Язэп Зазека
Язэп Зазека | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 24 чэрвеня 1907 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 жніўня 1977 (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, педагог |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды |
Язэп Зазека, поўнае імя Іосіф Васілевіч Зазека (24 чэрвеня 1907, в. Восаў, цяпер Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць — 27 жніўня 1977, Мінск) — беларускі пісьменнік, навуковец і педагог. Кандыдат філалагічных навук.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 24 чэрвеня 1907 года ў вёсцы Восаў у сям’і батрака. Калі яму споўнілася тры гады, памерла маці. Бацька працаваў на панскім бровары, выхаваннем хлопчыка займалася бабуля. У 1920 г. ён скончыў царкоўнапрыходскую школу. Пасля вучобы ў школе сялянскай моладзі прайшоў ваенную падрыхтоўку ў часцях асобага прызначэння, прымаў удзел у ліквідацыі банд у Чэрвеньскім раёне. У 1922–1930 гг. батрачыў, быў рабочым, займаўся ў палітэхнікуме[1].
У 1931 г. прыехаў у Менск і праз год паступіў на літаратурны факультэт Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута. З другога курса яго адклікалі для работы ў апараце ЦК ЛКСМБ, потым працаваў у палітаддзеле машынна-трактарнай станцыі, а таксама прапагандыстам у пагранічных раёнах. З 1934 г. працягваў вучобу ў інстытуце і праз два гады атрымаў дыплом. Рыхтуючыся да выкладчыцкай дзейнасці, паступіў у аспірантуру, якую скончыў у 1940 г. У гэтым жа годзе быў прызначаны намеснікам дырэктара Беластоцкага педагагічнага інстытута[1].
У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны Язэп Зазека займаўся падпольнай работай у заходніх абласцях Беларусі, змагаўся з фашыстамі ў партызанскім атрадзе. У 1943 г. камандаванне брыгады імя Чапаева, якая дзейнічала на Беласточчыне, даручыла яму рэдагаваць газету «Свіслацкая праўда» (орган падпольнага райкама партыі). Звесткі, што сцякаліся ў рэдакцыю, давалі пісьменніку багаты матэрыял для літаратурнай творчасці[1].
Пасля вызвалення Беларусі Язэп Зазека працаваў спачатку намеснікам дырэктара, потым дэканам філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1949–1952 гг. загадваў кафедрай рускай літаратуры ў Адэскім педагагічным інстытуце імя К. Д. Ушынскага. У 1952 г. быў абраны дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Ён працаваў на кафедры рускай літаратуры да 1973 г[1].
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1967 года[2].
Памёр 27 жніўня 1977 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска[2].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Літаратурнай дзейнасцю Я. Зазека пачаў займацца ў пачатку 1920-х гг. На старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў таго часу друкаваліся яго нататкі і нарысы. Першае апавяданне «На сталёвых павучыннях» было апублікавана ў часопісе «Маладняк» (№ 12) у 1930 г. Праз два гады выйшаў зборнік «Рукою ворага». У сваіх творах аўтар адгукнуўся на хвалюючыя надзённыя пытанні жыцця, адлюстраваў падзеі, што адбываліся ў вёсцы ў перыяд калектывізацыі. Пасляваенныя апавяданні і нарысы пісьменнік прысвяціў жыццю і барацьбе народных мсціўцаў, якія мужна змагаліся з захопнікамі і набліжалі Вялікую Перамогу. Многія з іх склалі зборнік «Партызанскія сцежкі» (1959). Героіка вайны, думкі і пачуцці юнага пакалення, апісанне прыгажосці роднай прыроды сталі тэмамі твораў, што Я. Зазека напісаў для дзяцей. Кнігі «Лясныя сябры» (1966), «Трывожная ноч» (1972), «Сонечны алень» (1987) вызначаюцца займальнасцю сюжэтаў, жывасцю стылю, дакладнасцю мастацкіх дэталей. Шмат увагі пісьменнік удзяляў збору і публікацыі фальклорных твораў. Ён складальнік зборнікаў партызанскай творчасці «Песні барацьбы» (1946, з М. Меяровіч і С. Карабанам) і «Лясныя песні» (1970, 2-е дапоўненае выданне выйшла ў 1974 г.)[1].
Прызнанне
[правіць | правіць зыходнік]За ўдзел у падпольным і партызанскім руху, плённую працу ў вышэйшых навучальных установах быў узнагароджаны ордэнам «Партызанскі крыж» (Польшча), шматлікімі медалямі, Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е Язэп Зазека на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ↑ а б Зазека Язэп – Белліт (1 ліпеня 2024). Праверана 28 жніўня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Зазека Язэп // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Зазека Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Язэп Зазека на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 24 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Нарадзіліся ў Ігуменскім павеце
- Памерлі 27 жніўня
- Памерлі ў 1977 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Паўночных могілках
- Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
- Выкладчыкі БДУ
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Узнагароджаныя польскім Партызанскім крыжом
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
- Узнагароджаныя Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Клічаўскім раёне
- Кандыдаты філалагічных навук
- Педагогі Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Філолагі Беларусі