Бензін
Бензі́н - сумесь лёгкіх вуглевадародаў з тэмпературай кіпення ад 30 да 200 °C. Шчыльнасць каля 0,75 г/см2. Цеплатворная здольнасць прыкладна 10500 ккал/кг (46 МДж/кг). Гаручая вадкасць. Прызначаны для ўжывання ў якасці паліва. Атрымліваецца шляхам перагонкі нафты, гідракрэкінгам і, пры неабходнасці далейшай араматызацыі - каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Для адмысловых бензінаў характэрна дадатковая ачыстка ад непажаданых кампанентаў і змешванне з карыснымі дадаткамі.
Вядомы асобныя выпадкі, калі для вытворчасці бензінаў ужываецца і іншая вуглевадародная сыравіна. Магчымы адгон бензінавых фракцый са смол паўкаксавання і каксавання з дадатковай іх ачысткай (напрыклад у Эстонскай ССР бензін вырабляўся з гаручых сланцаў). Вырабляюцца бензіны і з сінтэз-газу (прадукт газіфікацыі вугля, канверсіі метану) пры дапамозе сінтын-працэсу (сінтэз Фішэра - Тропша), прадукты такой тэхналогіі - сінтын і кагазіны.
"Класічная" тэхналогія вытворчасці аўтамабільнага бензіну на сучасных НПЗ прадугледжвае яго кампаўндаванне (змешванне) з некалькіх складнікаў, галоўнымі з якіх з'яўляюцца:
- прамагонны бензін (лёгкая нафта)
- ізамерызат (прадукт ізамерызацыі папярэдняга)
- рыфармат (прадукт рыформінгу цяжкай нафты)
- бензін каталітычнага крэкінгу (прадукт раскладання цяжкіх фракцый першаснай перагонкі)
- алкілат (прадукт алкілавання папярэдняга)
- бензін гідракрэкінгу (прадукт раскладання найболей цяжкіх вадкіх фракцый, якія засталіся пасля атмасфернай, а затым вакуумнай перагонкі)
- мадыфікавальныя прысадкі і дадаткі.
Найпростая схема атрымання аўтамабільнага бензіну ўлучае адбор лёгкіх фракцый падчас грубай перагонкі нафты саматужным спосабам (у т.зв. "самаварах") з наступным падвышэннем актанавага ліку даданнем вялікай колькасці прысадак ("бадзяжніцтва").
Змест |
Ужыванне [правіць]
Напрыканцы 19 стагоддзя, бензін не знаходзіў лепшага ўжывання, чым антысептычны сродак (бензін прадаваўся ў аптэках) і паліва для прымусаў. Часцяком з нафты адганялі толькі газу, а ўсё астатняе, бензін улучна, або спальвалі, або проста выкідвалі. Аднак са з'яўленнем РУЗ, што працаваў па цыклу Ота, бензін стаў адным з галоўных прадуктаў нафтаперапрацоўкі.
Бензін ужываецца як паліва для карбюратарных і інжэктарных рухавікоў, высакаімпульснае ракетнае паліва (Сінтын), у вытворчасці парафіну, як растваральнік, як гаручы матэрыял, сыравіна для нафтахіміі.
Паліўныя бензіны [правіць]
Маторныя бензіны [правіць]
Асноўнымі якаснымі паказчыкамі маторных бензінаў з'яўляюцца:
- Выпаральнасць і сумесеўтварэнне
- Дэтанацыйная ўстойлівасць
- Схільнасць да некіраванага ўзгарання (напальнае запальванне)
- Нагараўтварэнне і схільнасць да адкладаў
- Хімічная стабільнасць (індукцыйны перыяд)
- Каразійная актыўнасць
- Экалагічнасць
- Таксічнасць
Асноўнымі характарыстыкамі, што ўплываюць на дадзеныя паказчыкі, з'яўляюцца:
- Фракцыйны склад бензіну, вызначаны тэмпературамі пачатку і канца кіпення, выкіпання 10, 50 і 90 % бензіну
- Вуглевадародны склад (улічваючы і іх будову)
- Утрыманне серы, кіслародзмяшчальных злучэнняў, раствораных смол, металаў
Маторныя бензіны падзяляюцца на аўтамабільныя (А) і авіяцыйныя (Б). Авіяцыйныя бензіны адрозніваюцца тым, што ўлучаюць больш лёгкіх фракцый і маюць больш высокі актанавы лік. Адрозніваюць таксама летнія і зімовыя гатункі аўтамабільных бензінаў. У зімовых гатунках больш лёгкакіпячых фракцый, што паляпшае халодны пуск рухавіка. У падмурак класіфікацыі бензінаў пакладзены так званы актанавы лік. Бензіны з вялікім лікам валодаюць больш высокай устойлівасцю да дэтанацыі і дазваляюць выкарыстоўваць рухавікі з больш высокай ступенню сціску. thumb Прамагонны бензін, атрыманы шляхам перагонкі нафты, не валодае дэтанацыйнай устойлівасцю, неабходнай для працы сучаснага рухавіка. Бензін маркі А-72 і ніжэй выкарыстоўваўся толькі ў маторах, распрацаваных да 1950 года.
Асноўныя кампаненты высокаактанавых бензінаў атрымліваюць каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Дадаткова выкарыстоўваюцца розныя прысадкі і антыдэтанатары. Іх выкарыстанне абмежавана стандартамі, абмежавана ўтрыманне свінцу (таксічны тэтраэтылсвінец), марганцу і жалеза (нагараўтваральныя трыкарбанілмарганец і ферацэн), смалаўтваральнага монаметыланіліну (да 1,3%). Гэтак жа магчыма ўжыванне дадаткаў, што падвышаюць актанавы лік сумесі. Такімі дадаткамі з'яўляюцца кіслародзмяшчальныя злучэнні (спірты і эфіры). Так напрыклад: актанавы лік этылавага спірту каля 120 пунктаў, а МТБЭ каля 130 пунктаў. Аднак іх утрыманне абмежавана з-за нізкай цеплатворнай здольнасці і тэмпературы кіпення да 15%. Часта для падвышэння актанавага ліку выкарыстоўваюць пабочны прадукт нафтахіміі талуол з АЛ роўным 115 пунктаў.
У Беларусі ўжываюцца наступныя маркі аўтамабільных бензінаў:
-
- Нармаль-80 (А-76)
- АІ-92 ("рэгуляр")
- АІ-93 ("рэгуляр")
- АІ-95 ("прэміум")
- АІ-98 ("супер")
На беларускім рынку сустракаюцца розныя па якасцях бензіны, напрыклад на Нафтане па тэхнічных умовах выпускаюцца бензіны марак Нармаль-80 2-га класа, А-92 неэтыляваны, АІ-95 неэтыляваны з палепшанымі экалагічнымі паказчыкамі. А на Мозырскім нафтаперапрацоўчым заводзе вырабляюць бензіны марак Нармаль-80 класы 1-5, А-92 (АІ-92), А-95 (АІ-95).
У ЗША шырокае ўжыванне атрымалі сумесі бензінаў з этанолам да 20 % (марка Е20) (гл. біяэтанол). А ў Бразіліі 20 % утрыманне этанолу з'яўляецца агульнапрынятым і даволі распаўсюджаныя сумесі з чыстым спіртам, якія ўжываюцца на аўтамабілях з адаптаванымі рухавікамі.
Пазначэнне бензінаў: "А" - аўтамабільны бензін; "Б" - авіяцыйны бензін; "76" - лікавы індэкс - актанавы лік; "І" - метад вызначэння актанавага ліку (даследчы). Калі літара І адсутнічае - маторны метад.
Бензіны-растваральнікі [правіць]
Знайшлі ўжыванне вузкія лёгкакіпячыя прадукты каталітычнага рыформінгу (БР-2) ці прамой перагонкі маласярністых нафтаў (БР-1) (ДАСТ 443-76) у якасці растваральніка для падрыхтоўкі гумовых клеяў пры вытворчасці друкарскіх фарбаў, масцік; для абястлушчвання электраабсталявання, тканін, скуры, паверхні металаў перад нанясеннем металічных пакрыццяў; для прамывання падшыпнікаў, арматуры перад кансервацыяй, у вытворчасці штучных мяхоў; для вырабу хуткасохлых алейных фарбаў і электраізаляцыйных лакаў; для вымання каніфолі з драўніны, падрыхтоўкі спірта-бензінавай сумесі для прамывання друкаваных плат у электратэхнічнай вытворчасці.
Экстракцыйныя бензіны (тэмпература кіпення 70-95°С) прамой перагонкі маласярністых нафтаў ужываюцца для экстракцыі алеяў, вымання тлушча з костак, нікатыну з махоркавага ліста, як растваральнік у гумовай і лакафарбавай прамысловасці.
Маласярністы дэараматызаваны экстракцыйны бензін (тэмпература кіпення 70-85°С) ужываецца для выпрацоўкі маслаў у раёнах з гарачым кліматам (высокай выпаральнасцю).
Атрыманы з рафінату каталітычнага рыформінгу (тэмпература кіпення 105-125°С), растваральнік БЛХ утрымоўвае галоўным чынам парафінавыя вуглевадароды лінейнай і ізамернай будовы, вырабляецца адмыслова для лесахімічнай прамысловасці, і ўжываецца для вымання каніфолі з драўнянай дранкі, часам пры падрыхтоўцы гумовых клеяў і лакавых рэцэптур друкарскіх фарбаў.
Вузкую фракцыю прамой перагонкі (тэмпература кіпення 110-185°С) (азакерытавы растваральнік) ужываюць для экстракцыі азакерыту з руд.
Шырокае ўжыванне атрымаў Нефрас З 50/170 (ДАСТ 8505-80) (шырокая фракцыя прамой перагонкі маласярністых нафтаў ці рафінату каталітычнага рыформінгу), у якасці растваральніка пры вытворчасці штучных скур, для хімічнай чысткі тканін, прамыванні дэталяў перад рамонтам, для змывання з дэталяў супрацькаразійных пакрыццяў і інш.
Ксілольны рафінат каталітычнага рыформінгу і талуолу з утрыманнем араматыкі да 30 % - Нефрас САР ужываецца пры вытворчасці маналітных кандэнсатараў.
Асабліва распаўсюджаны бензін-растваральнік для лакафарбавай прамысловасці - Уайт-спірыт.
Нефрас З 150/200 вузкай фракцыі прамой перагонкі сярністых нафтаў, блізкі па ўласцівасцях і ўжываецца таксама як і Уайт-спірыт, аднак утрымоўвае больш серы і мае больш рэзкі пах.
У народзе лёгкакіпячыя бензіны растваральнікі побытавага ўжывання часта завуць "Галёш", акрамя таго на расійскім рынку сустракаецца прадукт Нефрас С2 80/120 падобны па складу на БР1 і таварным найменнем "Галёш".
Вытворчасць, спажыванне і экспарт з Беларусі [правіць]
Аб'ём вытворчасці аўтамабільнага бензіну ў 2008 годзе на прадпрыемствах галіны павялічыўся ў параўнанні з 2007 годам на 4,8% і дасягнуў 3,33 млн.т.[1]
Запасы гатовага аўтамабільнага бензіну на прадпрыемствах на 1 студзеня 2009 года склалі 10,5% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, дызпаліва - 1,1%, топачнага мазуту - 3,2%, маслаў - 92.1%.
У 2008 годзе Беларусь экспартавала 15.2 млн.т. нафтапрадуктаў.[2]. Пры гэтым амаль увесь экспарт нафтапрадуктаў адбываецца праз сістэму электроннага гандлю канцэрна "Белнафтахім". Галоўнай прадукцыяй у агульным аб'ёме рэалізацыі праз гэту гандлёвую пляцоўку з'яўляюцца нафтапрадукты (41% складае дызпаліва, 23% - мазут, 17% - бензін, 19% размяркоўваюцца паміж рэшткавымі прадуктамі нафтаперапрацоўкі). 96% прадукцыі "Нафтана" сыходзіць на прыбалтыйскія порты. Прадукцыя Мазырскага НПЗ галоўным чынам таксама ідзе на Прыбалтыку, але гэта 81%. 19% застаецца на ўнутраных рынках найблізкіх краін - Украіны, дзяржаў Усходняй Еўропы[3].
Гл. таксама [правіць]
- Нафтаперапрацоўчы завод
- Асноўныя стадыі тэхналогіі перапрацоўкі нафты
- Выхлапныя газы
- Аўтамабіль
- Напалм
Нататкі [правіць]
Зноскі
Спасылкі [правіць]
- Прадукцыя асноўнай вытворчасці ААТ "Нафтан"
- Каталог аўтамабільных бензінаў ААТ "Мозырскі нафтаперапрацоўчы завод"
- Мозырскі НПЗ: шлях да еўрапейскай якасці
- Мроім пра бензінавы рай, Эксперт, № 35 (539) - чыннікі высокага кошту бензіну і праблемы нафтаперапрацоўкі Расіі
- ДАСТ 2084-77 Бензіны аўтамабільныя
- ДАСТ Р 51105-97 Палівы для рухавікоў унутранага згарання. Неэтыляваны бензін
- Кошт нафтапрадуктаў у Беларусі Сайт Белнафтахім
- Кошт бензіну ў Расіі
- Эканомія бензіну - карысныя парады
