Прыпяцкая праўда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Прыпяцкая праўда»
Тып штотыднёвік
Фармат А3
Выдавец Установа «Рэдакцыя газеты "Прыпяцкая праўда"»
Рэдактар Міхаіл Валер’евіч Шаўчэнка
Штатныя карэспандэнты 2 чалавекі (2022 г.)[1]
Заснавана 23 студзеня 1932 г.; (паўторна заснавана) красавік 1965
Мова беларуская, руская
Галоўны офіс Беларусь, Гомельская вобласць, г. Нароўля, вул. Макаранкі, д.5.
Вэб-сайт narovlya.by

«Прыпяцкая праўда» — галоўная афіцыйная дзяржаўная газета Нараўлянскага раёна (орган Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў), заснаваная 23 студзеня 1932 г. і друкаваная ў Нароўлі (Беларусь, Гомельская вобласць). Па гістарычным прычынам некалькі разоў змяняла сваю назву. У час Другой сусветнай вайны ў 1941—1944 гг. газета часова спыніла выпуск нумароў. У 1963—1965 гг. газета не выдавалася па прычыне скасавання Нараўлянскага раёна, тэрыторыя якога ўвайшла ў склад Ельскага раёна. З адміністрацыйным аднаўленнем Нараўлянскага раёна 6 студзеня 1965 г., у красавіку 1965 г. зноў пачалося выданне сваёй раённай газеты ў Нароўлі — пад назвай «Прыпяцкая праўда». Тэматыка газеты — афіцыйна-палітычная, эканамічная і культурная: асвятляе галоўным чынам падзеі і працэсы, якія адбываюцца ў Нараўлянскім раёне і Беларусі. Друкуе таксама гісторыка-этнаграфічныя і побыта-дарадчыя артыкулы, літаратурныя і мемуарныя творы (у тым ліку, анекдоты); размяшчае ілюстрацыі (фатаграфіі, малюнкі і г.д.), прыватныя аб’явы, некралогі і інш. Выкарыстоўвае беларускую і рускую мовы артыкулаў, паведамленняў, літаратурных твораў і г.д. Выходзіць адзін раз на тыдзень. Мае свой сайт у Інтэрнеце. Дэвіз: «Раёнка — ваш компас у свеце гарачых навін!»

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычныя назвы: «За калектывізацыю» (1932—1938), «За бальшавіцкія перамогі» (1938—1952), «Сталінскі сцяг» (1952—1956), «Ленінская праўда» (1956—1962), «Прыпяцкая праўда» (з красавіка 1965 года).

Перыядычнае папяровае выданне было заснавана ў пасёлку Нароўля як афіцыйная газета Нараўлянскага раёна (орган Нараўлянскага райкама КПБ(б), Нараўлянскага выканкама і Нараўлянскага райпрафсавета) пад назвай «За калектывізацыю» — 23 студзеня 1932 г. выйшаў яе першы нумар[2]. Спачатку выдавалася накладам да 60 экземпляраў, а яе першым рэдактарам стаў Рыгор Іванавіч Шаркоў[3]. Друкавалася раённая газета на абсталяванні рэдакцыі. У архівах газеты не захавалася падрабязных звестак аб дзейнасці газеты да 1941 г.

У той перыяд публікацыі ў афіцыйнай газеце Нараўлянскага раёна адлюстроўвалі галоўныя працэсы ў савецкай дзяржаве: развіццё калектыўнага сельскай гаспадаркі ў СССР і БССР, першыя эканамічныя пяцігодкі краіны, дзейнасць камуністычнай партыі. Калектывізацыя ў Нараўлянскім раёне завяршылася ў 1938 г., таму для газеты была абрана новая назва — «За бальшавіцкія перамогі».

Калі ў чэрвені 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі напалі на СССР, то кіраўніцтва Нараўлянскага раёна прыняло рашэнне спыніць выданне газеты і схаваць друкарскі станок да вяртання ў раён савецкіх войск, бо не было шмат магчымасцей эвакуіраваць матэрыяльныя рэсурсы. Аўрам Лаўрэнцевіч Кліменка і яго пляменнік, выконваючы распараджэнне раённага кіраўніцтва, закапалі друкарскае абсталяванне на яўрэйскіх могілках у Нароўлі. Але нейкім чынам пра гэта стала вядома нямецкім акупантам, якія прышлі ў Нароўлю ў жніўні 1941 г. Аўрама Кліменку прымусілі адкапаць усё, што ён схаваў.

Толькі ў снежні 1944 г., калі з Нароўлі былі выгнаны нямецка-фашысцкія акупанты, раённая газета аднавіла сваю працу і распавяла, як ідзе працэс гераічнага аднаўлення эканомікі і развіваецца культурнае жыццё Нараўлянскага раёна. У той час некалькі гадоў галоўным рэдактарам газеты быў Іван Філоненка.

Са снежня 1952 па ліпень 1956 г. газета выходзіла пад назвай «Сталінскі сцяг». А пазней, пасля смерці кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна і афіцыйнага развянчання культу яго асобы ў СССР, была зацверджана новая для раённага перыядычнага выдання назва — «Ленінская праўда». У 1950-х гг. рэдакцыяй газеты кіраваў Майсей Дварэцкі. Была створана шырокая сетка сельскіх карэспандэнтаў па раёне, у лік якіх ўліваліся лепшыя прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і перадавікі сельскай гаспадаркі. Уласнага транспарту ў газеты не было, таму яе супрацоўнікі карысталіся папутным транспартам ці нават дабіраліся пешшу ў далёкія калгасы. У розныя гады ў газеце журналістамі працавалі пісьменнікі Давід Рыгоравіч Сімановіч і Іван Чыгрынаў, журналістка Беларускага Радыё Валянціна Чайка і іншыя прыкметныя асобы.

