Беларуская губерня
Беларуская губерня, губерня Расійскай імперыі, якая існавала ў 1796—1801 гадах.
Калі да ўлады прыйшоў Павел I, ён правёў новую адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу. 12 снежня 1796 года была створана Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску, якая складалася з 16 паветаў: Беліцкага, Веліжскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Дынабургскага, Люцынскага, Магілёўскага, Мсціслаўскага, Невельскага, Аршанскага, Полацкага, Рагачоўскага, Себежскага, Сенненскага, Чавускага, Чэрыкаўскага. У яе склад увайшлі землі Полацкага (11 паветаў[1]) і Магілёўскага (12 паветаў[1]) намесніцтваў.
У 1798—1800 гг. у губерні было 72 мястэчкі, 545 сёл, 2084 сяльцы, 17595 вёсак, 5807 панскіх двароў. Насельніцтва губерні складалася з 1388,5 тыс. чал. падатковага і 20 тыс. чал. ваколічнай шляхты[1].
Кіраваць такімі вялікімі па памерах губернямі было складана, і ў 1801 годзе Аляксандр I правёў новую рэформу. Паводле яе Беларуская губерня была падзеленая на Магілёўскую і Віцебскую губерні, якія ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства.
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш — Мінск: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
[правіць] Літаратура
- Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш — Мінск: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
