Кашталян
КАШТАЛЯН, каштэлян (фр.: chatelain, польск.: kasztelan, літ.: kastelionas, з лац.: castellanus, ад castellum — замак) — у феадальных дзяржавах адміністратар замка і прылеглых тэрыторый.
Выконваў функцыі кіраўніка замка, адказнага за спраўнае ўтрыманне замка, гарнізона і абслуговага персанала, і кіраўніка тэрыторыяй, адказнага за яе бяспеку і абарону, збор падаткаў і даніны, ажыццяўленне судовай улады.
У сярэднявечнай Польшчы назва kasztelan з'явілася ў 12 ст. У Рэчы Паспалітай, уключаючы і Вялікае княства Літоўскае, пасада кашталяна з часам стала ганаровым тытулам. Пры паспалітым рушэнні кашталян камандаваў шляхтай свайго павета або ваяводства падчас паходу. Першапачаткова ў ВКЛ подобныя функцыі выконвалі старосты або намеснікі, значная частка якіх паступова пад польскім уплывам пачала звацца кашталянамі, а меншая ваяводамі.
Кашталяны прымалі ўдзел у паседжаннях каралеўскай рады — сената. Сярод кашталянаў усталявалася строгая іерархія, у адпаведнасці з якой яны займалі месцы ў сенаце (побач з ваяводамі). Самым старэйшым быў кракаўскі кашталян. За ім кашталяны познаньскі, віленскі і троцкі. Далей паводле іерархіі ішлі крэславыя кашталяны, якія прымалі удзел у паседжаннях седзячы ў крэслах — сандамірскі, калішскі, жмудскі, кіеўскі, львоўскі, валынскі і іншыя. Меней ушанаваныя кашталяны радамскі, хелмскі, варшаўскі і іншыя засядалі на так званым шэрым канцы на лаўках у сцен.
У ВКЛ кашталянскія пасады займалі, як правіла, прадстаўнікі магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Гальшанскіх.
З падзеламі Рэчы паспалітай у 18 ст. знікла і пасада.
Пазней кашталянамі звалі таксама наглядчыкаў касцёлаў, касталянкамі — кладаўшчыц у лячэбных, лячэбна-аздараўленчых і рознага роду прытулках для дзяцей, інвалідаў і старых.