25 снежня 1962 г. Нараўлянскі раён скасаваны, а яго тэрыторыя ўключана ў склад Ельскага раёна, таму ў Нароўлі было спынена выданне афіцыйнай раённай газеты. 6 студзеня 1965 г. зноў створаны Нараўлянскі раён — яго тэрыторыя вылучаецца са складу Ельскага раёна і Нароўля зноў атрымала статус райцэнтра. Таму ў красавіку 1965 г. раённая газета атрымлівае сваё «другое нараджэнне» і ўпершыню выходзіць пад назвай «Прыпяцкая праўда» (орган Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў), якое яна мае дагэтуль. Галоўным рэдактарам штонядзельнага выдання быў прызначаны Павел Бозікаў. У 1966 г. у нараўлянскай газеце «Прыпяцкая праўда» працавала літаратурным супрацоўнікам Святлана Аляксандраўна Алексіевіч (нар. 1948 г.), будучая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015).

Пасля Паўла Бозікава, з 1969 да 1980 г., выданнем кіраваў Георгій Даўгіцкі. Вялікі ўклад у стварэнне газеты ўнеслі журналісты Валянціна Шынкевіч, Мікалай Мікалаевіч Ждановіч (нар. 1957) і Віктар Гузік, адказны сакратар Юліян Новік, карэктар Людміла Зязётка, фотакарэспандэнты Марат Стораж і Ганна Тушынская і іншыя. Для многіх супрацоўнікаў раённая газета ў тыя часы стала першай прыступкай у журналісцкай дзейнасці і школай майстэрства. А для раённай адміністрацыі, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна газета ў сваю чаргу была важнай пляцоўкай для паведамленняў аб развіцці эканомікі, культуры і паляпшэнні быту гарадскага і сельскага насельніцтва Нараўляншчыны, ушанаванні ветэранаў вайны і заслужаных асоб.

У канцы 1980 — пачатку 1990-ых гг. газета надзяляла шмат увагі мерапрыемствам па ліквідацыі наступстваў Катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (у 1986 г.), а таксама зменам палітычнага і эканамічнага ладу краіны пасля самароспуску СССР у 1991 г., атрыманнем Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту і пераходу да новых, капіталістычных адносін у грамадстве.

У цяперашні час газета друкуецца ў КПУП «Калор», а штатнымі супрацоўнікамі газеты з’яўляюцца: галоўны рэдактар; намеснік галоўнага рэдактара; карэктар; два карэспандэнты; рэдактар інтэрнэт-рэсурсу і аператары электроннага набору і вёрсткі; фотакарэспандэнт; галоўны бухгалтар. Адным з карэспандэнтаў газеты працуе Васіль Васілевіч Чайка (нар. у 1965 г.), мясцовы школьны настаўнік, краязнавец і арганізатар музеяў.

У апошнія гады на першай паласе папяровай газеты з'явіўся анонс публікуемых артыкулаў, палосныя рубрыкі, усё часцей выходзіць аўтарская калонка. Газета таксама стварыла свой сайт у Інтэрнэце, які карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў, але і далёка за межамі Нараўлянскага раёна.

23 студзеня 2022 г. міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Барысавіч Пярцоў афіцыйна павіншаваў газету з 90-годдзем[4].

12 ліпеня 2023 г. рэдакцыю газеты афіцыйна наведаў старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Пятровіч Антоненка, каб абмеркаваць з калектывам рэдакцыі пытанні працы самой рэдакцыі, а таксама будаўніцтва, рамонту дарог у Нароўлі, захавання мясцовых помнікаў культуры, добраўпарадкавання, адказнасці жыхароў горада, адносіны кіраўнікоў арганізацый і адказных службаў да публікуемых у газеце крытычных матэрыялаў і многае іншае[5].

Галоўныя рэдактары[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі рэдактарамі газеты былі: (з 23 студзеня 1932 г.) Рыгор Іванавіч Шаркоў, (1940-ыя гг.) Іван Філоненка, (1950-ыя) Майсей Дварэцкі, (1965—1969) Павел Бозікаў, (1969—1980) Георгій Даўгіцкі, (1980—?) Мікалай Кохна, Мікалай Чэпікаў, Л. Кавалеўскі, А.Карпенка, Уладзімір Крыжаноўскі, (2000—?) Алена Крупа, Валянціна Варанцова, Алена Румянцава, Сяргей Канавод, Іван Грушэўскі, Наталля Лапаціна. Цяпер — Міхаіл Валер’евіч Шаўчэнка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 г. Нароўлі.

Адрас[правіць | правіць зыходнік]

Установа «Рэдакцыя газеты "Прыпяцкая праўда"» — 247802, Беларусь, Гомельская вобласць, г. Нароўля, вул. Макаранкі, д.5. prypjac_prav@cmi.by, pravda@narovlya.by

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В.В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.
  • Наровля и Наровлянский район / сост.: Н.В. Кузьменкова, Н.И. Данильченко, С.В. Коновод. — Мозырь : Колор, 2005. — 25 с.
  • Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты "Гомельская правда", [б. д.]. — 26 с.
  • Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П.П. Рабянок, К.Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]