Іван Іванавіч Гарнастай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Іванавіч Гарнастай
Гіпацэнтаўр
Гіпацэнтаўр
Нараджэнне каля 1520[1]
Смерць 15 мая 1569[2]
Род Гарнастаі
Бацька Іван Гарнастай[3]
Маці Ганна з Саламярэцкіх[d][3]
Жонка Ульяна з Богуш-Багавіцінавічаў[d][4]
Бітвы

Іван Іванавіч Гарнастай (каля 1520 — 1569) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Са шляхецкага роду Гарнастаяў герба «Гіпацэнтаўр», сын ваяводы новагародскага Івана Гарнастая і Ганны Саламярэцкай. Дата нараджэння не вядома. У 1558 годзе пасля смерці бацька апекуном над Іванам і яго братам Астафіем стаў старэйшы брат Гаўрыла.

Намеснік дарсунішскі, дзяржаўца лыскаўскі і межырэцкі[5].

Дарсунішкі атрымаў пасля свайго бацькі. Замест сябе паставіў намесніка Мельхіёра Валіцкага, ваўкавыскага шляхціча, што прывяло да фінансавых праблем. Першая ўзнікла ў 1559 годзе, калі Гарнастая абвінавацілі ў нявыплаце 500 коп літоўскіх грошаў у скарб за 1557 год. Мельхіёр Валіцкі прысягнуў, што Гарнастай грошы не браў. Акрамя таго Дарсунішкі былі вызвалены ад выплат, бо праз ваенныя дзеянні падданыя збяднелі. 536 коп ужо было выплачана на момант разбору справы. 14 студзеня 1568 годзе ў кнігі вялікага гетмана літоўскага Грыгорыя Хадкевіча[6] актыкавана скарга Івана Гарнастая на Мельхіёра Валіцкага за наезд на сёлы Раванічы і Юр’ева, нанясенне шкоды падданым. У 1568 годзе супраць Валіцкага пачата справа за прыўлашчанне грошай з Дарсунішак. Праз год для высвятлення сітуацыі Жыгімонт Аўгуст накіраваў туды ковенскага падкаморыя Войцеха Дзевялтоўскага. Новаму дзяржаўцы Паўлу Мікалаевічу Пацу загадана не чыніць Дзевялтоўскаму перашкод, а падскарію вялікаму літоўскаму Мікалаю Нарушэвічу — разгледзець справу. У выпадку адмовы Валіцкага ўлагодзіць сітуацыю дазвалялася пасадзіць яго ў вязніцу, а маёнткі ўвязаць да скарбу, пакуль не кампенсуе страты. Калі вартасць нерухомай маёмасці будзе менш неабходнай сумы, то Валіцкі павінен сядзець у няволі да поўнай выплаты[5].

Прымаў удзел у Інфлянцкай вайне. Паводле Попісу 1567 года ставіў почт з 70 «коней» і 40 драбаў.

У Івана былі і іншыя канфлікты з ураднікамі. Наступныя дакументы былі адзначаны ў рэестры і не маюць даты. Іван Гарнастай падаў скаргу на свайго служэбніка Івана Звязду, які трымаў маёнткі Азярніца і Блізнае, а пасля знік і не хацеў плаціць кампенсацыю за страты. Выклікаўся ў суд ваўкавыскі шляхціч Крыштаф Іванавіч Харашэўскі, які быў ураднікам у Промезях і забраў прыбытак на сваю карысць. Спрэчкі былі са слонімскім старостам Грыгорыем Валовічам. Валовіч абвінавачваўся ў нежаданні выконваць свае абавязкі — пакараць слонімскіх падданых і падданых Івана з Азярніцы і Блізнае за забойства, гвалты, рабаўніцтва на дарогах[5][7].

Іван Гарнастай судзіўся з жытомірскім дзяржаўцам Андрэем Глебавічам Пронскім за невяртанне тым пазычаных рэчаў (1554)[8]. У дакуменце не адзначана для якіх мэт былі ўзяты рэчы, але яны былі дарагія. Сярод іх згаданы гадзіннік. Іван разам з жонкай Ульянай выклікаў у суд Станіслава Мікалаевіча Кежгайлу, а пасля яго спадкаемцаў Яна і Мельхіёра Андрэевічаў Завішычаў. Станіслаў Кежгайла пазычыў два залатыя ланцугі вагой 123 чырвоных залатых і не вярнуў у прызначаны тэрмін (1552, 1555)[5].

