Перайсці да зместу

Юты (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне германцы-юты.
Юты
(Nuciu)
1899 г.
Агульная колькасць 11491 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова нуму
Рэлігія анімізм, політэізм, шаманізм, пеётызм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы каманчы, шашоны, які, маё

Ю́ты (саманазва: Nuciu) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Юта, Каларада, Невада і Арызона. Агульная колькасць (2010 г.) - 11 491 чал.[1]

Юты адносяцца да паўднёванумічнай групы юта-ацтэкскай моўнай сям'і. Яна сфарміравалася каля 4000 гадоў таму на памежжы сучасных ЗША і Мексікі. Самі юты лічаць, што здаўна насялялі ўсходнія адгор'і Скалістых гор, паколькі ня маюць міфаў і легенд пра міграцыю продкаў[2]. Яны займалі тэрыторыі штатаў Юта, Каларада, Ваёмінг, усход Невады, поўнач Нью-Мексіка і Арызоны[3]. Аднак археолагі сцвярджаюць, што юты пачалі рассяленне на плато Каларада не раней за 1 - 2 тысячы гадоў таму[4]. Імклівае пашырэнне іх этнічнага арэала адбылося толькі ў XII - XV стст., што, магчыма, было звязана з заняпадам старажытных пуэбла. Да моманта першага кантакта з еўрапейцамі, яны падзяляліся на 12 тэрытарыяльных груп[5].

Паходжанне назвы юты дакладна ня высветлена. Яно было дадзена ютам суседнімі народамі. Напрыклад, каманчы называлі іх Yu Hta, а хопіYota. Самі юты называюць сябе Nuciu, літаральна "людзі" або "народ".

Бітва ютаў з шаенамі

Да кантактаў з еўрапейцамі асноўнымі заняткамі ютаў былі пешае вандроўнае паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. У канцы XVII ст. усходнія юты асвоілі конегадоўлю і ператварыліся ў конных паляўнічых на бізонаў. Заходнія юты доўгі час працягвалі традыцыйны лад жыцця і асвоілі конегадоўлю бліжэй да XIX ст. Мабільнасць, якую атрымалі воіны ютаў дзякуючы коням, давала ім магчымасць рабіць паспяховыя рэйды супраць суседзяў. Палонных яны прадавалі ў якасці рабоў іспанскім каланістам.

Пасля міграцыі на захад мармонаў у 1847 г. сітуацыя карэнным чынам змянілася. З 1849 г. пачаліся ўзброеныя канфлікты на тэрыторыі Юты. Заходнія юты былі саслаблены эпідэміяй воспы, пацярпелі паражэнне і былі ў 1864 г. пераселены на паўночны ўсход гэтага штата[6].

Усходнія юты імкнуліся падтрымліваць мірныя адносіны з ЗША, заключалі з імі пагадненні, удзельнічалі ў сумесных войнах супраць апачы і наваха. У 1878 г. амерыканскі агент па справах індзейцаў Натан Мікер паспрабаваў дамагчыся рэформ, што павінны былі садзейнічаць аселасці і ўкараненню земляробчых традыцый. Але яго дзеянні выклікалі незадаволенасць з боку правадыроў. Гэта супала са спробамі амерыканскіх каланістаў выціснуць ютаў з найбольш прыдатных для пасялення зямель Каларада[7]. У выніку 29 верасня 1879 г. юты напалі на Н. Мікера, забілі яго і 10 супрацоўнікаў, а жанчын і дзяцей узялі ў палон у якасці заложнікаў. Частка ютаў не падтрымала забойства амерыканскага агента і садзейнічала вызваленню заложнікаў. У 1880 г. Кангрэс разгледзеў інцыдэнт і прыняў рашэнне аб выдаленні ютаў з 49 000 км² занятых імі тэрыторый. У 1881 г. перасяленню ў рэзервацыі былі падвергнуты нават тыя, хто выступаў супраць узаемных ваенных дзеянняў[8]. Працэс перасялення ютаў у рэзервацыі доўжыўся да 1897 г.

У нашы дні існуюць тры галіны ютаў — паўночная, паўднёвая і горная. Яны вызнаюцца на федэральным узроўні як нацыі і маюць унутраную аўтаномію. Асноўныя сучасныя заняткі — сельская гаспадарка, абслугоўванне турыстаў, праца ў энергетычнай прамысловасці.

Асноўнымі заняткамі ютаў здаўна былі паляванне і збіральніцтва. На рэках Каларада і на Салёным возеры займаліся рыбалоўствам. Ужо да кантактаў з еўрапейцамі яны гандлявалі абсідыянам. З сярэдзіны XVII ст. прадавалі іспанцам футра, скуры дзікіх жывёл і рабоў. Традыцыйныя рамёствы — вытворчасць плеценых тканін, караляў, керамікі. Большасць рамесных заняткаў лічацца жаночай справай[9].

Асноўнай сацыяльнай адзінкай з'яўлялася сям'я. Яна магла быць малой нуклеарнай, але часцей ўключала старых сваякоў і маладыя сем'і. Юты аддавалі перавагу палігінічным шлюбам. Яны практыкавалі частыя разводы, прычынамі якіх маглі быць бясплоддзе, няслушнасць, несумяшчальнасць[10]. Прычым, дзеці заставаліся з маці. Сям'я канцэнтравалася вакол жанчыны, аднак на чале поўных сем'яў заўсёды стаялі мужчыны. Адлік сваяцтва вёўся па мужчынскай лініі. Маёмасць пасля смерці спальвалася, таму перадача спадчыны практычна не сустракалася.

Сем'і аб'ядноўваліся ў вандроўныя групы, што ладзілі часовыя паселішчы з вікіяпаў і тыпі. Яны ў сваю чаргу ўваходзілі ў склад большых па памерах тэрытарыяльных груп, што аб'ядноўваліся ў зімовы перыяд. На чале груп стаялі выбраныя правадыры. У ўсходніх ютаў інстытут правадыроў узмацніўся ў выніку войн з суседзямі. Яны з'яўляліся ў першую чаргу ваеннымі лідарамі. У заходніх ютаў правадыры адыгрывалі ў большасці рытуальную ролю[11]. Паміж рознымі групамі ютаў маглі ўспыхваць канфлікты. Яны асабліва яскрава праявіліся пасля перасялення ў рэзервацыі, калі назіралася канкурэнцыя за зямлю і размеркаванне федэральнай дапамогі.

Юты знакаміты сваімі рытуальнымі спевамі і танцам мядзведзя. Захаваліся шматлікія старажытныя петрогліфы і піктаграмы.

Традыцыйная рэлігія ютаў мела рысы анімізму і політэізму. Яны верылі ў існаванне душы, звышнатуральных істот, багоў і духаў. Найбольш важную ролю адыгрываў бог Senawahv[12]. Асноўным спосабам шанавання багоў быў рытуальны танец. Двойчы на год юты збіраліся для сумесных танцаў мядзведзя і сонца. Меліся шаманы[13], што займаліся лекаваннем. У нашы дні частка прыхільнікаў традыцыйнай рэлігіі — пеётысты. Акрамя таго, ёсць вернікі-хрысціяне, у тым ліку мармоны.

Зноскі