Чэслаў Урбанавіч Крупскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чэслаў Урбанавіч Крупскі
герб «Корчак»
герб «Корчак»
(выконваў абавязкі) Навагрудскі ваявода
1909 — 1915
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Уладзіслаў Рачкевіч

Нараджэнне 31 снежня 1889(1889-12-31)
Засулле, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць 1939/1940
(?) Мінск, Мінская вобласць, БССР, СССР
Род Крупскія
Бацька Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915)
Маці Гелена Свіда (1841—1896)
Жонка Аляксандра Браніславаўна Шалевіч (1892—1978)
Дзеці Януш Чэслававіч Крупскі (каля 1920—1940)
Веравызнанне каталік
Партыя
Дзейнасць палітык
Узнагароды
залаты крыж Заслугі афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чэслаў Урбанавіч Крупскі (руск.: Чеслав Урбанович Крупский, польск.: Czesław Krupski; 31 снежня 1889, Засулле, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1939/1940, (?) Мінск, Мінская вобласць, БССР, СССР) — беларускі і польскі дзяржаўны дзеяч, юрыст і маянтковец. Рэдактар (1917—1918) мінскай газеты «Дзеннік Мінскі», член (1917—1918) Польскай рады Мінскай зямлі, член (1918) Рады БНР, член Камітэта абароны Крэсаў (1918), выконваў абавязкі навагрудскага ваяводы (1921) Польшчы, польскі соймавы пасол V кадэнцыі (1938—1939), член палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў».

Паходжанне і сям’я

Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу “Корчак”. Нарадзіўся 31 снежня 1889 г. у фамільным маёнтку Засулле (Мінскі павет Мінскай губерні Расійскай імперыі) у сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і яго жонкі Гелены Свіды (?—1901).

Ажаніўся дзесьці ў 1910-ых гг. з Аляксандрай Браніславаўнай-Юзафатаўнай Шалевіч (1892—1978) — дачкой Браніслава-Юзафата Шалевіча (каля 1840—1893) і Аляксандры Быкоўскай-Лопат (каля 1860—1940), — з якой меў аднаго сына — Януша Чэславіча Крупскага (каля 1920—1940).

Палітычная дзейнасць

У 1904–1905 гг. удзельнічаў у тайных арганізацыях школьнай моладзі. Быў старшынёй Таварыства сяброўскай дапамогі і Таварыства самаадукацыі польскай моладзі і кіраўніком Арганізацыі мінскай моладзі ў Санкт-Пецярбургу.

У 1917–1918 гг. быў членам і сакратаром Польскай рады Мінскай зямлі і членам Польскай рады Беларускіх зямель. З 1 ліпеня 1917 г. па 1918 г. уключна быў рэдактарам мінскай польскамоўнай газеты “Дзеннік Мінскі” (1917–1918).

21 лютага 1918 г. I Польскі корпус заняў Мінск, у які пасля без бою ўвайшлі немцы. У прывітальнай прамове на Віленскім вакзале мінскія маянткоўцы (Ігнат Ігнатавіч Віткевіч, Эдмунд Леанардавіч Івашкевіч, Чэслаў Убранавіч Крупскі, З. Нагорскі і іншыя члены МТСГ і Польскай рады Мінскай зямлі), сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, выказалі ўдзячнасць нямецкаму генералу Гофману «за вяртанне грамадскага парадку, дапамогу ў аддзяленні ад бальшавіі[1] і супольнае жыццё з народамі Захада з апорай на нямецкую дзяржаву»[2][3].

У канцы кастрычніка 1918 г. у вайшоў у якасці члена ў Раду БНР — быў дэлегаваны ад Польскай рады Мінскай зямлі[4].

У лістападзе 1918 г. ад Польскай рады Беларускіх зямель быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сойма Польшчы і выступаў (як і ўсе дэлегаты ад Польскай рады Беларускіх зямель) за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай. Аднак мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель не былі прызнаны польскім соймам.

У 1918–1919 гг. у незалежнай Польшчы быў членам выканаўчага аддзела Камітэту абароны Крэсаў – быў дэлегаваны ў Камітэт ад Мінскай губерні.

У кастрычніку 1919 г. прызначаны на пасаду начальніка аддзела палітыкі і прэсы Мінскага акруговага інспектарата ГУУЗ[5]. З 1919 г. з’яўляўся начальнікам аддзелу нацыянальных спраў у ГУУЗ.

25 мая 1919 г. у Варшаве на звыклым штотыднёвым пасяджэнні «Саюза палякаў беларускіх ускраін» пад кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча слухалі справаздачу Прыгадоўскага аб становішчу на Навагрудчыне, а Чэслава Крупскага — на Міншчыне.

З 31 мая 1919 г. па верасень 1920 г. быў членам Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі.

