Экзарх

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Экза́рх, часам выкарыстоўваецца напісанне “екзарх” (грэч.: έξαρχος, «глава», «кіраўнік», «намеснік») – свецкі і царкоўны тытул.

1. Кіраўнік хору ў Старажытнай Грэцыі, пазней тытул кіраўнікоў у жрэчаскім саслоўі.

2. Тытул кіраўніка, у прыватнасці, вярхоўнага жраца ў Старажытным Рыме (пантыфіка).

3. Назва адной са ступеняў іерархіі ва ўсходняй царкве часоў Сусветных Сабораў. Згадваецца ў гістарычных дакументах ад Антыяхійскага сабору 445 года. Межы ўлады і юрысдыкцыі экзарха дакладна не высветленыя. Ён быў старшынёй г.зв. вялікіх сабораў дыяцэзу (μείζων συνόδος), якім падпарадкоўваліся мітрапаліты епархіяў і гарадоў. Пасля дыяцэзы былі падпарадкаваныя канстанцінопальскаму патрыярху і тытул экзарха перастаў згадвацца ў дакументах. Пазней, каля 1193, тытул экзарха зноў надаецца некаторым мітрапалітам.У 12 ст. тытул надаецца епіскапам Кесарыі Кападакійскай, Фесалонік, Эфеса, Карынфу.

4. У тэрміналогіі дзяржаўнага кіравання Усходняе Рымскай імперыі – намеснік імператара, які кіраваў тэрыторыямі, адваяванымі на захадзе ў варвараў. Найбольш вядомыя экзархі равенскія (з 568 па 752 г.). Эзархі ўзначальвалі ваенныя сілы і цывільную адміністрацыю экзархатаў.

5. У кіраванне Канстанціна Пурпурароднага (9 ст.) – цырыманіймейстар імператарскага двара ў Візантыі.

6. У 9 ст., пасля ўсталявання ў Балгарыі хрысціянства, тытул царкоўнага першаіерарха. З узмацненнем Балгарскага царства заменены тытулам патрыярха, пасля захопу Балгарыі туркамі ў 15 ст., тытул патрыярха зноў заменены на тытул экзарха. Захаваўся за першаіерархам балгарскай царквы і пасля таго, як яна набыла аўтакефалію ад канстанцінопальскага патрыярхату.

7. У Праваслаўі — глава асобнай царкоўнай акругі (экзархату). У Расіі тытул экзарха нададзены ў 1700, пасля адмены патрыяршаства, мітрапаліту Стэфану Яворскаму, местаблюсціцелю патрыяршага прастолу. Далей праваслаўная царква выкарыстоўвае тытул экзарха для першаіерархаў аўтакефальных ці памесных цэркваў невялікіх самастойных дзяржаў, або вялікіх рэгіёнаў дзяржавы, якія маюць структуру, адрозную ад рэшты дзяржавы (напрыклад, Грузія ў Расійскай імперыі).

8. У гістарычных актах Візантыі – надзвычайны ўпаўнаважаны прадстаўнік патрыярха, пасыланы з рознымі даручэннямі і рэвізіямі.


Літ.:

Экзарх // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.  БСЭ