Памёр у 1569 годзе ў месце Мсцібава. Яго маёнтка Поразава і Гушчынцы перайшлі брату Гаўрылу.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонкай Івана была Ульяна Багавіцінаўна (?-1575), малодшая дачка падскарбія вялікага літоўскага Міхаіла Богуша Багавіцінавіча (?-1529), праваслаўнага веравызнання. Міхаіл Богуш у свой час прызначаў адным з апекуноў у тастаменце бацьку Івана Іванавіча. Апошні мог скарыстацца гэтым і ажаніць сына. Пагатоў, у падскарбія засталіся толькі дочкі і спадчына дзялілася паміж імі. Іван Іванавіч пазычыў у жонкі Ульяны 2 000 коп літоўскіх грошаў пад 1/3 сваіх падляшскіх уладанняў Мітковічы, Копыль, Расна, Такары, Балотнікава (1559). У 1559 годзе за добрае да сябе стаўленне падараваў ёй рухомыя рэчы. Пазыку Іван так і не выплаціў. Ульяна выклікала братоў у суд, як спадкаемцаў, для выплаты (1569)[5].

Шлюб Ульяны і Івана атрымаўся няўдалым. Ужо ў 1559 годзе Ульяна адзначае дрэнныя ўзаемадачыненні з мужам, сваркі ў сям’і. У выніку яна вымушана была пазычаць грошы ў сястры Фядоры 12 000 коп у грошах і рэчах, 8 000 у грошах. З 8 000 павінна была 4 000 выплаціць у 1559 годзе, а другую частку ў 1560 годзе. 4 000 выплаты адклала, пад заклад сваёй спадчыннай часткі ў Славацічах на 2/3 сваіх уладанняў у Берасцейскім павеце і на частцы, што атрымала па маці ў пажыццёвае карыстанне. А 1/3 запісала сястры навечна за добрае да сябе стаўленне. Дакументы не згадваюць для чаго былі патрэбны Ульяне такія сумы грошай[5].

Ульяна не захацела жыць з мужам і з’ехала ад яго да маці ў 1561 годзе. Іван падаў на яе скаргу кіеўскаму мітрапаліту і спрабаваў вярнуць, але беспаспяхова. У канцы жыцця Ульяна больш кантактавала з пляменніцай Кацярынай Тэнчынскай і амаль уся маёмасць перайшла яе сям’і[5].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Сліж Н. Лёс дзяцей Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ // Białoruskie Zeszyty HistoryczneБеласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2013. — вып. 39. — С. 43. — ISSN 1232-7468
  2. а б Сліж Н. Лёс дзяцей Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ // Białoruskie Zeszyty HistoryczneБеласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2013. — вып. 39. — С. 47. — ISSN 1232-7468
  3. а б Сліж Н. Сям’я Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ // Białoruskie Zeszyty HistoryczneБеласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2012. — вып. 38. — С. 23. — ISSN 1232-7468
  4. Сліж Н. Лёс дзяцей Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ // Białoruskie Zeszyty HistoryczneБеласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2013. — вып. 39. — С. 44. — ISSN 1232-7468
  5. а б в г д е ё Наталля Сліж (Гродна). Лёс дзяцей Івана Гарнастая, падскарбія ВКЛ
  6. Выпіс з кніг гетмана ВКЛ Г. Хадкевіча даволі рэдкі дакумент. Самі кнігі не захаваліся, але магчыма, што і не выяўлены. Ва ўмовах вайны гетману надаваліся судовыя паўнамоцтвы.
  7. Потреба иж листа на земенина повету Слонимско(г)о Ивана Звезду которыи у мене иж жил и держал от мене имене мое Озерницу и Близную где не вем для чо(г)о зникает а усправедливитци мне п(а)ну своему в личбы не хочети в том собе шкоды от него немало прымую бо до мне п(а)на сво(г)о не едети личбы зникает абы ми перед дворанином учынил личбы. AGAD, Archiwum Potockich z Radzynia, sygn. 392, k. 15-16.
  8. У дакуменце пералічваліся: «коня вороног(о) турецкого белокопытног(о), сто золотых чирвоных, а два возники белые, двадцать коп грошеи, перстен золотыи с трема каменми з шмаракгдом з двема рубины за которыи перстен, тридцат золотых чирвоных дано, зекгар позлотистыи, за которыи дано десят коп грошеи». AGAD, Archiwum Potockich z Radzynia, sygn. 346, k. 39.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Słownik geograficzny królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich / Pod red. F. Sulimierskiego, B. Chlebowskiego, W. Walewskiego. — Warszawa, 1883. — T. III. — S. 128
  • Archiwum książąt Sanguszkyw w Slawucic / Wyd. przez B. Gorczaka, — Lwów, 1890. — T. IV — S. 534—535.
  • Boniecki A. Herbarz Polski.- Część I: Wiadomości historyczno-genealogicznc o rodach szlacheckich. — Warszawa, 1904. — T. VII. — S. 86.