Нармандская дынастыя

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Герб Нармандыі

Нармандская дынастыя (англ.: House of Normandy) — арыстакратычны род нарманскага паходжання, які кіраваў у Нармандыі (9111135) і Англіі (10661135). Дынастыя была заснавана нарвежскім вікінгам Ралонам, які атрымаў ад французскага караля ў 911 годзе тэрыторыю Нармандыі, якая пазней стала герцагствам.

У выніку заваявання Англіі герцагам Вільгельмам у 1066 годзе пад уладу Нармандскай дынастыі перайшло Англійскае каралеўства. Апошні прадстаўнік дынастыі па мужчынскай лініі Генрых I сканаў у 1135 годзе, яго спадчыннікам стаў пляменнік Стэфан Блуаскі, таксама часам прыналежны да Нармандскай дынастыі. Пасля смерці караля Стэфана ў 1154 годзе на прастолах Англіі і Нармандыі зацвердзілася дынастыя Плантагенетаў.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

У пытанні пра паходжанне Ралона, заснавальніка Нармандскай дынастыі, сярэднявечныя гісторыкі вельмі разыходзяцца. Паводле Дуда Сен-Квенцінскага і Гіёма Жум'ежскага Ралон паходзіў са знатнай дацкай сям'і і быў вымушаны бегчы з Даніі пасля смерці свайго бацькі.

Скандынаўскія сагі, перш за ўсё «Сага пра аркнейцаў», сведчаць пра нарвежскія карані першага кіраўніка Нармандыі. Спрэчка паміж прыхільнікамі дацкай і нарвежскай тэорый працягвалася да XX стагоддзя і да цяперашняга часу канчаткова не вырашана. Тым не менш, большасць сучасных гісторыкаў схіляюцца да версіі, выкладзенай у «Сазе пра аркнейцаў» і сагах, запісаных Сноры Стурлусанам. У адпаведнасці з гэтай тэорыяй, бацькам Ралона быў Рогнвальд Эйстэйнсан, ярл Мёра, невялікага раннедзяржаўнага ўтварэння на заходнім узбярэжжы Нарвегіі паміж Тронхеймам і Бергенам.

У 860-х гадах Мёр быў заваяваны каралём Нарвегіі Харальдам Цудоўнавалосым. Шматлікая і неспакойная мясцовая знаць, не знойдучы сабе месца ў рамках адзінай нарвежскай дзяржавы, накіравалася на захад, здзяйсняючы набегі на ўзбярэжжа Заходняй Еўропы і каланізуючы новыя тэрыторыі. Ярлу Рогнвальду ўдалося замацавацца на Аркнейскіх і Шэтландскіх астравах, дзе ён заснаваў аўтаномнае графства Оркні пад вярхоўным сюзерэнітэтам караля Нарвегіі. Адзін з сыноў Рогнвальда, Эйнар Рогнвальдсан стаў заснавальнікам лініі ярлаў (графаў) Аркнейскіх астравоў, якія дамінавалі на крайняй поўначы Брытанскіх астравоў да XII стагоддзя.

Іншы сын, Хрольф (ці Рольф) «Пешаход», узначаліў буйны атрад дацка-нарвежскіх вікінгаў, якія з 886 года пачалі планамерна руйнаваць французскія землі ў нізоўях Сены, часам прасоўваючыся ўглыб краіны і даходзячы да Парыжа. У Францыі імя Хрольфа вымаўлялі як Ралон.

У 911 годзе кароль Карл III Дурнаваты, не маючы сіл для барацьбы з вікінгамі, заключыў з Ралонам дагавор, паводле якога апошні атрымліваў у лен узбярэжжа ў раёне Сены з цэнтрам у Руане (сучасная Верхняя Нармандыя), а наўзамен прызнаваў сваім сеньёрам караля Францыі і пераходзіў у хрысціянства. Гэта пагадненне заклала асновы Нармандскага герцагства, якое стала спадчынным уладаннем Ралона і яго нашчадкаў.

Кіраванне ў Нармандыі[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржава, заснаваная Ралонам у Нармандыі, з самага пачатку мела дваістую прыроду: скандынаўскія традыцыі суседнічалі з франкскімі інстытутамі. Паступова, аднак, скандынаўскі ўплыў ва ўсіх сферах жыцця скарачаўся, саступаючы месца французскай культуры і феадальным адносінам. Тым не менш у прадстаўнікоў Нармандскай дынастыі доўгі час (да XI стагоддзя) захоўваліся звычаі нарманскага шлюбнага права, якія ідуць насуперак з царкоўнымі нормамі (герцагі Нармандыі часцяком жаніліся без шлюбу і пры жыцці папярэдняй жонкі), і практыка прысваення дзецям двух імёнаў — скандынаўскага і франкскага. Так, Ралон у адносінах з навакольным светам і духавенствам выкарыстоўваў імя Роберт (I), а яго дачка Герлак звалася адначасова Адэлай.

