Перайсці да зместу

Навагрудская беларуская гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Навагрудская беларуская гімназія
Заснавана 1919
Закрыта 1944
Дырэктар
Тып Гімназія
Вучняў >1000 (1939)
Краіна
Размяшчэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Навагру́дская белару́ская гімна́зія — сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку, якая дзейнічала з перапынкамі ў 1919—1944 гадах. Адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага і культурнага жыцця ў рэгіёне. Утрымлівалася пераважна на сродкі бацькоўскага камітэта і грамадскасці. Нягледзячы на пастаянны ціск з боку польскіх улад і ліквідацыю ў 1934 годзе, гімназія змагла аднавіць сваю працу ў 1939 годзе і працягвала дзейнасць да канца Другой сусветнай вайны. З гімназіяй звязаны лёс многіх выдатных беларускіх дзеячаў, сярод іх Барыс Кіт, Анатоль Іверс, Леанід Барысаглебскі і іншыя.

Заснаванне і першыя гады дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Навучальная ўстанова адкрылася ў 1919 годзе, а пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора (1921) працягвала сваю дзейнасць ва ўмовах польскай адміністрацыі. Фінансаванне гімназіі цалкам забяспечвалася коштам бацькоўскага камітэта. Арганізатарам і першым дырэктарам, якога абралі самі бацькі вучняў, стаў Ян Цеханоўскі.

Фарміраванне паўнавартаснай навучальнай установы ішло цяжка. У канцы 1922 года арганізацыйны камітэт сабраў звыш 200 заяў ад бацькоў на паступленне дзяцей у шэсць класаў гімназіі. Аднак ініцыятыва сутыкнулася з жорсткім сабатажам і супрацівам з боку мясцовай польскай адміністрацыі, якая катэгарычна адмаўлялася выдзяляць памяшканне для заняткаў, нягледзячы на наяўнасць у горадзе вольных будынкаў[1].

Пасля ад’езду Яна Цеханоўскага за мяжу на заробкі абавязкі дырэктара выконваў Пётр Скрабец.

Навучальны і выхаваўчы працэс

[правіць | правіць зыходнік]
Навучэнкі Навагрудскай беларускай гімназіі. 1931—1932
Будынак, у якім размяшчалася гімназія. 1929

Пры гімназіі дзейнічалі мастацкія гурткі розных кірункаў, у т.л. беларусазнаўстве, прыродазнаўстве, сусветнай літаратуры. Для паглыблення ведаў беларускай мовы вучні складалі слоўнік да твораў Ядвігіна Ш., збіралі фальклор. Вучні 1-3 класаў займаліся зборам, распрацоўкай тэрміналогіі мясцовай флоры і фаўны, выдавалі рукапісны часопіс «Жаваранак». Асаблівую папулярнасць меў харавы і музычны гурткі, пад кіраўніцтвам А. Валынчыка, гімназічны хор і аркестр былі вядомыя і па-за Навагрудкам.

Закрыццё ў міжваеннай Польшчы

[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1934 года гімназія закрыта польскімі ўладамі, беларускім гімназістам хто не скончыў вучобы было прапанавана перавесціся ў мясцовую Польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Аднак пераважная большасць (каля 80 %) гімназістаў працягнула вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі. Пераезд гімназістаў у Вільню наладзіў прыехаўшы адтуль Барыс Кіт. Навагрудскіх гімназістаў размясцілі ў інтэрнаце і накіравалі ў адпаведныя класы.

Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) і перадачы Вільні і Віленскага края Літве, літоўскі намеснік міністра асветы Жугжда[ru] (пасля 2-й сусветнай вайны — міністр) катэгарычна пярэчыў існаванню беларускіх школ у Літве. На просьбу беларускай дэлегацыі (Адам Станкевіч, Адольф Клімовіч, Янка Шутовіч) пра адкрыццё беларускіх школ Жугжда сказаў: «Хто хоча вучыцца па-беларуску, няхай едзе на Беларусь». У гэтых умовах большасць вучняў звярнулася да дырэкцыі з просьбай, каб арганізавана пераехаць у Навагрудак, дзе можна было б вучыцца ў мясцовай гімназіі. Барыс Кіт паехаў у Навагрудак, наведаў кіраўніка школьнага аддзела Баранавіцкай акругі Арцемія Саўчанку, які загадаў аднавіць Наваградскую беларускую гімназію ў тым самым будынку, які яе вучні калісьці будавалі. Праз тыдзень удалося перавезці вучняў з Вільні ў Навагрудак, Б. Кіт быў прызначаны дырэктарам гімназіі.

