Выкапнёвае паліва
З пляцоўкі Вікіпедыя.
Выкапнё́вае па́ліва, гару́чыя кары́сныя вы́капні - гэта нафта, вугаль, гаручы сланец, прыродны газ і яго гідраты, торф і іншыя гаручыя мінералы і рэчывы, якія здабываюцца пад зямлёй ці адкрытым метадам. Вугаль і торф - паліва, якое ўтвараецца па меры назапашвання і раскладання рэшткаў жывёл і раслін. Датычна паходжання нафты і прыроднага газу ёсць некалькі супярэчлівых гіпотэз. Выкапнёвыя тыпы паліва з'яўляюцца неўзнаўляльным прыродным рэсурсам, бо яны назапашваліся мільёны гадоў;
Змест |
[правіць] Гісторыя
[правіць] Здабываныя запасы
Па апублікаваных разліках запасы здабыванай нафты на Зямлі складаюць каля двух трыльёнаў барэляў (Кэмпбэл і Лехерэр). Ацэнка запасаў вугля дае лічбу ў 500 мільярдаў т.
[правіць] Тэмпы спажывання
Я запрашаю чытача заплюшчыць вочы і паспрабаваць уявіць сабе, які гіганцкі прамежак часу спатрэбіўся планеце для назапашвання ў нетрах запасаў нафты, якія мы марнуем, як п'яны матрос у прыпартовай карчме марнуе свой заробак.
[1].
За 18 стагоддзе аб'ём здабыванага вугля павялічыўся на 4000%, Да 1900-га здабывалася 700 мільёнаў тон вугля ў год, затым надыйшла чарга нафты. Спажыванне нафты ўзрастала каля 150 гадоў і напачатку трэцяга тысячагоддзя выходзіць на плато. У наш час у свеце здабываецца больш 87 млн барэляў у суткі.
[правіць] Здабыча выкапнёвага паліва ў Беларусі
Пошук нафты на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляецца з 1952 г., а распрацоўка пачалася з 1965 г. За перыяд з 1965 па 1975 год было здабыта 35 млн. т. нафты, дасягнуўшы гадавога максімуму 8 млн. т. у 1975 г. Затым гадавая здабыча пачала змяншацца, з-за памяншэння здабычы на самых буйных радовішчах. У наш час у Беларусі здабываецца прыклада 2 млн. т. гэтага карыснага выкапня.[2]
Торф — іншае выкапнёвае паліва, што здаўна здабываецца ў Беларусі. Самыя буйныя тарфяныя запасы ёсць у Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Агульная плошча тарфяных масіваў — каля 2,5 млн. га., а агульная вага — каля 3 млрд. т. Штогод здабываецца 14 млн. т. торфу.
Гаручыя сланцы ўпершыню выяўлены ў Беларусі ў 1963 г. У межах заходняй часткі Прыпяцкага прагіну сланцаносныя адклады залягаюць на глыбінях, даступных для распрацоўкі шахтавым метадам. Гаручыя сланцы ўяўляюць сабою ападкавыя ўтварэнні буравата-шэрага колеру з высокім (больш 15%) утрыманнем цвёрдага нерастваральнага арганічнага рэчыва - керагену. Прагнозныя рэсурсы гаручых сланцаў у гэтым басейне да глыбіні 600 м. складаюць 11 млрд. т. Карысны выкапень характарызуецца высокай попельнасцю (75 %). Адмыслоўцы лічаць, што прамысловае засваенне ў Прыпяцкім сланцаносным басейне будзе эканамічна апраўданым толькі пры ўмове поўнай утылізацыі ўсіх прадуктаў сланцаперапрацоўкі, у тым ліку попелу.
У Прыпяцкім прагіне, у паўднёвай частцы Беларусі, сустракаюцца таксама бурыя вуглі, якія залягаюць на глыбінях 290—900 м. Прагнозныя рэсурсы вуглёў у адкладах карбону да глыбіні 600 м. ацэньваюцца ў 410 млн. т. У юрскай вугляноснай тоўшчы прагнозныя рэсурсы вуглёў перавышаюць 520 млн. т. Лепш за ўсё вывучаны паклады бурых вуглёў у міяцэнавых адкладах. У сувязі з невялікімі глыбінямі залягання (20—80 м.) яны даступныя для распрацоўкі кар'ерамі. У заходняй частцы Прыпяцкага прагіну выяўлена 3 радовішчы: Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае. У найболей буйным — Жыткавіцкім, запасы складаюць каля 70 млн. т. Вуглі Жыткавіцкага радовішча гумусавыя, нізкай ступені метамарфізму. Нягледзячы на складаныя гідрагеалагічныя ўмовы, на базе гэтага радовішча магчыма будаўніцтва буравугальнага кар'ера прадукцыйнасцю 2 млн. т. у год.
[правіць] Уплыў на навакольнае асяроддзе
На дзель прадпрыемстваў паліўна-энергетычнага комплексу Расіі даводзіцца палова выкідаў шкодных рэчываў у атмасфернае паветра, больш траціны забруджаных сцёкавых вод, траціна цвёрдых адыходаў ад усёй нацыянальнай эканомікі. Асаблівую актуальнасць набывае планаванне экалагічных мерапрыемстваў у раёнах піянернага засваення рэсурсаў нафты і газу.
Спальванне выкапнёвых тыпаў паліва стварае выкіды двухвокісу вугляроду (CO2) - парніковага газу, які дае найвялікі ўнёсак у глабальнае пацяпленне. Прыродны газ, асноўную частку якога складае метан, таксама з'яўляецца парніковым газам. Парніковы эфект ад адной малекулы метану прыкладна ў 20 раз большы, чым ад малекулы CO2, таму з кліматычнага пункта гледжання спальванне прыроднага газу пераважней яго трапленню ў атмасферу.
[правіць] Нататкі
- ↑ [1] Калі нафта патаннее?
- ↑ Беларускі геалагічны партал, Гаручыя карысныя выкапні