У перыяд праўлення сына Ралона, Вільгельма Доўгі меч у Нармандыі актыўна ўкараняліся франкскія дзяржаўныя традыцыі, а да канца X стагоддзя дацкая і нарвежская мовы былі амаль цалкам выцеснены з ужывання французскай (за выключэннем, магчыма, Катантэна).

Для ўзмацнення ўплыву Нармандскай дынастыі вялікае значэнне мелі паслядоўныя шлюбы Эмы Нармандскай, дачкі герцага Рычарда I, з двума англійскімі каралямі: Этэльрэдам II і Кнудам Вялікім.

Эдуард Спавядальнік, сын Эмы і Этэльрэда, выхоўваўся пры нармандскім двары і пасля ўзыходжання на англійскі прастол у 1042 годзе спрыяў англа-нармандскаму збліжэнню і нават прызначыў сваім спадчыннікам герцага Вільгельма Незаконнанароджанага. Вільгельму ўдалося стварыць у Нармандыі эфектыўную дзяржаўную адміністрацыю і мабілізаваць сілы краіны для ўварвання ў Англію пасля смерці Эдуарда Спавядальніка. У выніку нармандскага заваявання Англіі ў 1066 годзе Нармандская дынастыя зацвердзілася на англійскім каралеўскім прастоле.

Кіраванне ў Англіі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Нармандская дынастыя

Пасля заваявання Англіі прастолы Нармандыі і Англіі былі аб'яднаны пад уладай караля Вільгельма I. Была створана англанармандская манархія, якая спалучала ў сабе англасаксонскія і франка-нармандскія інстытуты і характарызавалася моцнай каралеўскай уладай і разгалінаваным апаратам цэнтральнага кіравання.

Аднак ужо пасля смерці Вільгельма Заваёўніка, у 1087 годзе, дзяржава распалася: герцагам Нармандыі стаў старэйшы сын Вільгельма I Роберт III Куртгёз, а каралём Англіі — сярэдні сын Вільгельм II Руфус. Барацьба за аднаўленне адзінства манархіі паміж дзецьмі Заваёўніка працягвалася да 1106 года, калі ў выніку разгрому Роберта III пры Таншбрэ Нармандыя была заваявана англійскім каралём Генрыхам I, малодшым сынам Вільгельма I.

Генрыху I удалася істотна ўмацаваць англанармандскую дзяржаву, а дзякуючы шлюбу з Мацільдай Шатландскай, праўнучкай англасаксонскага караля Эдмунда II, ён забяспечыў легітымізацыю правоў Нармандскай дынастыі на англійскі прастол.

Хоць Вільгельм Заваёўнік пакінуў пасля сябе трох сыноў, іх нашчадства неўзабаве спынілася: адзіны сын Роберта III Вільгельм Клітон загінуў у 1128 годзе, кароль Вільгельм II дзяцей не меў, а сын Генрыха I Вільгельм Адэлін патануў у 1120 годзе падчас крушэння «Белага карабля». У выніку, пасля смерці караля Генрыха I у 1134 годзе не засталося ніводнага нашчадка Вільгельма Заваёўніка мужчынскага полу па прамой лініі.

У краіне разгарнулася барацьба паміж дачкой Генрыха I імператрыцай Мацільдай і сынам яго сястры Стэфанам Блуаскім. Хоць Стэфан атрымаў перамогу, яго пазіцыі ў краіне былі сур'ёзна падарваны за гады грамадзянскай вайны. Нарастала таксама пагроза з боку мужа Мацільды Жафруа Плантагенета, графа Анжу, які ўварваўся ў Нармандыю. Незадоўга да сваёй смерці кароль Стэфан прызнаў сваім спадчыннікам сына Жафруа і Мацільды Генрыха. У 1154 годзе Генрых II быў каранаваны каралём Англіі, заснаваўшы такім чынам, дынастыю Плантагенетаў на англійскім прастоле.

