Барыс Федасеевіч Герлаван

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Барыс Федасеевіч Герлаван
Імя пры нараджэнні Барыс Федасеевіч Герлаван
Дата нараджэння 25 снежня 1937(1937-12-25) (86 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства Беларусь
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Вучоба
Прэміі
Узнагароды Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977)

Бары́с Федасе́евіч Герлава́н (25 снежня 1937, с. Мартаноша  (руск.), Наваміргарадскі раён, Кіраваградская вобласць, Украіна) — беларускі мастак. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977). Народны мастак Беларусі (1990), прафесар[1][2].

Біяграфія

Працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў 1960-61 гадах[1]. З 1962 года працуе ў Нацыянальным тэатры Янкі Купалы[2].

У 1966 годзе скончыў аддзяленне сцэнаграфіі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (майстэрня Я. Чамадурава, кіраўнік дыпломнай работы П. Масленнікаў). З 1976 года — стаў галоўным мастаком[1].

У 1985 годзе Барыс Герлаван атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за афармленне спектакляў «Парог» (1983) і «Радавыя» (1984). За афармленне спектакля «Мудрамер» у 1988 годзе мастаку была прысвоена Дзяржаўная прэмія БССР.

З 1991 года выкладае сцэнаграфію ў Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1998 годзе атрымаў званне прафесара[2].

Творчасць

Aформіў толькі на сцэне купалаўскага тэатра звыш 70 спектакляў. Ён аўтар сцэнаграфіі спектакляў у іншых тэатрах Беларусі, блізкага і далёкага замежжа, лаўрэат шматлікіх міжнародных тэатральных фестываляў[2]. Працы Герлавана адметныя рэалістычнай выразнасцю, вобразнасцю і каларыстычнай меткасцю[1].

Дзякуючы свайму таленту, Герлаван пры афармленні сцэнічнай прасторы ўзнімаецца да ўзроўню драматурга і рэжысёра, робіцца паўнапраўным сааўтарам драматургічнага твору. Іншы раз яго сцэнаграфія становіцца адным з самых галоўных кампанентаў спектакля і вызначае поспех у гледача. Так было са спектаклямі «Бура  (руск.)» У. Шэкспіра, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы (1972), «Брама неўміручасці» К. Крапівы (1974), «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» (1976) А. Макаёнка, «Апошні шанец» В. Быкава (1974), «Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева, якія ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускага тэатральнага мастацтва.

Сярод аформленых ім спектакляў таксама «Жаніцьба Бялугіна» А. Астроўскага і М. Салаўёва  (руск.) (1963), «Мешчанін у дваранстве  (руск.)» Мальера (1967), «Што той салдат, што гэты  (руск.)» Б. Брэхта (1974), «Характары» В. Шукшына (1975), «Аптымістычная трагедыя  (руск.)» У. Вішнеўскага?! (1977), «Святая святых» І. Друцэ  (руск.) (1977), «Чалавек з легенды» І. Ражкова і Я. Шабана (1978), «Ажаніцца — не журыцца» М. Чарота і Далецкіх (1972) у тэатры імя Я. Купалы; «Дзеці аднаго дома» І. Шамякіна (1967) у тэатры юнага гледача[1].

Прэміі і ўзнагароды

  • Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь
  • Лаўрэат прэміі імя Е.Міровіча (1992)
  • Лаўрэат «Крыштальнай Паўлінкі», вышэйшай узнагароды Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.
  • Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўклад у выхаванне творчай моладзі (2004)
  • Кавалер Ордэна Францыска Скарыны (2008)

Зноскі

  1. а б в г д Герлован Борис Федосеевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 145. — 737 с.
  2. а б в г Герлаван Барыс Федасеевіч (вэб-старонка тэатра). Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы (3 лістапада 2012).