Колькасць вучняў неўзабаве перавысіла 1000, былі адкрыты паралельныя класы. Адкрыліся таксама вячэрнія заняткі для дарослых. Барыс Кіт рупіўся знайсці высокакваліфікаваных выкладчыкаў, у гэты перыяд у гімназіі выкладалі Ст. Станкевіч, Якім Скурат, Аляксандр Орса, Вольга Русак, Э. Залкінд, Л. Барысаглебскі, А. Анішчык і іншыя. Было адкрыта 10 інтэрнатаў для вучняў з далёкіх мясцін. Пры гімназіі адкрылася 7-гадовая школа.

У выніку даносу Уладзіміра Панько (паводле бухгалтара школьнага аддзела Галабурды) загадчыцы РайАНА Гуртаўцовай, што Б. Кіт раней актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным (нацыянал-буржуазным) беларускім руху і не павінен быць дырэктарам савецкай школы, Гуртаўцова выклікала з Мінска на месца дырэктара свайго знаёмага Фелікса Баржэмскага, а Б. Кіта быў прызначаны яго намеснікам. Неўзабаве па гэтым Б. Кіт пераехаў у Баранавічы.

Навагрудская беларуская гімназія працавала і пад нямецкай акупацыяй. Гэты час існавання гімназіі мала асветлены ў беларускай гістарыяграфіі.

Вядомыя педагогі

[правіць | правіць зыходнік]

У гімназіі працавалі педагогі: Ксенія Баландовіч, Аляксандр Данілевіч, Жазефіна Запольская, Аляксандр Орса (доктар прыродазнаўчых навук), Гіта Гецава, Вольга Русак (выкладала нямецкую мову), Наталля Орса, Ніна Трусевіч, Яўген Мілоў, Пётр Якімовіч, Язэп Драздовіч (1927-30, выкладаў маляванне), Міхаіл Чатырка, Пётр Скрабец, Зофія Барановіч, Галіна Ямелкоўская, Глекерыя Мацеўская, Антон Валынчык, Вячаслаў Лаўскі (1930-34, выкладаў матэматыку).

Трохпавярховы мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры будынка праходзіць карніз. Цэнтральная частка фасада вылучана рызалітам, які завершаны прамым атыкам. У рызаліце на трэцім паверсе аконныя праёмы паўцыркульнага абрысу, астатнія аконныя праёмы прамавугольныя без ліштваў. Уваход аформлены парталам з прамым сандрыкам.

Вядомыя навучэнцы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. З Беларускага жыцця. Навагрудак // Наша Будучыня : газета. — 1922. — № 1. — С. 4.
  • Анішчык А., Мірачыцкі Л. Наваградская беларуская гімназія (1919—1934) // Памяць: Навагрудскі раён. — Мн.: «Беларусь», 1996.
  • Анішчык А. Наш зямляк Барыс Кіт // «Новае жыццё». — 1992, 22 жн. № 61.
  • Вабішчэвіч А. М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920 — 1930-яя гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2002. — № 18. — С.78 — 90.
  • Вабішчэвіч А. М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939) // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 2. — С. 38-46.
  • Вабішчэвіч А. М. Беларуская гімназія ў Навагрудку // Наваградскія чытанні. Выпуск ІV: Матэрыялы навуковай канферэнцыі да 950-годдзя г. Навагрудка і 400-годдзя герба горада / Навук. Рэд. В. Ф. Кушнер. — Мн.: Беларускае выдавецкае Таварыства «Хата», 1996. — С. 72-75.
  • Вабішчэвіч А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921—1939). — Брэст, 2004. — 116 с.
  • Луцкевіч А. Ліквідацыя беларускай гімназіі ў Наваградку // Наша Слова. № 31 (1494), 5 жніўня 2020; Паводле: S-wicz. Likwidacja Białoruskiego Gimnazjum w Nowogródku // Pregląd Wileński. № 14, września 1934. S. 4-5. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
  • Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. — Мн.: Народная асвета, 1968. — 624 с.
  • Чэмер А. Наваградская беларуская гімназія. — Вільнюс, 1997. — 133 с.