15 чэрвеня 1919 г. у Варшаве на звыклым штотыднёвым пасяджэнні «Саюза палякаў беларускіх ускраін» пад кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча Чэслаў Крупскі даваў справаздачу аб Беларускім з’ездзе ў Вільні: на беларускім з’ездзе выказавалася вялікая цяга сабраных дэлегатаў да Польшчы, але з моцнай сацыяна-рэвалюцыйнай арыентацыяй.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) Чэслаў Крупскі стаў грамадзянінам Польшчы. З чэрвеня па 17 кастрычніка 1921 г. выконваў абавязкі на новастворанай пасадзе — навагрудскага ваяводы Польшчы. Быў дзеячом мясцовага самакіравання — членам Стаўбцоўскай павятовай рады, Стаўбцоўскага павятовага аддзела і членам Віленскай ваяводскай рады. Далучыўся да палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў».

У пачатку вясны 1928 г. увайшоў у склад землеўласніцкага выбарчага камітэта Навагрудскай акругі. 17 лютага 1929 г. быў выбраны членам у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы (1926) – арганізацыі віленскіх кансерватараў.

У 1935–1937 гг. быў старшынёй Сельскагаспадарчай ізбы ў Вільні (Izba Rolnicza w Wilnie), членам Дзяржаўнай камунікацыйнай рады (Państwowa Rada Komunikacyjna).

6 лістапада 1938 г. быў выбраны паслом на сойм Польшчы з выбарчай акругі №52 (Баранавічы) ад Партыі нацыянальнага адзінства (ці Лагеру нацыянальнага аб'яднання — Oboz Zjednoczenia Narodowego) — і быў паслом V кадэнцыі польскага сойма да верасня 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна. Уваходзіў парламенцкія камісіі — адміністрацыйную, самакіравання і бюджэтную.

У 1939 г. быў старшынёй Стаўбцоўскага кола Навагрудскай акругі ў начальным кіраўніцтве Таварыства развіцця Усходніх зямель.

23 верасня 1939 г. Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940) быў арыштаваны савецкай уладай, вязнены ў Стоўбцах і пераведзены ў Мінск, дзе, верагодна, і загінуў у 1939 ці 1940 г. Гэтак жа быў арыштаваны і вязнены савецкімі ўладамі яго брат — Януш Урбанавіч Крупскі (1898—1939), уласнік маёнтка Засулле, які таксама, верагодна, загінуў.

Узнагароды

Атрымаў ад польскага ўраду Залаты крыж заслуг (Złoty Krzyż Zasługi) і 2 мая 1924 г. афіцэрскі крыж ордэну Адраджэння Польшчы.

Маёнтак

Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну маёнтак Геленаў у Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) маёнтак Геленаў апунуўся на польскім баку мяжы і адносіўся да Засульскай гміны Сталбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польшчы. Чэслаў Крупскі кіраваў гаспадаркай у сваім маёнтку Геленаў.

Пасля заняцця савецкімі войскамі тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 г., маёнткі Засулле, Геленаў, Коласава і Алешкава ў сыноў Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) былі забраны і нацыяналізаваны савецкай уладай.

Творы

  • Kresy a emigracja // Tygodnik Ilustrowany. — 1918. — nr 21 i 22. — s. 247—249.
  • Instytucje polskie w Mińsku // Tygodnik Ilustrowany. — 1918. — nr 21 i 22. — s. 249—259.

Зноскі

  1. Пад "бальшавіяй" маюцца на ўвазе "бальшавікі".
  2. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 81.
  3. Чарнякевич, А. Чужы сярод чужых: Павел Аляксюк і беларускія "паланафілы", 2017. — С. 31.
  4. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю . — Мн., 2018. — С. 482.
  5. Дашкевич, Е. Организационная структура польской гражданской администрации в Минске в 1919―1920 гг. — Мінск, 2020. — С. 212.

Літаратура

  • Дашкевич, Е. Организационная структура польской гражданской администрации в Минске в 1919―1920 гг. / Е. Дашкевич // Знакамітыя мінчане XIX—XX стст. Роля выхадцаў з Міншчыны ў польскім культурным, грамадскім і палітычным жыцці ў перыяд II Рэчы Паспалітай : матэрыялы [XI] Беларуска-польскай навуковай канферэнцыі, Мінск, 27 верасня 2019 г. / [рэдкалегія: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навуковыя рэдактары) і інш.]. — Мінск, 2020. — С. 210―218.
  • Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Чарнякевіч, А. Чужы сярод чужых: Павел Аляксюк і беларускія "паланафілы" / А. Чарнякевіч. — Мінск: А.М. Янушкевіч, 2017. — 315 с.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. — ISBN 978-83-227-2629-7.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.