўчую ўладу. Першым губернатарам стаў правадыр Сайрус Харыс[14], занепакоены ўмяшвальніцтвам амерыканцаў ва ўнутраныя справы індзейцаў. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША, урад чыкаса падтрымаў Канфедэратыўныя Штаты. Пасля іх паражэння ў 1866 г.[15] быў вымушаны падпісаць мірны дагавор з ЗША, які прадугледжваў вызваленне рабоў, наданне ім статуса паўнапраўных грамадзян. Паколькі чыкаса не выканалі ўмову аб наданні былым рабам грамадзянства, ЗША пакаралі іх анексіяй часткі тэрыторый.

У 1907 г. са стварэннем штата Аклахома аўтаномная дзяржава чыкаса перастала існаваць. Аднак у 1970 г. кангрэс ЗША ўзнавіў дазвол на выбранне самастойных органаў улады. У нашы дні ўрад нацыі чыкаса месціцца ў горадзе Ада, дзейнічае Канстытуцыя, прынятая ў 1990 г.[16]

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

З часоў існнавання місісіпскай культуры найважнейшым гаспадарчым заняткам чыкаса было земляробства. Асноўную працу на зямлі выконвалі жанчыны, таму зямля пераходзіла ў спадчыну па жаночай лініі, адлік сваяцтва вёўся пераважна па жаночай лініі. У XVII ст. саюз з англічанамі дазволіў атрымоўваць і выкарыстоўваць агнястрэльную зброю супраць суседніх плямён. У 17201725 гг. і 17331743 гг. чыкаса вялі войны супраць французскіх каланістаў і іх саюзнікаў. Еўрапейцы разглядалі іх як найбольш ваяўнічы народ у рэгіёне Місісіпі[17]. Сталыя ваенныя дзеянні садзейнічалі ўмацаванню вайсковай культуры сярод мужчын і ўсталяванню ўлады ваенных правадыроў.

Да XIX ст. чыкаса не мелі агульнага кіравання. Асноўнымі палітычнымі і гаспадарчымі адзінкамі былі паселішчы да 200 жыхароў. Іх будавалі на ўзвышшах каля рэк, умацоўвалі драўлянымі частаколамі. Паселішчы складаліся з самастойных гаспадарак. Кожная з іх уключала некалькі драўляных будынкаў для жытла і захавання збожжа. Акрамя таго ў паселішчах былі рытуальныя гульнёвыя пляцоўкі, будынак для рады старэйшын[18]. Грамадства падзялялася на матрылінейныя роды. Яны насілі назвы жывёлін, ім прыпісваліся асаблівыя ўласцівасці[19]. Шлюбы знутры родаў былі забаронены[20].

У другой палове XVIII — першай палове XIX ст. ваенныя правадыры склалі надродавую палітычную структуру на чале вярхоўнага правадыра. Ад імя правадыроў вяліся перагаворы з брытанцамі, а потым амерыканцамі, правадыры прымалі і размяркоўвалі падарункі за ваенную падтрымку і перадачу зямель. З пачатку XIX ст. сярод чыкаса актыўна вялася місіянерская дзейнасць. Місіянеры адчынялі школы, лекавалі мясцовых жыхароў. Такая сістэма фактычна пратрымалася да прыняцця Канстытуцыі 1856 г.[21] Перасяленне ў Аклахому і спыненне існавання аўтаноміі ў 19071970 гг. спрыялі разбурэнню традыцыйнай сістэмы ўлады, хаця памяць пра роды і матрылінейны адлік сваяцтва захаваліся.

Зноскі