Гальшанскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гальшанскі замак Сапегаў на карціне Н. Орды
Сучасны стан

Гальшанскі замак — палацава-замкавы комплекс, рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў у 16—17 ст. Размешчаны ў даліне ракі Лусты (Жыганкі) ля мястэчка Гальшаны.

Паселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з ХIIІ ст., узнікла на высокай самароднай гары па-над р. Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 г., а потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, ён перайшоў ва ўладанні Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг р. Лусты (Жыганкі).

Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове ХVII ст., — наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нагадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва ХVІ ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магутныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак.

Уязная брама размяшчалася па цэнтры аднаго з доўгіх фасадаў, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Арачны партал абрамляўся архівольтам. Сцены замка мелі фігурную муроўку з лепкай, былі расчлянёны вялікімі вокнамі. На ўзроўні другога паверха паўночна-ўсходняга корпуса з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Пад замкам размяшчаліся вялікія скляпы. Інтэр'еры былі багата аздоблены. Сцены ўпрыгожаны жывапісам. Значную дэкаратыўную ролю адыгрывалі кафляныя печы, стукавая лепка па столі і камінах, а таксама падлога з керамічных тэракотавых, паліваных зялёных і карычневых крыжа-, зоркападобных, прамавугольных і квадратных плітак. У замку была праведзена ўнікальная сістэма ацяплення, водаправод і каналізацыя.

Багацця Сапегі хапіла нават на тры штучныя возеры, дно якіх выкладзена пліткай. Сапегі сабралі ўнікальную бібліятэку, калекцыю карцін і зброі. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.

Выява Гальшанскага замка на памятнай манеце Нацбанка Беларусі

Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Батэстэйн(гал.) бел. і Клейдал(гал.) бел. пад Антверпенам. Такое падабенства тлумачыцца тым, што Беларусь адчувала моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры, які быў вынікам ажыўленых культурных і гандлёвых сувязей з краінамі Заходняй Еўропы. З канца ХVІ і да пачатку ХVIIІ ст. на землях Рэчы Паспалітай рэзідэнцыі магнатаў будаваліся з анфіладнай планіроўкай памяшканняў, з аркаднымі галерэямі і нарожнымі вежамі. Паводле такога прынцыпу, у прыватнасці, пабудаваны ў канцы ХVІ — пачатку ХVII ст. польскія замкі Баранаў, Красічын, Суха. Архітэктурная кампазіцыя, планіроўка і часткова іх памеры вельмі блізкія і падобныя да архітэктурна-планіровачных элементаў Гальшанскага замка.

Вежа замка

Замак неаднаразова быў разбураны і перабудаваны, што значна змяніла яго знешні выгляд і аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю (страчаны галерэі, дэкаратыўнае афармленне сцен, прыбудаваны да паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў 2 пяцігранныя вежачкі). У выніку абследавання помніка ў 1981—83 гг. архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры выяўлены 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца характарам выкарыстанай цэглы, вапнавага раствору і тэхнікай муроўкі.

Сучасны выгляд

Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Можна толькі сцвярджаць, што справа ад уваходу знаходзілася вялікая квадратная зала з чатырма калонамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпенні.

Ужо ў ХVII ст. Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 г. уладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • М. Ткачоў. Страчаная спадчына, Мінск, 2003.
  • М. Ткачоў, I. Чарняўскі. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць, Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1986.}}

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]