Пабочнымі галінамі Нармандскай дынастыі з'яўляліся нашчадкі незаконнанароджаных дзяцей нармандскіх і англійскіх манархаў гэтага дому: лініі графаў д’Эўрэ і д’Э ў Нармандыі, магутная англійская арыстакратычная сям'я дэ Клер, а таксама граф Роберт Глостэрскі і яго сыны.

Спісы кіраўнікоў[правіць | правіць зыходнік]

Нармандыя[правіць | правіць зыходнік]

Англія[правіць | правіць зыходнік]

Фландрыя[правіць | правіць зыходнік]

Генеалогія[правіць | правіць зыходнік]

                                      Ралон
                                 граф Руана (з 911)
                                  (каля 860 — 932)
                                         +
                                   Попа дэ Баё
                                         │
                                         ┼─────────────────────────────────┐   
                                         │                                 │
                              Вільгельм I Доўгі Меч                  Адэла
                                  граф Руана (з 932)                 (каля 917 — каля 969)
                                   (каля 900 — 942)                         +
                                         +                              Гіём III
                                   Спрота Брэтонская                герцаг Аквітаніі
                                         │
                                         │
                                      Рычард I
                                 герцаг Нармандыі (з 942)
                                   (каля 935 — 996)
                                         +
                                  1. Эма Французская
                                  2. Гунара
                                         │
    ┌─────────────────┬──────────────────┼─────────────────────┬───────────────┐   
    │                 │                  │                     │               │
 (?)Роберт        (2)Эмма           (2)Рычард II          (?)Готфрыд   (?)Вільгельм I
граф д'Эўрэ    (каля 982 — 1052) герцаг Нармандыі (з 996) граф дэ Брыён     граф д'Э
(пам. 1037)            +             (996—1027)            (пам. каля 1015)  (пам. каля 1057)
    │         1. Этэльрэд II   1. Юдыта Брэтонская             │               │
    │         2. Кнуд Вялікі  2. Эстрыд Дацкая                 │               │   
 Рычард                                  │                 дом дэ Клер      графы д'Э
граф д'Эўрэ           ┌──────────────────┼─────────────────────┬───────────────┐
(пам. 1067)           │                  │                     │               │
    │         (1)Рычард III       (1)Роберт II            (1)Элеанора     (1)Адэлаіда
    │         герц. Нармандыі  герц. Нармандыі (з 1027)     (нар. 1002)     (1003—1037)
Вільгельм        (997—1027)         (999—1035)                 +               +
граф д'Эўрэ           +                  +                 Балдуін IV        Рэно I
(пам. 1118)     Адэла Французская      Херлева            граф Фландрыі  граф Бургундыі
    │                                    │
    │                                    ┼─────────────────────────────────┐   
 Агнэса                                  │                                 │
                               Вільгельм I Заваёўнік                  Адэлаіда
                                герцаг Нармандыі (з 1035)           (1030 — каля 1081)
                                  кароль Англіі (з 1066)                   +
                                    (1028—1087)                     1. Ангеран II, граф дэ Панцье
                                         +                          2. Ламберт II, граф Ланса
                                 Мацільда Фландрская                3. Эд III, граф Шампані
                                         │                                              │
       ┌──────────────┬──────────────────┼─────────────────────┬──────────────────┐ Стэфан Амальскі  
       │              │                  │                     │                  │   (1070—1027)
  Роберт III       Рычард          Вільгельм II             Генрых I            Адэла      │
герц. Нармандыі  (пам. 1081)     кароль Англіі (з 1087) кароль Англіі (з 1100) (пам. 1138)графы д'Амаль
  (1087—1106)                        (1057—1100)      герц. Нармандыі (з 1106)    +
   (пам. 1134)                                             (1068—1135)         Эцьен II
       +                                                       +             граф дэ Блуа
Сібіла Канверсана                                    1. Мацільда Шатландская     │
       │                                              2. Адэліза Лувенская       ┼───── ─── ──┐   
       │                                                       │                 │            │
Вільгельм КлітонСтэфан    графы дэ Блуа
граф Фландрыі (з 1127)                   ┌─────────────────────┼         кароль Англіі (з 1135)
 (1102—1128)                             │                     │             (1096—1154)
       +                             Мацільда         Вільгельм Адэлін            +
1. Адэлісія Манферацкая        каралева Англіі (1141)   (1103—1120)      Мацільда Булонская
2. Сібіла Анжуйская                (1102—1167)                +                  │
                                         +              Ізабела дэ Гацінэ   графы Булоні
                                 1. Генрых V, імператар
                                 2. Жафруа V, граф Анжу
                                         │
                                         │
                                    Плантагенеты