Акраверш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Акраве́рш — разлічаны на зрокавае ўспрыманне верш, у якім пачатковыя літары вершаваных радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць якое-небудзь слова: прозвішча або імя паэта ці таго, каму верш адрасуецца, нейкае прызнанне, пажаданне, адказ на пастаўленае пытанне і г. д..

Акраверш ў беларускай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Прынцыпы акраверша ўпершыню ў беларускай і ўсёй усходнеславянскай літаратуры выкарыстаў Ф. Скарына, зашыфраваўшы ў тэкстах «Малой падарожнай кніжыцы» (Вільня, 1522) сваё аўтарства: «Делал доктор Скоринич Францискоус».

Акравершы ёсць у М. Багдановіча, У. Дубоўкі, А. Салаўя, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Часам у паэзіі сустракаюцца тэлевершы, у якіх пэўнае слова ці выраз утвараюць апошнія літары вершаваных радкоў. У мезавершах слова ці выраз шыфруюцца ў сярэдзіне вершаваных радкоў і складаюцца ці з асобных літар, што чытаюцца па вертыкалі, ці з асобных частак суседніх словаў або аднаго слова. М. Багдановіч напісаў надзвычай арыгінальны, першы ва ўсходнеславянскай паэзіі «Чацвярны акраверш», што аб’ядноўвае прыметы акраверша, тэлеверша і мезаверша:

«Ах, как умеете Вы, Анна,
Не замечать, что я влюблен.
Но все же шлю я Вам не стон,
А возглас радостный: осанна

У сучаснай беларускай літаратуры ёсць прыклады спалучэння акраверша з іншымі жанрамі. Такім прыкладам міжжанравага сінтэзу з’яўляецца верш Алега Грушэцкага, у якім паэту атрымалася спалучыць прынцыпы акраверша з японскім танку:

«Карыя вочы!
Ад іх не адарвацца.
Цешаць і грэюць.
Як жа шчаслівы штодня
Гэтак вось любавацца».

Калі ўзяць першы вертыкальны радок, то можна заўважыць, што ў гэтым танка-акравершы-прысвячэнні зашыфравана імя і першая літара прозвішча жонкі паэта — Каця Г. (Грушэцкая)[1].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Барысюк, Т.П. Хоку і танка ў сучаснай беларускай паэзіі // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства: зборнік навуковых артыкулаў (да 90-годдзя Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы) / Нац. акад. навук Беларусі [і інш.] / уклад. Н. В. Якавенка; навук. рэд. І. В. Саверчанка. — Мн.: Інстытут літаратуразнаўства НАН Беларусі, ВД «Беларуская навука», 2022. — С. 277. — 507 с. — ISBN 978-985-08-2897-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]