Жамойць
| Герб |
Сцяг |
| Краіна | Літва |
| Адміністрацыйны цэнтр | Цельшай |
| Вялікі горад | Шаўляй |
| Афіцыйныя мовы | літоўская мова, жамойцкая мова (жамойцкі дыялект) |
| Насельніцтва | ≈ 0,5 млн. |
| Плошча | ≈ 21 000 км² км² |
| Часавы пояс | UTC +2 |
| Код аўта. нумароў | LT |
Жамойць (літ.: Žemaitija ад žemas — нізкі; лац.: Samogitia), гістарычная вобласць і сучасны этнаграфічны рэгіён Літвы.
Змест |
[правіць] Гісторыя
Па-літоўску назва Жамойць азначае ніжняя, што ўжывалася для абазначэння земляў ніжэйшых па цячэнні Нёмана за астатнія землі Літвы. Упершыню Жамойць ускосна згадваецца ў 1219 годзе ў дагаворы галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў, дзе сярод апошніх названыя жамойцкія князі Ердзівіл і Выкінт. Да гэтага часу назва Жамойць не згадваецца, у Хроніцы Лівоніі Генрыха Латвійскага гэтыя землі, сумежныя з уладаннямі Лівонскага ордэна, завуцца проста Літвой.
У часы Міндоўга Жамойць займала парэчча Свенты і Юры (складовыя воласці: Бетыгола, Айрагола, Расіены, Крожы, Лукаў, Каршова), у 1253 годзе Міндоўг падараваў значную частку Жамойці Лівонскаму ордэну. Пётр з Дусбурга пры апісанні падзей пачатку (1294—1300) «Літоўскай вайны» называе Жамойць як адну з дзвюх частак уладанняў караля Літвы, побач з Аўкштотай (літ.: Aukštaitija ад aukštas — высокі). Так яна названая і ў дагаворы Гедзіміна з Рыгай (1323).
На працягу 14 ст. Жамоць цярпела ад нападаў рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, яе памежныя воласці ў 2-й пал. 14 ст. практычна запусцелі. Пад час усобіцы ў ВКЛ у 1382 Жамойць амаль цалкам была перададзена Тэўтонскаму ордэну (складовыя воласці: Меднікі, Крожы, Калтыняны, Кнетува, Відукле, Расіены і Айрагола). У складзе ВКЛ засталіся толькі воласці на усход ад ракі Дубісы — Ясвойна і Тандзягола.
Улада над Жамойцю была вернутая ВКЛ у час жамойцкага паўстання (1409—1411), а па Вялікай вайне замацаваная дагаворам 1422 году. Тады ж да Жамойці былі канчаткова далучаны запусцелыя куршскія землі — Мегаву (з Палангай) і Цэкліс, а таксама воласць Панемунь за Нёманам. З гэтага часу пачалася інтэнсіўнае засяленне запусцелых памежных валасцей.
У 1440, пасля абрання вялікім князем Казіміра Ягелончыка, у Жамойці пачалося паўстанне мясцовага баярства што было на баку іншага прэтэндэндта на сталец — Міхаіла Жыгімонтавіча. Старостам быў абраны мясцовы баярын Контаўт, ён захаваў пасаду і пасля паўстання да 1444. Вынікам стала наданне Жамойці прывілея (1441), паводле якога ёй гарантаваўся асобны статус. Адміністрацыйна Жамойць падзялялася на воласці: Айрагола, Бержаны, Біржыняны, Вейшвяны, Відукле, Вількія, Вялёна, Вялікія Дырваны, Гондынге, Жараны, Каркляны, Каршова, Кельме, Крожы, Малыя Дырваны, Медынгяны, Павандэны, Паланга, Патумшы, Паюры, Плоцеле, Расіены, Рэтаў, Тэльшы, Тандзягола, Ужвены, Цверы, Шаўдаў, Шаўле, Ясвойна. Такі валасны падзел і знешнія межы заставаліся ў далейшым нязменнымі да канца існавання ВКЛ.
Плошча Жамойці складала каля 19 тыс. км², у 1650 колькасць дымоў складала звыш 49 тыс., што адпавядае колькасці насельніцтва каля 330 тыс. чал. Шчыльнасць насельніцтва (17,4 чал./км²) была адной з самых высокіх у ВКЛ. У 1655 Жамойць была занятая шведскімі войскамі і моцна пацярпела. Колькасць дымоў на 1667 скарацілася да 34 тыс. У 2-й пал. 18 ст. колькасць насельніцтва вярнулася да ўзроўню 1650.
[правіць] Жамойць у беларускай гістарыяграфіі
На пачатку самастойнага існавання беларускай гістарыяграфіі ў ёй з'явілася думка, што жамойты былі асобным ад літоўцаў народам і не мелі ўдзелу ў гісторыі ВКЛ, што Жамойць была толькі невялікім ускрайкам ВКЛ і што нібыта толькі гэтыя жамойты і ёсць продкамі сучасных літоўцаў, а даўнія ж літоўцы ёсць ў асноўным продкамі сучасных беларусаў[1]. Такія думкі хутчэй звязаныя з пачатковым этапам пошукаў беларускай ідэнтычнасці, але і некаторыя сучасныя даследчыкі працягваюць іх прытрымлівацца[2][3]. Цяпер такое меркаванне не з'яўляецца пануючым і сведчыць хутчэй аб неабазнанасці аўтараў.
[правіць] Вядомыя асобы
[правіць] Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Лёсік Я. «Літва-Беларусь»//Беларуская думка XX ст. Гісторыя, рэлігія, культура. Анталогія. Варшава, 1998. С.53.
- ↑ Ласкоў І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць//ЛіМ, 14.5.1993.
- ↑ Саверчанка І., Санько Зм. 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мн., Звязда, 1993; 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мн., 1999.
[правіць] Літаратура
- Насевіч В. Жамойць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. Т.1: Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. – Мн.: БелЭн, 2005. –688 с.: іл. С. 624–625. ISBN 985-11-0315-2 ISBN 985-11-0314-4 (т. 1)
| Рэгіёны Літвы | ||
|
Аўкштайція | Дзукія | Малая Літва | Сувалкія | Жамойць |
||
