Сукарна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сукарна

Сукарна (6 чэрвеня 1901, г. Сурабая, Інданезія — 21 чэрвеня 1970) — палітычны і дзяржаўны дзеяч Інданезіі.

Скончыў Тэхналагічны інстытут у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нацыянальная партыя Інданезіі; яе першы старшыня. За антыкаланіяльную дзейнасць у 1929-31 зняволены ў турме, з 1933 па 1942 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сацыяльная справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіцыйнай ідэалогіяй Інданезіі. 17 жніўня 1945 года Сукарна абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, узначаліў барацьбу супраць нідэрландскіх каланізатараў (1945-49). У 1957-59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўвальнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста Сукарнам, які сканцэнтраваў у сваіх руках заканадаўчую і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. Сукарна адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і руху Недалучэння. Яго накірунак на пашырэнне сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студзень 1965). Палітыка Сукарны прывяла да эканамічнага крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзяржаўных пасад.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).