Ален Гінзберг

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ален Гінзберг, 1985

Ален Гінзберг (англ.: Allen Ginsberg; 3 чэрвеня 1926, Ньюарк, штат Нью-Джэрсі, ЗША5 красавіка 1997) — амерыканскі паэт, адзін з лідараў Біт-пакалення.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ірвін Ален Гінзберг нарадзіўся ў Ньюарку, а вырас непадалёк ад Патэрсана ў штаце Нью-Джэрсі ў яўрэйскай сям'і. Бацька Луіс быў пісьменнікам і настаўнікам. Маці Наомі эмігравала ў Амерыку з Расіі, яна мела камуністычныя погляды і часта вадзіла сына Алена на камуністычныя сходкі. Неўзабаве ён таксама зрабіўся перакананым камуністам. Калі Ален быў яшчэ хлопчыкам, маці пачала пакутаваць на псіхічную хваробу. Пасля спробы самагубства Наомі змясцілі ў клініку для псіхічна хворых, практычна ўсё юнацтва Алена яна правяла ў клініках. Наомі памерла ў 1956, і над яе магілай не сказалі кадзіш, таму што сабралася менш за дзесяць мужчынаў-яўрэяў. Пасля смерці маці Ален Гінзберг атрымаў яе ліст у адказ на "Сковыт", які паэт ёй даслаў. Уражанні А. Гінзберга ад стасункаў з маці, яе хваробы і смерці леглі ў аснову двух яго асноўных вершаў: "Сковыт" і "Кадзіш па Наомі Гінзберг (1984—1956)".

У першы год навучання ў Калумбійскім універсітэце Ален Гінзберг пазнаёміўся з Уільямам Бероўзам, Джэкам Керуакам і Джонам Клеланам Холмсам. Іх аб'яднала захапленне патэнцыялам амерыканскай моладзі, што існаваў па-за строгімі канфармісцкімі рамкамі пасляваеннай Амерыкі. Кар і Гінзберг часцяком разважалі пра так званае "новае бачанне" (New Vision; выраз, пазычаны ў А. Рэмбо) літаратуры і Амерыкі. У нью-ёркскім бары Ален Гінзберг пазнаёміўся з Грэгары Корсам, які нядаўна выйшаў з турмы.

У 1954 ў Сан-Францыска Ален Гінзберг сустрэў Пітэра Арлоўскі, з якім пражыў усё жыццё. У 1959 разам з Джонам Келі, Бобам Каўфманам і іншымі заснаваў паэтычны часопіс Beatitude.

7.10.1955 у "Шасці галерэях" у Сан-Францыска адбылася адна з найважнейшых падзеяў эпохі Біт-пакалення, вядомая пад назвай чытанняў у "Шасці галерэях". Тады адбылася першая публічная прэзентацыя верша Алена Гінзберга "Сковыт", што прынёс яму сусветную славу. Падзеі гэтага вечара апісаў у сваім рамане "Бадзягі Дхармы" Джэк Керуак.

Кніга "Сковыт і іншыя вершы" выйшла ў 1956 ў выдавецтве City Lights Bookstore і спачатку была забароненая за непрыстойнасць. Аднак выдавецтва выйграла судовую справу, адстаяўшы думку, што творы з кнігі маюць мастацкую каштоўнасць.

У 1957 А. Гінзберг разам з П. Арлоўскі пераязджаюць у Парыж да Г. Корсы, які паказвае ім занядбаны дом, што ў будучыні ператворыцца ў Beat Hotel. У хуткім часе да кампаніі далучаюцца Бероўз і іншыя. Тут Гінзберг скончыў верш "Кадзіш", Корса напісаў "Бомбу" і "Жаніцьбу", Бероўз з папярэдніх запісаў сабраў раман "Голы сняданак". Beat Hotel закрыўся ў 1963.

У траўні 1965 А. Гінзберг прыехаў у Лондан, дзе прапанаваў свае чытанні ў любым месцы задарма. Пасля чытанняў у кнігарні Better Books 11.7.1965 у Альберт-Холе прайшло "Міжнароднае паэтычнае ўвасабленне", якое сабрала больш за 7 тысяч слухачоў.

А. Гінзберг актыўна займаўся грамадска-палітычнымі справамі, доўгія гады ўдзельнічаў у палітычных пратэстах супраць шэрагу падзеяў, пачынаючы з вайны ў В'етнаме і заканчваючы кампаніямі па барацьбе з наркотыкамі. Паводле рэлігійных перакананняў быў будыстам.

У 1970-х А. Гінзберг перанёс два міні-інсульты, тады ж у яго дыягнаставалі хваробу Рэйно. Лічыцца, што яго апошнія публічныя паэтычныя чытанні прайшлі ў кнігарні Booksmith (Сан-Францыска) 16.12.1996. Ален Гінзберг памёр у Нью-Ёрку ў атачэнні сям'і і сяброў, пакутуючы на рак печані, якім ускладніўся гепатыт.

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Нацыянальная кніжная прэмія ЗША (1974)
  • прэмія «Залаты вянок» (1986)
  • медаль Рыцара навукі і мастацтва Французскага міністэрства культуры

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]