Мячэць з в. Даўбучкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Мячэць з вёскі Даўбучкі
Мячэць у Даўбучках у 1930-х гг.
Мячэць у Даўбучках у 1930-х гг.
54°20′55″ пн. ш. 26°26′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Сялец (першапачаткова),
ДаўбучкіXIX ст.),
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Канфесія Іслам
Архітэктурны стыль беларускае народнае дойлідства
Дата заснавання 1735
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000407шыфр 612Г000407
Стан Разабрана
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мячэць з в. Даўбучкі — магаметанскі храм са Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, размешчаны на тэрыторыі ўстановы «Беларускі дзяржаўны музей народнага дойлідства і побыту» в. Азярцо Мінскага раёна. Пабудаваная ў XVIII ст. ў в. Даўбучкі (Смаргонскі раён). У мячэці спалучаецца дойлідства, уласцівае культавым збудаванням Усходу (цэнтрычнасць асноўнага аб'ёма і сіметрычная кампазіцыя пабудовы), з традыцыямі драўлянага дойлідства. Помнік драўлянага дойлідства.

Гісторыя

З'яўленне татараў на Беларусі адносіцца да перыяду пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гедымін, а затым Кейстут і Альгерд не раз запрашалі татараў на службу. Асноўным арганізатарам татарскага асадніцтва лічыцца Вітаўт. Казімір Ягелончык, Аляксандр, Жыгімонт І пашыралі татарскую калонію, умацоўвалі яе матэрыяльную аснову за кошт раздачы зямель. У 1561 і 1568 гг. Жыгімонт Аўгуст даў татарам прывілей на шляхецтва[1].

У месцах кампактнага пражывання татараў будаваліся мячэці. Мячэць, якая захавалася ў в. Даўбучкі, першапачаткова была пабудавана ў XVIII ст. у в. Сялец Беніцкай гміны Маладзечанскага павета. У пачатку XIX ст. перавезена ў Даўбучкі. Вядома, што на працягу гісторыі існавання мячэць значных перабудоў не мела, змянялася толькі аддзелка (першапачаткова была пабелена, швы замазаны глінай)[1].

Архітэктура

Асноўны прамавугольны ў плане зруб падзелены на дзве часткі з асобнымі ўваходамі і накрыты шатровым дахам[1], завершаным дванаццацігранным купалам[2], які быў накрыты дранкай і пафарбаваны ў чырвоны колер (сурыкам)[1]. Асновай купала з'яўляецца вертыкальны слуп, які абапіраўся на бэлечную сістэму. На слуп і верхнія бярвёны (абвязку) абапіраліся кроквы. Абвязка ўтварала шматвугольнік з 12 гранямі. Такім чынам, купал быў не функцыянальным элементам, а толькі формай, унутры была плоская суцэльная столь[1]. Уваходы злучаныя арачнай галерэяй на так званых кручаных слупах. Сцены гарызантальна ашаляваныя дошкамі. Вокны прастакутныя[2].

Інтэр'ер зальны, з плоскай столлю. Амаль квадратная ў плане зала ва ўсходняй частцы мае пяцігранную нішу — міхраб[2], насупраць якой, у мужчынскай палове, размяшчаўся мумібір (хоры)[1], упрыгожаны точанымі балясінамі[2].

З паўночна-заходняга боку двух'ярусны чацверыковы мінарэт, завершаны шатровым дахам.

Стыль

Наяўнасць квадратнага ў плане зруба з купалам, галерэі, праёмаў з элементамі арак, вуглавое размяшчэнне мінарэта набліжаюць мячэць у Даўбучках да традыцый візантыйскага дойлідства. Купал, блізкі да падковападобнай аркі, разьба на калонах, арачныя раскосы, вырашэнне міхраба і мумібіра ўяўлюць элементы традыцыйнай мусульманскай архітэктуры. Да традыцый беларускага драўлянага дойлідства трэба аднесці мінарэт, падобны на званіцу царквы ці касцёла, канструкцыйныя элементы, запаўненне праёмаў.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі