Ласток

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леснічоўка
Ласток
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1858 г.
Ранейшыя назвы
Сухошчына
Ласток на карце Беларусі ±
Ласток (Беларусь)
Ласток
Ласток (Мінская вобласць)
Ласток

Ласто́к — колішняя леснічоўка ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, цяпер — мемарыяльная сядзіба Якуба Коласа.

Аддалена на 4 км ад вёскі Сверынава і на 10 км ад Мікалаеўшчыны. Адзіная з мемарыяльных сядзібаў Якуба Коласа, якая захавалася амаль у першапачатковым выглядзе[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню згадваецца ў рэвізскім спісе 1858 г. пад назвай Сухошчына, утворанай ад прозвішча Франца Сухоцкага, радзівілаўскага лесніка, які жыў у Ластку да 1872 года.

У «Службовым фармуляры лясной варты Акінчыцкага лясніцтва на 1884—85 год» пазначана, што з 1 красавіка 1885 г. Міхал Міцкевіч лічыцца стражнікам Сверынаўскага абходу. Ён арандаваў Ласток за 67 рублёў 40 капеек срэбрам. 1 лістапада 1885 г. сям’я Міхала Міцкевіча пераехала ў леснічоўку з Мікалаеўскай лясной каморы[2].

У сувязі з пераводам бацькі Якуба Коласа на новае месца службы ў Альбуць, Міцкевічы пакінулі Ласток у красавіку 1890 года.

У гонар 115-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, у 1997 годзе ў Ластку быў размешчаны філіял мемарыяльнага музея Народнага паэта Беларусі. У двух пакоях лесніковай хаты была ўладкавана экспазіцыя па матывах паэмы «Сымон-музыка». У ёй выстаўляюцца дакументы, фотаздымкі, звязаныя з паэтам, а таксама вырабы народных майстроў Стаўбцоўшчыны[1].

Увосень 2019 года было прынята рашэнне часова закансерваваць музей. Плануецца адрамантаваць сядзібу, пракласці да яе дарогу[3].

Пабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Паводле інвентарнага апісання, складзенага 1 лістапада 1885 года, лесічоўка ўтрымлівала наступныя пабудовы: дзве хаты, абору са стайняй і прыбудовай, гумно, прыгрэбнік і студню-журавель. У садзе раслі пяць старых прышчэпленых груш.

З таго ж апісання вынікае, што хата, гумно і прыгрэбнік пабудаваны ў 1885 г. Гэтыя будынкі амаль у першапачатковым выглядзе захаваліся дагэтуль.

Хата драўляная, з хваёвых абчасаных брусоў, на каменным падмурку, у гладкі вугал, крытая гонтай, з дашчанай падфутроўкай пад дахам. Пры падоўжанай сцяне дзверы, ганак з дзвюма сходкамі і двума апорнымі слупкамі, крыты гонта, з дашчаным шчытом і дашчанай падфутроўкай. Пры другой падоўжанай сцяне таксама ганак з дзвюма сходкамі без стрэшкі. У хаце сенцы, святліца, гасціны пакой, кладоўка, пяць дзвярэй, шэсць вокнаў, два глухія акенцы каля дзвярэй і два ў шчытах, дзве печы — у асноўным памяшканні і ў гасціным пакоі. Столь дашчаная, а падлога земляная[2].

Другая хата ўзведзена з хваёвых круглякоў, крытая гонтай, мела святліцу і сенцы, печ, двое дзвярэй, тры глухія вокны. Столь у асноўным памяшканні і падлога ў сенцах дашчаныя. У сенцах тры засекі на збажыну.

Пабудовы і сад у Ластку былі абгароджаны парканам, гарод і выган — жэрдкамі. Усёй зямельнай плошчы налічвалася 28 дзесяцін 1777 сажаняў.

У творчасці Якуба Коласа[правіць | правіць зыходнік]

Жыццё ў Ластку апісана ў Коласавай аўтабіяграфіі: «Часамі да нас заходзіў хто з сваякоў з Мікалаеўшчыны, адкуль былі родам бацькі, і заставаліся на некалькі дзён. Мне было вельмі цікава паслухаць іх гутаркі. А гэтыя гутаркі былі самага разнастайнага характару. З гэтых гутарак знаёміўся я з невядомым мне жыццём за межамі нашай сялібы. Таксама часта бывалі ў нас і леснікі, аб’ездчыкі і розныя паны з лясніцтва. Многа было гутарак аб лесніковым побыце, аб праявах службовага характару, аб адносінах паноў да лесніка. У гэтых адносінах было многа крыўднага і несправядлівага да лесніка, і ў мяне з самага ранняга дзяцінства закідалася ў душу варожае пачуццё да паноў, а за часам яно яшчэ больш узмацнілася»[2].

Чацвёрты раздзел паэмы «Новая зямля» «На першай гаспадарцы» прысвечаны пераезду сям’і лесніка на новае месца, у Ласток.

Леснічоўка таксама апісваецца ў паэме «Сымон-музыка» і вершаваным апавяданні «Грушы-сапяжанкі», дзе адлюстраваны ўспаміны пісьменніка аб дзяцінстве[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]