Паліва, кераміка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Керамічная паліваная ваза

Палі́ва (ням.: Glasur, фр.: glaçure) — шклопадобнае пакрыццё на паверхні керамічнага вырабу, замацаванае абпальваннем. Назва пакрыцця вядома з часоў старажытнае Русі[1].

Віды палівы[правіць | правіць зыходнік]

Паліва можа быць празрыстаю ці непразрыстаю, бясколернаю ці каляроваю, бліскучаю ці матаваю. Асноваю палівы з'яўляецца каалін, кварц і палявы шпат. У склад палівы ўводзяць таксама аксіды металаў.

У залежнасці ад спосабу прыгатавання паліва падзяляецца на сырую і фрытаваную. Сырыя палівы самыя простыя: усе кампаненты таўкуць і змешваюць з вадою да пэўнае шчыльнасці палі́вачнага шлікера. Каб атрымаць фрытаваную паліву, кампаненты палі́вачнае сумесі фрытуюць, г. зн. сплаўляюць (звычайна пры тэмпературы 1200—1300 °C), у выніку ўтвараюцца нерастваральныя сілікаты і іншыя злучэнні. Пасля плаўлення фрыту выліваюць у ёмістасць з вадою, дзе яна астывае, затым высушваюць і дробна таўкуць у ступе.

Адрозніваюць паліву туга- і легкаплаўкую. Тугаплаўкія палівы прымяняюцца для фарфору, шамоту, цвёрдага фаянсу. Тэмпература іх плаўлення 1125—1360 °C. Для маёлікі бяруць палівы, якія плавяцца пры тэмпературы 900—1100 °C.

Каляровыя палівы[правіць | правіць зыходнік]

Паліваная кафля з Мірскага замка (XVI—XVII)

Для аздаблення вырабаў з фарфору і маёлікі часта прымяняюць яркаафарбаваныя каляровыя палівы. Колер надаецца ўвядзеннем у бясколерную паліву аксідаў і солей металаў. Так, вокіс кобальту дае колеры ад светла- да цёмна-сіняга; вокіс хрому — зялёны, а пры наяўнасці волава — ружовы, чырвоны; вокіс медзі выкарыстоўваюць, каб атрымаць ізумрудна-зялёную, сіне-зялёную паліву, а таксама палівы медна-чырвоных адценняў для аднаўленчага абпальвання; злучэнні з марганцам даюць карычневыя, ружовыя колеры; вокіс жалеза — ад жоўтага і чырвонага да карычневага і чорнага і г. д.

Зноскі

  1. Полива // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]