Змітрок Астапенка
| Змітрок Астапенка | |
| Імя пры нараджэнні: |
Дзмітрый Емяльянавіч Астапенка |
|---|---|
| Псеўданімы: |
З. Лірнік, Клiм Качкін (з Ю. Таўбіным), Мсьціслаўцы (с А. Куляшовым і Ю. Таўбіным) |
| Дата нараджэння: |
лістапад 1910 |
| Месца нараджэння: | |
| Дата смерці: |
кастрычнік 1944 (?) |
| Месца смерці: | |
| Грамадзянства: | |
| Род дзейнасці: |
паэт, перакладчык, пісьменнік-фантаст |
| Гады творчасці: |
1926—1932 |
| Дэбют: |
1926 |
| Творы ў Вікітэцы. | |
Змітрок (Дзмітрый Емяльянавіч) АСТАПЕНКА (10 (23) лістапада 1910, в. Сяргееўка Шумілінскага павета, цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці[1] — кастрычнік 1944, Карпаты, Славакія; Псеўданімы: З. Лірнік; К. Качкін (з Ю. Таўбіным); Клім Качкін (з Ю. Таўбіным); Мсьціслаўцы (з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным)) — беларускі паэт, перакладчык[2].
Змест |
[правіць] Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў сям'і настаўніка. Вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, у 1930 перавёўся ў Мінскі Белпедтэхнікум, затым у БДУ. Атрымаў вышэйшую або незакончаную вышэйшую адукацыю. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Арыштаваны 16 сакавіка 1933 у Мінску па адрасе: Праязны завулак, д. 8, кв. 5 па справе «Беларускай народнай грамады». Асуджаны 10 жніўня 1933 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» (Беларуская народная грамада) да 3 гадоў ППК. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці, але знаходзіўся не ў лагеры, а на пасяленні (некаторы час разам з М. Лужаніным). Пасля вызвалення ў чэрвені 1935 жыў у Маскве па адрасе: Смаленскі бульваp, д. 15, п. 48, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе № 252 Дзяржынскага раёна. Паўторна арыштаваны 5 снежня 1936. Асуджаны 5 кастрычніка 1937 пазасудовым органам НКВД за «антысавецкую дзейнасць» да 8 гадоў ППК. Вызвалены магчыма ў 1942. У 2-ю сусветную вайну Змітрок Астапенка не загінуў, бо як сведчаць некаторыя дакументы (асабовая справа А. № 9935-с), у 1949 ён быў асуджаны да высылкі (верагодна, у Краснаярскі край). У тым, што паэт не загінуў, быў упэўнены (па словах крытыка А. Марціновіча) і яго былы аднакурснік яшчэ па Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, калега і сябра Змітрака Астапенкі паэт А. Куляшоў, які сведчыў, што ўжо пасля вайны «знаёмы твар [Зм. Астапенкі] неяк прамільгнуў у вірлівым маскоўскім натоўпе». Далейшы лёс невядомы. Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956, па другой — пpэзідыумам Вяpхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовыя справы А. № 14618 і № 9935-с з фотаздымкамі захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.
[правіць] Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1926[2]. Аўтар зборнікаў паэзіі «На ўсход сонца» (1931), «Краіне» (1931), «Абураныя» (1932), «Выбранае» (1957, уключана паэма «Эдэм»), «Вершы і паэмы» (1968), кніжка-малюнак для дзяцей «Трактар» (1933), зборнік «Як шум дажджу» з друку не выйшаў, захаваліся толькі гранкі. Пісаў апавяданні. Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).
Пераклаў раманы М. Горкага «Маці»[2] (1932), Л. Первамайскага(руск.) бел. «Ваколіцы» (1931, разам з М. Багуном), аповесці П. Голубева «Завіруха» (1930), М. Дончанкі «Ударны атрад» (1932), творы іншых рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
[правіць] Бібліяграфія
- Выбранае. Мн., 1957;
- Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Зноскі
- ↑ Паводле іншых звестак нар. 14(27).11.1910 у в. Сяргееўка Рослаўльскага павета Смаленскай губерні
- ↑ 2,0 2,1 2,2 Астапенко Змитрок // Биографический справочник — Мінск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 33. — 737 с..
[правіць] Літаратура
- Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
- Астапенка Змітрок // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
- Астапенка Змітрок // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Пруднікаў П. І. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн., Маст. літ., 1988. — 175 с.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.3. Кн.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Маракоў Л. Шасцёра на фотаздымку // Роднае слова. 1999, № 6;
- Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990;
- Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1978.