Гісторыя Малдовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гісторыя Малдовы — гісторыя сучаснай еўрапейскай дзяржавы, важная і неад'емная частка гісторыі Еўропы.

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Першыя сляды чалавека на малдаўскай зямлі надзіва старажытныя. Менавіта тут знойдзена першае ў Еўропе каменнае збудаванне — «каменная выкладка» ў поймавых адкладах палеа-Днястра ўзростам каля 1 млн. гадоў. Такога ж узросту і стаянка Байракі на месцы сучаснага горада Дубасары. На мяжы 5-4 тыс. да н.э. тут узнікла і на працягу 2000 гадоў развівалая Трыпольская культура. У гэты час адбыўся пераход да аселага земляробчага ладу жыцця.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

гаспадар малдаўскі Стэфан III Вялікі
Тэрыторыя Малдаўскага княства на сучаснай карце

Да ХІV стагоддзя тэрыторыя сучаснай Малдовы была часткай уладанняў розных племянных саюзаў (гета-дакі, готы, анты) і дзяржаўных утварэнняў (Русь, Галіцкае княства, Залатая Арда). Гісторыя самастойнай Малдовы пачынаецца з ХІV ст, калі на карце сярэднявечнай Еўропы паўстала Малдаўскае княства. У 1340-х да Днястра пашырылася Венгрыя і стварыла тут сваю марку, што кіравалася намеснікамі. Адзін з намеснікаў, Багдан, пасварыўся з венгерскім каралём і ў 1359 абвясціў самастойнасць Малдаўскага княства. Праз 6 гадоў Венгрыя прызнае княства. Да таго часу адносяцца беспаспяховыя спробы насадзіць на гэтых землях каталіцтва. У другой палове ХV ст. пры Стэфане ІІІ Вялікім княства дасягае свай росквіту і максімальнага тэрытарыяльнага пашырэння і тады ж адзінае ў Еўропе паспяхова змагаецца з магутнай Асманскай імперыяй. Пасля смерці гаспадара Стэфана ў 1504 годзе княства вельмі хутка трапляе ў залежнасць ад туркаў.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 18 стагоддзя Расійская імперыя ў выніку руска-турэцкай вайны анексавала левабярэжжа Днястра, у 1812 — Бесарабію, тэрыторыяю, якая і стала асновай для будучай Малдовы. У 1856 пасля паразы ў Крымскай вайне Расія вымушана была перадаць Малдове паўднёвую Бесарабію (праз тры гады яны разам ўвайшлі ў склад нованароджанай Румыніі), але ў 1878 паводле Берлінскага міру паўднёвая Бесарабія была вернута ў склад Расійскай імперыі.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Малдаўская ССР, 1940

У 1917 годзе ў Бесарабіі была абвешчана Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка. У 1918 яна дабраахвотна ўвайшла ў склад Румыніі. З такім развіццём падзей не згадзіўся Савецкі Саюз і ў 1924 годзе на тэрыторыі Украінскай ССР, на левым беразе Днястра ў раёнах са значнай доляй малдаўскага насельніцтва была створана Малдаўская АССР. У 1940 годзе ў выніку падпісання Пакта Молатава-Рыбентропа Румынія была вымушана саступіць Бесарабію СССР. На большай частцы Бесарабіі разам з заходняй паласой Малдаўскай АССР была ўтворана Малдаўская ССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Малдова была акупавана ў 1941—1944 гадах нямецкімі і румынскімі войскамі. Румынскай адміністрацыяй тут было створана Губернатарства Бесарабія. У канцэнтрацыйных лагерах на малдаўскай зямлі загінула каля 120 тыс. чалавек, у тым ліку 90 тыс. яўрэяў. 24 жніўня 1944, у выніку Яска-Кішынёўскай аперацыі, тэрыторыя Бесарабіі была зноў занята савецкімі войскамі.

Пасля калектывізацыі і дэпартацыі ў Сібір і Казахстан "небяспечных элементаў" грамадства (кулакоў, калабарацыяністаў), Малдова была адбудавана пры дапамозе саюзных рэспублік, разгорнутыя пры гэтым русіфікацыя і ўкараненне нетутэйшай партыйных вярхоў, у адрозненне ад іншых заходніх рэспублік, ішлі вельмі спакойна.

27 жніўня 1991 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Малдова, тады ж была зацверджана афіцыйная назва. У 1992 напружаная палітычная сітуацыя ў зоне Прыднястроўя, якое з 1990 г. увяло рэжым самакіравання, перарасла ва ўзброены канфлікт. Хаця ахвяр і не ўдалося пазбегнуць, баявыя дзеянні былі спынены дзякуючы ўмяшальніцтву Расіі. У выніку сутыкненняў рэгіён на ўсход ад Днястра здолеў абараніць самастойнасць.

Зноскі