Анатоль Іверс
Анатоль Іверс | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Іван Дарафеевіч Міско |
Дата нараджэння | 15 мая 1912 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 кастрычніка 1999 (87 гадоў) |
Месца смерці | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт |
Мова твораў | беларуская |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Анатоль Іверс, сапр.: Іван Дарафеевіч Міско (15 мая 1912, в. Чамяры, цяпер Слонімскі раён — 26 кастрычніка 1999, Слонім) — беларускі паэт.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я, як і многія аднавяскоўцы, у 1914 г. выехала ў бежанства і вярнулася ў 1918 г. У 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Навагрудскай (1931) гімназій. З 1931 г. у Чамярах пад наглядам польскай паліцыі. Пачаў пісаць пад псеўданімам Анатоль Іверс (Івэрс), адсылаючы ў тагачасную беларускую прэсу. З 1935 г. служыў у Войску Польскім, тым часам памешчык забіў яго маці. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939—1941). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 г. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху[1], з ліст. 1943 г. — партызан брыгады імя К. Ракасоўскага, у сакав. 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта[1]. Выдаваў антыфашысцкую падпольную газету «Барацьба»[1]. Жонка А. Іверса загінула ў Калдычэўскім лагеры, брат — у баі з акупантамі. У пасляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, А. Іверса некалькі разоў безпадстаўна звальнялі з працы. Потым працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму»[1], у лесахімічнай прамысловасці. У 1976—1984 г. — сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыў у Слоніме. Быў знаёмы і шчыра сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і інш. творчымі людзьмі Польшчы.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў у друку вершамі ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Песні на загонах» (Вільня, 1939)[1], «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987).
Рэвалюцыйна-вызваленчая тэматыка ў творах паэта глыбока звязана з асобай чалавека, грамадзяніна, гераічныя матывы пераходзяць у лірычныя, зліваюцца ў кранальны напеў пра лёс народа, якому даводзіцца пераадольваць гістарычную несправядлівасць, наладжваць новае жыццё. Вядучыя стылявыя рысы — пявучасць, шчырасць інтанацый, часам празмернае захапленне апісаннямі[1].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Іверс Анатоль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.;
- Іверс Анатоль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.;
- Чыгрын С. Не пыталі, ці зжата, ці скошана… // Ніва № 4 (2280), 23 студз. 2000.
- Нарадзіліся 15 мая
- Нарадзіліся ў 1912 годзе
- Нарадзіліся ў Чамярах (Слонімскі раён)
- Памерлі 26 кастрычніка
- Памерлі ў 1999 годзе
- Памерлі ў Слоніме
- Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
- Навучэнцы Клецкай беларускай гімназіі
- Навучэнцы Навагрудскай беларускай гімназіі
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Слонімскім раёне
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Паэты Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны