Перайсці да зместу

Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Алесь Дуброўскі)
Алесь Дуброўскі
Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў
Дата нараджэння 18 лістапада 1976(1976-11-18) (47 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці філолаг, багаслоў, прэсвітар, паэт
Мова твораў беларуская
Дэбют «Паміж небам і багнаю» (1997)

Алéсь Дубрóўскі, у публікацыях паэзіі Алéсь Дубрóўскі-Сарóчанкаў; сапр. Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі (нар. 18 лістапада 1976, Навагрудак) — беларускі паэт, філолаг, тэолаг, прэсвітар.

Вершы друкаваліся ў газетах і часопісах, у калектыўных зборніках і анталогіі беларускай паэзіі XX стагоддзя «Краса і сіла».

Аўтар кніг паэзіі «Паміж небам і багнаю» (1997), «Эстэтыка маўчання» (2011), «На тонкай нітачцы» (2021), манаграфіі «Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша» (2006), зборнікаў багаслоўскіх даследаванняў і рэлігійнай публіцыстыкі, укладальнік вучэбных дапаможнікаў.

Член рэдкалегіі часопіса «Бярозка» і навуковага савета зборніка міжканфесійных і міждысцыплінарных даследаванняў «Збожжа».

Біяграфія

Нарадзіўся 18 лістапада 1976 г. у Навагрудку. З 1981 г. жыве ў Мінску.[1]

Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1998), магістратуру (1999) і аспірантуру (2002) па кафедры тэорыі літаратуры, Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь (2003). Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Доктар тэалогіі, прэсвітар.[2]

З 1993 na 1995 год працаваў з перапынкам у рэдакцыі часопіса «Першацвет» (быў старшынёй літаб’яднання і рэдактарам аддзела прозы),[1] настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе (1998), выкладчыкам і загадчыкам вячэрняга аддзялення Тэалагічнага інстытута Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь (2000—2004), дацэнтам кафедры журналістыкі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва (2005—2010), дацэнтам кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (з 2010 года).[2] Звольніўся з БДУ 26 жніўня 2021 года па пагадненні бакоў пасля абвінавачання ў «парушэнні карпаратыўнай этыкі» (падпісанне калектыўных зваротаў супраць гвалту ў Беларусі)[3].

Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў: вершазнаўства, функцыянальная стылістыка, тэорыя рэдагавання.[4]

Член рэдкалегіі часопіса «Бярозка» і навуковага савета зборніка міжканфесійных і міждысцыплінарных даследаванняў «Збожжа»[5].

Літаратурная творчасць

Вершы друкаваліся ў газетах і часопісах «Чырвоная змена» (дэбютная публікацыя ў 1992 годзе), «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Першацвет», «Бярозка» і іншых, у калектыўных зборніках і анталогіі беларускай паэзіі XX стагоддзя «Краса і сіла».

Першы зборнік — «Паміж небам і багнаю» (1997) — выйшаў у Бібліятэцы часопіса «Маладосць». Падзел кнігі на раздзелы зроблены паводле храналагічнага прынцыпу — згодна з часам напісання вершаў — i паводле канцэпцыі кнігі — згодна з логікай духоўнага развіцця лірычнага героя.[6]

Другая кніга — «Эстэтыка маўчання» (2011) — адрозніваецца шырынёй дыяпазону інтанацый: ад іроніі (раздзел «Пародыі без арыгіналаў») да філасофска-багаслоўскай сур’ёзнасці (лірычная паэма «Новае неба»). Праз усю кнігу праходзіць матыў Слова і маўчання.[2] На думку паэткі Вікі Трэнас, «галоўнае ў кнізе — адчуванне няспыннага працэсу мыслення і вельмі датклівага стаўлення да Слова, бо з Яго, як вядома з Бібліі, усё і пачалося.»[7]

Кніга паэзіі «На тонкай нітачцы» выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве «Галіяфы». Яна спалучае ў сабе непасрэднасць светасузірання з глыбінёй філасофскіх абагульненняў.[8]

У 2023 годзе выйшаў зборнік «Літургія часу», у якім біблейская сімволіка робіцца мовай для гаворкі пра сучаснасць.[9][10]

Вершы перакладаліся на рускую мову.

Багаслоўе

Тэма доктарскай дысертацыі па тэалогіі — «Пратэстанцкі фундаменталізм на постсавецкай прасторы: багаслоўская рэфлексія і перспектывы пераадолення» (2015).

Асноўны змест багаслоўскіх тэкстаў А. Дуброўскага — крытыка пратэстанцкага фундаменталізму і даследаванні на памежжы літаратуразнаўства і тэалогіі, напрыклад, кніга «Религия, преодолевающая себя». Фундаменталізму, у прыватнасці, прысвечана кніга «Ревность по вере? Два взгляда на фундаментализм», напісаная ў суаўтарстве са святаром Цімафеем Алфёравым. У ёй А. Дуброўскі разглядае праблему пратэстанцкага фундаменталізму, у той час як Ц. Алфёраў піша ў тым ліку і пра фундаменталізм у праваслаўі.

Найбольшы ўплыў на аўтара зрабілі працы Паўля Ціліха, Ганса Кюнга, Іяхіма Ераміяса, Джэймса Дана, Дэвіда Боша, Н. Т. Райта; у пэўнай ступені — Карла Барта, Дытрыха Банхёфера, Рудольфа Бультмана і інш.

Таксама А. Дуброўскі актыўна звяртаецца да казані. Найбольш публікацый у гэтым жанры — у пецярбургскай газеце «Мирт»,[11] а таксама на старонцы аўтара ў Фейсбуку.

Кнігі

Зноскі

  1. а б Алесь Дуброўскі. Паміж небам i багнаю: Вершы, паэма. — Мінск: Дом прэсы, 1997. — (Бібліятэка часопіса "Маладосць").
  2. а б в Інфармацыйна-бібліяграфічны сектара ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”. Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў(недаступная спасылка). Персаналіі Навагрудскага края. Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (1 лютага 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2021. Праверана 19 жніўня 2021.
  3. 26 жніўня з кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ звольніўся «па пагадненні бакоў» кандыдат філалагічных навук, доктар тэалогіі, дацэнт, паэт і літаратуразнаўца Алесь Дуброўскі.. Хрысціянская візія (28 жніўня 2021).
  4. Александр Владимирович Дубровский - Aliaksandr U. Dubrouski (руск.). Медиалингвистика XXI век. Санкт-Петербургский государственный университет (5 лістапада 2018).
  5. Збожжа: зборнік міжканфесійных і міждысцыплінарных даследванняў. Выпуск 1. Царква, рэформы і Рэфармацыя(недаступная спасылка). Мінск: Медысонт (5 лістапада 2019). Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2021. Праверана 19 жніўня 2021.
  6. Паміж небам i багнаю. Камунікат беларуская інтэрнэт-бібліятэка.
  7. Віка Трэнас. Калі маўчанне — золата. Літаратура і мастацтва №45 (4640), стар. 4. (11 лістапада 2011).
  8. 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: люты. Радыё Свабода (06 люты 2021).
  9. Скарына ❖ Skaryna Press - Літургія часу (недаступная спасылка). www.skarynapress.com. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2023. Праверана 3 верасня 2023.
  10. Міхаліна Мароз. Цуд нязручнасці. Taubin. Праверана 3 верасня 2023.(недаступная спасылка)
  11. Алесь Дубровский (руск.). Интернет-газета «Мирт».

Спасылкі