Евангелле паводле Лукі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Евангелле паводле Лукі - адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Марка перад Евангеллем паводле Яна.

Аўтарства[правіць | правіць зыходнік]

Евангеліст Лука на грэчаскай выяве 10 ст.

Нягледзячы на тое, што ў пачатку кнігі аўтар кажа свае мэты напісання кнігі, уласна яго імя нідзе ў творы не згадваецца. Згодна паданням імя аўтара было Лука (па лацінску Лукій), - адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Паўла і яго бліжэйшых сяброў. У лісце да Каласянаў (Кал. 4:14) Павел называе яго “шаноўны наш урач Лука”. Лічыцца, што суправаджаючы Паўла Лука вёў дзённік, які стаў падставай для напісання і другой яго кнігі – Дзеянні апосталаў. Згодна тым жа паданням, лічыцца, што Лука нарадзіўся ў Антыохіі і быў хутчэй за ўсё грэкам. Лука не быў сведкаў евангельскім апавяданняў, і ён сам піша ў пралогу, што апіраўся на створаныя да яго хрысціянскія творы, на апавяданні “сведкаў Слова”. Лука вельмі сур’ёзна падыходзіў да гэтых сведчанняў, старанна правяраючы крыніцы і ўдакладняючы храналагічны ход падзей.

Месца і час напісання[правіць | правіць зыходнік]

Канец Евангелля паводле Лукі і пачатак паводле Яна ў Ватыканскім кодэксе.

Дакладны час напісання невядомы. Лічыцца, што Евангелле з’явілася на свет паміж 70 і 90 гг. У ліку яго крыніц былі Евангелле ад Марка (каля 50% тэксту) і, магчыма, Евангелле ад Мацвея ці так званыя “логіі”, напісаныя апосталам. Яно прызначалася для хрысціян з былых язычнікаў і было створана ў Ахае ці Беотыі, дзе, згодна паданням Лука жыў да самай сваёй смерці; аднак магчымым месцам напісання з’яўляецца таксама Кесарыя ці Антыёхія Сірыйская.

Асаблівасці Евангелля[правіць | правіць зыходнік]

Евангелле знаходзіцца на трэцім радку ў спісе кніг Новага Запавету, яно самае вялікае па аб’ёму. Аўтар задумаў напісаць твор, у якім расказвалася пра дзеянні Ісуса Хрыста, а таксама пра працяг Яго служэння Царквой пад уздзеянням Святога Духа. Пазней атрымалася так, што твор аказаўся падзеленым: першая частка стала Евангеллем паводле Лукі, а другая – кнігай Дзеянняў апосталаў.

Евангелле вылучаецца сярод астатніх сінаптычных Евангелляў высокім літаратурным узроўнем, яго творца быў адораным пісьменнікам і дасведчаным гісторыкам. Аўтар Евангелля не немудрагелісты апавядальнік, а пісьменнік, які ўжо меў перад вачыма "многія" спробы выкласці жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Ён хутчэй за ўсё не быў іўдзеем, у яго кнізе мала семітызмаў. Ён шырока выкарыстоўвае Евангелле ад Марка, аднак мае ў распараджэнні і іншыя крыніцы. Некаторыя з іх узніклі, магчыма, у асяроддзі хрысціян-яўрэеў, ці нават вучняў Яна Хрысціцеля.

Ключавымі словамі гэтага Евангелля з’яўляюцца радасць, мір і ўратаванне. У яго цэнтры стаіць Хрыстос, Які прынёс выратаванне ўсяму сусвету. Нездарма Лука прагледжвае радавод Ісуса да першага чалавека – Адама, які названы сынам Бога. Гэтым падкрэсліваецца ўніверсальны характар Радаснай весткі. Выратаванне прызначана для ўсіх людзей, у тым ліку і для тых, каго лічылі самымі цяжкімі грэшнікамі: для зборшчыкаў падаткаў, для самарыцян, для язычнікаў. Выратаванне адчынена для людзей заўсёды, нават да апошніх хвілін жыцця: так разбойнік атрымоўвае выратаванні перад самай смерцю на крыжы. Нягледзячы на тое, што ў мінулым жанчыны ўваходзілі ў лік бяздольных, аўтар Евангелля выкарыстоўвае самае вялікую колькасць жаночых імёнаў, а звесткі на дзяцінства Ісуса дадзены хутчэй за ўсё Марыяй, маці Ісуса. Хрыстос у Евангеллі перш за ўсё Збаўца, поўны любові і ласкі. У яго твары Божае валадарства ўжо прыйшло до людзей. Вялікую ролю ў Евангеллі грае малітва, асабліва падзячная, поўная радасці і хвалы. У Евангеллі значна часцей за іншыя апавядаецца пра малітвы Ісуса. Таксама ў Евангеллі самая вялікая колькасць прыпавесцей. Усе самыя вядомыя прыпавесці: пра міласэрнага Самарыцяніна, пра блуднага сына, пра малітвы фарысея і зборшчыка падаткаў, - знаходзяцца ў Евангеллі. Хаця Евангелле прызначана для былых язычнікаў, Лука ўвесь час падкрэслівае яўрэйскія карані хрысціянскай веры. Падзеі пачынаюцца ў Храме, дзе Анёл прадказвае святару Захарыі аб нараджэнні сына Яна, і заканчваецца таксама ў Храме, дзе пасля ўваскрасення і узнясення Хрыста вучні Ісуса увесь час застаюцца ў малітве і радасці.

Структура кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Евангелле складаецца з 24 раздзелаў. Яно пачынаецца з пралогу, у якім Лука паведамляе пра падставу і мэту напісання Евангелля, а таксама пра метады працы з крыніцамі. Ён прысвячае сваю працу нейкаму хрысціяніну пад іменем Феафіл. У першых раздзелах паведамляецца не толькі пра нараджэнне Хрыста, але і пра нараджэнне Яна Хрысціцеля. Далей апавяданне вядзецца гэтак жа як і ў Марка, за выключэннем тэкстаў Мк 6:45-8:26, якую бібліязнаўцы назвалі “вялікім пропускам”. Пасля служэння ў Галілеі Ісус накіроўваецца ў Ерусалім. Большая частка Евангелля (больш за 10 раздзелаў) апавядае пра гэты шлях, таму часта кнігу называюць Евангеллем Шляху. Таксама гэтым словам “Шлях” называла сабе першая Хрысціянская Царква.

Кароткі план Евангелля[правіць | правіць зыходнік]

  • Пралог (1:1-4)
  • Нараджэнне і дзяцінства Яна Хрысціцеля і Ісуса Хрыста (1:5-2:52)
  • Прыгатаванне да служэння (3:1-4:13)
  • Служэнне ў Галілеі (4:14-9:50)
  • Шлях Хрыста ў Ерусалім (9:51-19:27)
  • Служэнне ў Ерусаліме (19:28-21:38)
  • Пакуты і смерць Хрыста (22:1-23:56)
  • Уваскрасенне і ўзнясенне (24:1-53)

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]

Евангелле паводле Лукі ў перакладзе В. Сёмухі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Н. Т. Райт. Лука. Евангелие. Популярный комментарий. ББИ, 308 стр., 2008. ISBN: 5-89647-190-4.
  • В.Н. Кузнецова. Евангелие от Луки. Комментарий. Фонд имени Александра Меня. 556 стр., 2004, ISBN: 5-87507-267-9
  • Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN: 978-5-9989-18087.
  • Аверинцев С. Собрание сочинений. Дух и литера, 2004, 500 стр. ISBN: 9667888843.