Маці Божая Вастрабрамская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маці Божая Вастрабрамская

Ма́ці Бо́жая Вастрабра́мская (літ.: Aušros Vartų Dievo Motina, польск.: Matka Boska Ostrobramska, англ.: Our Lady of the Gate of Dawn), таксама званая Маці Міласэрнасці — тытул, дадзены Рыма-каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі Блаславёнай Панне Марыі, Маці Ісуса Хрыста, цудатворная ікона якой знаходзіцца ў капліцы Вострай брамы ў Вільні. Днём асаблівага шанавання Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці стала 16 лістапада. Маці Божая Вастрабрамская з’яўляецца Апякункай Беларусі і Літвы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінал Іконы Маці Божай Вастрабрамскай памерам 163×200 см быў намаляваны, імаверна, у XVI стагоддзі. Пасля ікона была закрыта каля 1671 года срэбнай і залатой сукенкамі.

2 ліпеня 1927 Ікона Маці Божай Вастрабрамскай была каранавана пазалочанымі каронамі і названая Блаславёнай Дзевай Марыяй Маці Міласэрнасці.

Малітвы[правіць | правіць зыходнік]

Існуе мноства разнастайных малітваў і набажэнстваў да Маці Божай Вастрабрамскай, што тлумачыцца яе вялікім шанаваннем хрысціянамі і дзейснасцю, як яны вераць, дапамогі Маці Міласэрнасці.

Самы распаўсюджаны варыянт малітвы:

Будзь вітаная, Каралева, Маці Міласэрнасці, жыццё, суцяшальніца і надзея наша! Мы — выгнаннікі, сыны Евы — просім Цябе, на Цябе спадзяемся, плачучы ў гэтай даліне слёз. О, Заступніца наша, глянь на нас літасціва! А Ісуса — блаславёны плод улоння Твайго — пасля гэтага выгнання дазволь нам бачыць, о Ласкавая, о Літасцівая, о Найсвяцейшая Панна Марыя.

Іншая малітва да Маці Божай Вастрабрамскай:

Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці Міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю Мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Ісусу. Амэн.

Культ Маці Божай Вастрабрамскай у свеце[правіць | правіць зыходнік]

Сёння святы абраз распаўсюджаны сярод вернікаў у многіх краінах свету, уключаючы Літву, Беларусь, Польшчу, а таксама ў іх дыяспарах.

У Літве каля 15 цэркваў прысвечаны Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, а таксама літоўскія рыма-каталіцкія парафіі Нью-Ёрка, Манрэаля і Буэнас-Айрэса.

У Беларусі культ Маці Божай Вастрабрамскай распаўсюджаны сярод усіх традыцыйных хрысціянскіх канфесій. Асабліва шмат храмаў і капліц, у якіх змешчаны копіі Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, знаходзіцца ў памежных з Літвой раёнах, у тым ліку ў Гродне, Ашмянах, Вілейцы ды іншых населеных пунктах.

У Польшчы найбуйнейшым храмам, прысвечаным Маці Божай Вастрабрамскай, з’яўляецца касцёл Святой Марыі ў Гданьску. Іншыя цэрквы са святой іконай знаходзяцца ў Беластоку, Кентжыне, Альштыне, Уроцлаве, Варшаве ды іншых гарадах. Таксама існуе некалькі польскіх парафій Маці Божай Вастрабрамскай у Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі.

У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя вялікае развіццё атрымаў звязаны з Маці Божай Вастрабрамскай і Вільнюсам культ Божай Міласэрнасці, які пачаў пашырацца дзякуючы святой Фаўстыне Кавальскай, манахіні Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]