Ментавайцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ментавайцы
(Tschagallelegat, Sigalagan
Frauen aus dem Dorfe Katorai auf der Insel Sibiru (Mentaweigruppe).jpg
Агульная колькасць 71000
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова ментавайская
Рэлігія хрысціянства, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы ніасцы, абарыгены Энгана

Ментава́йцы або ментава́і (саманазвы Tschagallelegat, Sigalagan) — карэнныя насельнікі астравоў Ментавай у Інданезіі. Агульная колькасць - 71 000 чал. (2010 г.)[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Ментавайцы адносяцца да так званай протамалайскай галіны аўстранезійскай групы народаў Інданезіі — папярэднікаў малайскіх народаў. Іх продкі насялілі астравы Ментавай у прамежку паміж 2000 г. да н. э. і 500 г. да н. э. Звычайна яны аддавалі перавагу жыццю ў глыбі астравоў, што тлумачыцца асаблівасцямі мясцовай геаграфіі. Берагі астравоў нізкія, часцяком забалочаныя, іх насельнікам стала пагражаюць малярыя і цунамі. Узвышшы цэнтральнай часткі астравоў багатыя лесам і рэкамі, дзе лягчэй было знайсці здабычу падчас палявання або збіральніцтва, пітную ваду і камень для майстравання прыладаў працы і зброі. Аднак такі лад жыцця абумовіў ізаляцыю ад знешняга свету, якая асабліва адчувалася на вялікім востраве Сіберут. Нягледзячы на тое, што суседні востраў Суматра з'яўляецца адным з найстаражытнейшых цэнтраў чалавечай цывілізацыі, ментавайцы прытрымліваліся прымітыўнага ладу да канца XX ст. На востраве Сіберут захавалася група ментавайцаў, якая і ў нашы дні працягвае жыць абасоблена ў джунглях.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ментавайцы вострава Паўночны Пагай у 1922 г.

Назвы "Ментавай" (Mentawai) і ментавайцы (Orang Mentawai), відавочна, паходзяць ад жыхароў Суматры. У еўрапейскай літаратуры яны ўпершыню былі ўжыты ў 1799 г. брытанцам Джонам Крыспам, які як служачы Брытанскай Ост-Індскай кампаніі наведаў астравы Ментавай у 1792 г. і стаў першым еўрапейцам, які пакінуў нататкі аб жыцці астравіцян. Яшчэ раней, у 1606 г. астравы Ментавай з'явіліся на партугальскіх картах. У XVIII ст. яны былі вядомы галандцам пад назвай Насау.

Самі ментавайцы мелі розныя саманазвы ў залежнасці ад месца пражывання, але еўрапейскія назіральнікі XIX ст. прыводзяць быццам бы іх агульныя назвы "Тчагалелегат" (Tschagallelegat) і "Сігалаган" (Sigalagan).

У 1824 г. Вялікабрытанія і Нідэрланды заключылі дагавор, згодна якому Суматра і суседнія астравы траплялі ў зону каланіяльных інтарэсаў Нідэрландаў. 10 ліпеня 1864 г. архіпелаг Ментавай быў афіцыйна абвешчаны валоданнем Нідэрландаў. Аднак каланіяльныя ўлады фактычна не прысутнічалі на астравах. У 1901 г. па запрашэнню галандскіх чыноўнікаў на Ментавай прыбылі нямецкія місіянеры. Першая спроба ахрысціць тубыльцаў скончылася забойствам місіянера. Толькі ў 1915 г. святары дамагліся прыняцця хрысціянства з боку часткі астравіцян.

У 1945 г. астравы Ментавай былі ўключаны ў склад незалежнай дзяржавы Інданезія. Сюды былі пераселены выхадцы з Суматры і Явы, што паўплывала на значныя змены ў жыцці астравіцян. Інданезійскія чыноўнікі ўвялі забароны на распаўсюджаныя сярод тубыльцаў татуіроўкі, пілаванне зубоў, абавязвалі апранацца ў еўрапейскую адзежу. Найбольшага ўплыву яны дасягнулі на малых астравах Сіпора, Паўночны Пагай і Паўднёвы Пагай. Іх жыхары былі ўцягнуты ў грашовую эканоміку, вытворчасць камерцыйных сельскагаспадарчых культур, атрымалі магчымасць вучыцца ва ўрадавых і місіянерскіх школах. Важнае значэнне ў працэсе змен мела развіццё турызму.

На вялікім востраве Сіберут сітуацыя пачала мяняцца толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі XX ст. Аднак многія мерапрыемствы інданезійскага ўрада там не мелі поспеху. Частка астравіцян адмовілася пакідаць лес. Але і тыя, хто перасяліўся ў вёскі, часцяком працягваюць стары лад жыцця, не маюць магчымасці атрымоўваць паўнавартую школьную адукацыю і вельмі абмежавана ўцягнуты ў грашовыя адносіны.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Ментавайская ума

Асноўнымі заняткамі ментавайцаў доўгі час заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Палявалі з дапамогай лукаў з атручанымі стрэламі. Рыбу лавілі з берага або ладзілі лодкі з суцэльных бярвенняў. Збіралі малюскаў, ядомае карэнне, дзікарослыя плады, але найбольшую важнасць для забеспячэння ежай мела сагавая пальма. Разам з гэтым, здаўна існавала матычнае земляробства. Вырошчвалі клубневыя культуры, а таксама фруктовыя дрэвы.

Асноўны тып паселішча — вёска. Яна звычайна складаецца з некалькіх доўгіх хацін на па́лях (ума). Суродзічы аднаго роду займаюць адну або больш хацін, кіруюцца старэйшынам. Адзінага вясковага кіравання няма. Сем'і патрыярхальныя, адлік сваяцтва вядзецца па бацькоўскай лініі. Прамымі нашчадкамі з'яўляюцца сыны, але пры жыцці бацька можа перадаць частку маёмасці дачцы.

У мінулым мужчыны апраналі насцегнавыя павязкі, жанчыны — лубяныя спадніцы. Таксама плялі з галін шыракаполыя капелюшы. У наш час распаўсюджана вопратка з пакупных тканін. Ментавайцы вядомы сваім мастацтвам татуіроўкі і звычаем пілаваць зубы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія ментавайцаў заснавана на анімістычных уяўленнях аб існаванні душы ў жывых істот і прадметаў. Ментавайцы шануюць духаў прыроды, але таксама вераць у злых духаў, якія прыносяць няшчасці і хваробы. Лячэннем, правядзеннем рэлігійных абрадаў і пахаванняў займаюцца шаманы.

З 1915 г. сярод ментавайцаў распаўсюджваецца хрысціянства. У нашы дні яго спавядае 80% вернікаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]