Каталіцтва ў Фінляндыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кафедральны сабор Святога Генрыха ў Хельсінкі

Каталіцкая царква Фінляндыі  — частка сусветнай Каталіцкай царквы.

Каталіцкае насельніцтва Фінляндыі — адно з самых маленькіх у Еўропе, усяго каля 9 000 чалавек паводле даных 2006 года [1], гэта значыць каля 0,2 % насельніцтвы краіны. Большасць фінскіх каталікоў — эмігранты і іх нашчадкі, большая частка мае польскія карані. Палова святароў краіны — палякі. У сувязі з нешматлікасцю каталіцкіх прыходаў, яны аб'яднаны ў адну дыяцэзію Хельсінкі, якая не ўваходзіць у склад якой-небудзь мітраполіі і падпарадкоўваецца непасрэдна Святому Прастолу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква Брыгіты ў Турку

Першыя сляды наяўнасці на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі хрысціянства ў яго заходняй форме адносяцца да XI—XII стагоддзяў. Першай каталіцкай дыяцэзіяй на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі была дыяцэзія Аба, заснаваная ў XI стагоддзі. У XVI стагоддзі Фінляндыя была часткай Швецыі і разам з ёй прыняла Рэфармацыю, пасля чаго каталіцтва было цалкам забаронена, а афіцыйнай царквой стала лютэранская.

У 1799 годзе ў Выбаргу — сталіцы Старой Фінляндыі, якая знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, быў заснаваны каталіцкі прыход Святога Гіяцынта. Пасля ўсталявання расійскай улады на астатняй тэрыторыі Фінляндыі і ўтварэння Вялікага Княства Фінляндскага ў распараджэнні святароў выбаргскага прыходу апынуліся ўсе каталікі княства. У 1830 годзе колькасць каталікоў Фінляндыі складала каля 3 тысяч чалавек. Да 1860 года ў Выбаргу служылі святары дамініканскага ордэна з Літвы.

У 1856 годзе ўтвораны прыход у Хельсінкі, у 1860 годзе ў Хельсінкі пабудавана каталіцкая царква Святога Генрыха.

У 1920 годзе пасля здабыцця краінай незалежнасці Святы Прастол заснаваў Апостальскі вікарыят Фінляндыі. У 1926 годзе створаны прыход у Турку, годам пазней — прыход у Тэрыёкі. У 1942 годзе Фінляндыя ўсталявала дыпламатычныя адносіны са Святым Прастолам. Пасля пераходу Выбарга і Тэрыёкі да СССР, гэтыя прыходы былі ліквідаваны, заснаваны прыходы ў Лахты і Ювяскюля.

25 лютага 1955 года апостальскі вікарыят быў ператвораны ў дыяцэзію прамога падначалення, пасля гэтага ўтворана яшчэ некалькі каталіцкіх прыходаў у розных гарадах Фінляндыі.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Царква Святой Сям'і ў Оўлу

Каталіцкая царква ў Фінляндыі арганізацыйна аб'яднана ў дыяцэзію Хельсінкі. Паводле даных на 2006 год у краіне налічвалася 9 067 каталікоў, 19 святароў, 24 манахі, з іх 11 іераманахаў), 37 манашак і 7 прыходаў[1]. Дыяцэзію з 2009 года ўзначальвае Тээму Сіпа, які стаў першым каталіцкім біскупам — этнічным фінам за апошнія 500 гадоў. Кафедральны сабор дыяцэзіі — сабор Святога Генрыха ў Хельсінкі, асвячоны ў гонар Генрыха Упсальскага, які лічыцца святым заступнікам краіны.

Каталіцкія прыходы існуюць у Хельсінкі (2 прыходы), Турку, Ювяскюля, Тамперэ, Коўвале, і Оўлу[2]. У сувязі з тым, што біскуп у краіне толькі адзін, у Фінляндыі адсутнічае канферэнцыя каталіцкіх біскупаў, ардынарый хельсінкскай дыяцэзіі ўваходзіць у склад канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Скандынавіі, куды акрамя яго ўваходзяць біскупы Даніі, Ісландыі, Нарвегіі і Швецыі.

Жаночы ордэн брыгітак мае два кляштара ў Фінляндыі — у Турку і каля Лох'і. У 1988 годзе ў Эспа адкрыты Багародзіцкі кляштар кармелітак.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]